 | ПАЛIТЫКА |  |

Жонкі рэпрэсаваных палітыкаў праводзяць сустрэчы ў рэгіёнах 11:16, 14/08/2001

"Мая галоўная мэта - пры маiм жыцьцi даведацца, хто выканаў загад забiць майго мужа, бо iмя заказчыка мне вядома", - паведаміла 13 жнiўня на сустрэчы з прадстаўнікамі грамадзкасьці Гародні Людмiла Карпенка, жонка вядомага беларускага палiтыка Генадзя Карпенкi, які памёр пры нявысьветленых абставінах. Людмiла Карпенка назвала сьмерць свайго мужа "палiтычным забойствам".
Міліцыя таксама хоча ведаць праўду? 11:15, 14/08/2001

13 жніўня ў Менску і Бялынічах міліцыя канфіскавала ў членаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі больш за 24 тысячы асобнікаў спэцвыпуску “Народнай волі”, прысьвечанага сямі гадам лукашэнкаўскай ілжы і палітычных рэпрэсыяў, які перавозіўся для распаўсюду на двух аўтамабілях. 
Музычны пікет у Сьветлагорску скончыўся арыштамі 11:14, 14/08/2001, ЗУБР

12 актывістаў руху супраціву ЗУБР зьявіліся 13 жніўня вечарам ля будынку КДБ. Яны дасталі плякат са словамі “Лукашэнку – на пенсыю!”, гітару і пачалі сьпяваць беларускія песьні. Над хлопцамі вісеў бел-чырвона-белы сьцяг. А 9 вечара ўсе ўдзельнікі пікету былі затрыманыя і дастаўленыя ў ГУУС. Праз пару гадзінаў трое непаўнагадовых былі вызваленыя, калі за імі прышлі бацькі, а на дзевяцёх паўнагадовых зуброў склалі пратаколы па арт.167 ч.1 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Яны правялі ноч у камеры. Толькі а 10 раніцы ім уручылі позвы ў суд і адпусьцілі. 
Міжнародная Ліга зьвяртае ўвагу Лукашэнкі на незаконныя вобыскі ў офісах дэмакратычных арганізацыяў 11:13, 14/08/2001

Аўтарытэтная праваабарончая арганізацыя Міжнародная Ліга Правоў Чалавека зьвярнулася зь лістом да прэзыдэнта Лукашэнкі, у якім МЛПЧ дакарае яго ў правакаваньні незаконных рэйдаў на офісы дэмакратычных арганізацыяў Беларусі й канфіскацыі іхняй маёмасьці. Чытайце ніжэй тэкст звароту цалкам. 
Новыя рознагалосьсі паміж ЗША й беларускімі ўладамі 11:12, 14/08/2001

Новыя рознагалосьсі ўзьніклі паміж Дзярдэпартамэнтам і беларускімі ўладамі вакол выбараў прэзыдэнта Беларусі. Беларускія ўлады, нагадаем, адмовіліся дапусьціць на галасаваньне міжнародных назіральнікаў. На думку Дзрждэпу ЗША, прысутнасьць на выбарах назіральнікаў ад АБСЭ дазволіла б “вызначыць ступень іхняй легітымнасьці”. Прыводзім тэкст заявы прэс-сакратара Дзярждэпартамэнту ЗША Рычарда Баўчара цалкам. 
У коле неабыякавых – рэзыдэнцыя Лукашэнкі 11:11, 14/08/2001

“22 жніўня а 17.00 ты можаш ляжаць на дзіване - бо гэта не твайго мужа выкраў “эскадрон сьмерці”. 22 жніўня а 17.00 ты можаш зьехаць на лецішча – бо гэта ня твой бацька заўчасна памёр пры загадкавых абставінах. 22 жніўня а 17.00 ты можаш піць піва з сябрамі – бо гэта не твайго сына кінулі за краты таму, што ён не хацеў стаяці на каленях. Але ці ўпэўненыя вы, што гэтага не адбудзецца з вамі заўтра ці праз год?”, - гаворыцца ў звароце сваякоў рэпрэсаваных беларускіх палітыкаў – Людмілы Карпенкі, Ірыны Красоўскай, Сьвятланы Завадзкай, Тацяны Клімавай, Вольгі Рыгораўны Завадзкай, Сьвятланы Завадзкай, Тацяны Клімавай, якія заклікаюць людзей стаць вакол рэзыдэнцыі Лукашэнкі на Карла Маркса,38 з партрэтамі зьніклых у Беларусі палітыкаў. 
Пікет у падтрымку Валеры Шчукіна ля Жодзінскага СІЗА 11:10, 14/08/2001

правяли 13 жніўня актывісты "Маладога фронту". Акцыя адбылася каля сьценаў Жодзінскага сьледчага ізалятару, у якім Шчукін адбывае трохмесячны арышт. Першапачаткова плянавалася, што маладафронтаўцы арганізуюць прабег ад Менску да Жодзіна. Аднак Менскі аблвыканкам не дазволіў ягонае правядзеньне. Тады група маладых апазыцыянэраў прыбыла ў Жодзіна электрычкай. 
КДБ шукае аўтараў антыпрэзыдэнцкіх лёзунгаў 11:09, 14/08/2001

Супрацоўнікі Упраўленьня КДБ па Гомельскай вобласьці правялі 13 жніўня вобыск у доме, які належыць на правах прыватнай уласнасьці старшыні гомельскага абласнога грамадзкага аб`яднаньня "Грамадзянскія ініцыятывы" Віктару Карнiенку. У дом увайшлі прыкладна 20 чалавек у цывільным. Яны прад`явілі ордэр на вобыск, падпісаны пракурорам Гомельскай вобласьці Алегам Палавінкам. Як высьветлілася, вобыск праводзіцца ў рамках крымінальнай справы, узбуджанай абласным упраўленьнем КДБ па фактах апаганьваньня будынкаў у горадзе антыпрэзыдэнцкімі лёзунгамі. 
Міхаіл Марыніч выступіў са зваротам да жыхароў Менску 11:08, 14/08/2001

"На вас, жыхароў сталіцы, арыентуецца ўся краіна, - гаворыцца ў звароце былога патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты, экс-пасла ў Латвіі, Эстоніі й Фінляндыі Міхаіла Марыніча да жыхароў сталіцы Беларусі. - У Менску найбольш востра адчуваецца напал палітычнай барацьбы і выразна бачныя перспэктывы, якія адкрыюцца з прыходам палітычных i эканамічных свабодаў, дэмакратыі, нармалізацыі адносінаў з сусьветнаю супольнасьцю. Пазыцыя менчукоў ужо на этапе збору подпісаў - сігналь да дэмакратычных пераменаў для ўсёй рэспублікі".
Беларускае тэлебачаньне ў чарговы раз абвінавачваюць у паклёпе 11:07, 14/08/2001

Жыхар горада Барысаву, член Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валеры Кабак 13 жніўня накіраваў скаргу ў праваабарончы цэнтар “Вясна”, а таксама падаў зыск да Беларускага тэлебачаньня і вядучаму праграмы “Рэзананс” Аляксандру Зімоўскаму. Напярэдадні падобны зыск быў пададзены ад АГП і ейнага лідэра Анатоля Лябедзькі. У праграме “Рэзазанс” былі паказаныя сюжэты пра тое, нібы адзін з актывістаў АГП з гораду Барысава за плату ў 500 даляраў ЗША абяцаў тром членам барысаўскага адзьдзяленьня гэтай партыі судзейнічаньне ў атрыманьні палітычнага прытулку ў адной з заходніх краінаў. 
Суд над Лукашэнкам будзе трансьляваць незалежны беларускі канал 11:06, 14/08/2001

На думку вядомага беларускага кінарэжысэра-дакумэнталіста Юры Хашчавацкага, у выпадку перамогі дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах у краіне зьявіцца магчымасьць хуткага стварэньня ўплывовага грамадзкага тэлеканалу. 
Фестываль дакумэнтальнага кіно сутыкнуўся з праблемамі паказу сваіх фільмаў 11:05, 14/08/2001

Прагляд дакументальных фільмаў - лаўрэатаў чэскага фестывалю "Адзіны свет" распачынаецца ў Беларусі 13 жніўня. Па словах экспэрта фонду "Чалавек у бядзе" Враціслава Ржэхака (Чэхія), фільмы фестывалю "Адзіны свет", прысьвечаныя праблемам парушэньня правоў чалавека, на працягу бягучага года былі прадстаўлены ў Чэхіі, Польшчы, Славеніі й Косава. Акрамя таго, як паведаміў спадар Ржэхак, плянуецца правядзеньне гэтай акцыі ў Армэніі, Азэрбайджане і шэрагу іншых краінаў СНД, дзе назіраюцца розныя парушэньні правоў чалавека. Кажучы пра цяжкасьці ў арганізацыі прагляду на тэрыторыі Беларусі, Враціслаў Ржэхак падкрэсьліў, што "з такімі праблемамі арганізатары фестывалю не сустракаліся нідзе, і ў гэтым сэнсе Беларусь зьяўляецца унікальнай краінаю".
36 даляраў ЗША – мінімальны спажывецкі бюджэт у Беларусі 11:04, 14/08/2001

Пастановаю Савету Міністраў са жніўня ўстаноўлены новы памер бюджэту прыжытнога мінімуму БПМ у сярэднем на душу насельніцтва складае зараз 51.946 рублёў (36 даляраў ЗША). 
У Беларусі зьявіўся шанец: зарэгістраваны адзіны кандыдат у прэзыдэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі 11:03, 14/08/2001

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты прайшла сёньня а 10 гадзіне раніцы ў Палацы Рэспублікі. Былі зарэгістраваныя 4 кандыдаты ў прэзыдэнты. Адзіны кандыдат ад шырокай грамадзянскай кааліцыі, старшыня федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімер Ганчарык, лідэр аб’яднаньня “Рэгіянальная Беларусь” Сямён Домаш, старшыня ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч і дзейны прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка. На выхадзе кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў сустракалі больш за 100 чалавек з вялікімі букетамі кветак. Разам зь імі павіншаваць Ганчарыка й Домаша з уручэньнем кандыдацкіх пасьведчаньняў прыйшлі іхнія калегі па “пяцёрцы” Павал Казлоўскі, Міхаіл Чыгір, Сяргей Калякін, а таксама Міхаіл Марыніч і Аляксандар Ярашук. 
У Палацы Рэспублікі адбываецца рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі 11:02, 14/08/2001

Рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі адбудзецца сёньня, а 10.00 у Палацы Рэспублікі. Чакаецца, што адразу пасьля яе зарэгістраваным кандыдатам на пост главы дзяржавы ў залі Палацу Рэспублікі будуць уручаныя кандыдацкія пасьведчаньні. Нагадаем, што зараз на пасаду прэзыдэнта прэтэндуюць чатыры чалавекі – адзіны кандыдат ад шырокай грамадзянскай кааліцыі лідэр Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай Уладзімер Ганчарык, лідэр арганізацыі “Рэгіянальная Беларусь” Сямён Домаш, старшыня ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч і Аляксандар Лукашэнка. У падтрымку ўсіх чатырох прэтэндэнтаў сабрана неабходная колькасьць подпісаў выбаршчыкаў. Акрамя таго, магчымыя кандыдаты прадставілі дэклярацыі аб сваіх даходах і маёмасьці, а таксама дэклярацыі сваякоў. Пра тое, як адбываецца рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі, прэс-цэнтар Хартыі’97 будзе паведамляць у рэжыме on-line. 
Формула перамогі ажыцьцяўляецца: Домаш і Ганчарык падпісалі адкрытае пагадненьне 11:01, 14/08/2001

Пасьля доўгага абмеркаваньня, са спазьненьнем на некалькі гадзінаў, за якія, тыя, хто прыйшоў на ўрачыстае падпісаньне пагадненьня паміж адзіным кандыдатам і шырокай грамадзянскай кааліцыяй, літаральна штурмавалі памяшканьне, дзе адбывалася нарада паміж двума патэнцыйнымі кандыдатамі ў прэзыдэнты і прадстаўнікамі палітычных партыяў і рухаў, а актывісты руху ЗУБР скандавалі “Адзінага!”, “Жыве Беларусь!”, урачыстае падпісаньне пагадненьня, нарэшце, адбылося. Галоўным вынікам сёньняшняга дня стала канчатковае рашэньне двух патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты – Уладзімера Ганчарыка і Сямёна Домаша ісьці на выбары ўдвух, але пасьля рэгістрацыі Сямён Домаш, як і меркавалася, здымае сваю кандыдатуру на карысьць Уладзімера Ганчарыка. Атрымоўваючы назамен гарантыі, што пасьля перамогі на выбарах адзінага кандыдата займае пост прэм’ер-міністра Беларусі. 
|  |
|