Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Адміністрацыя ЗША назірае "шэраг трывожных прыкметаў" таго, што маючыя адбыцца ў верасьні выбары прэзыдэнта Беларусі ня будуць "ні свабоднымі, ні справядлівымі". Аб гэтым заявіла Элізабет Джонс, памочнік Дзяржсакратару па эўрапейскіх справах, адказваючы на пытаньні БелаПАН. Спадарыня Джонс адзначыла, што на працягу апошніх некалькіх тыдняў нападам міліцыі падвергліся няўрадавыя арганізацыі, было захоплена абсталяваньне, якое належыць ЗША, ідзе ціск на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, а апазыцыя па-ранейшаму вымушана спадзявацца на міласьць уладаў у атрыманьні доступу да дзяржаўных СМІ на роўных умовах.
Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з адкрытам лістом да пракурора Гарадзенскай вобласьці Васіля Літвінава і начальніку УКДБ па Гарадзенскай вобласьці Мікалая Свароба і зьвярнула ўвагу чыноўнікаў, што падначаленыя ім структуры ажыцьцяўляюць незаконнае ўмяшальніцтва ў дзейнасьць сродкаў масавай інфармацыі.
Вопіс і канфіскацыя кампутарнай тэхнікі ў рэдакцыі незалежнай газэты “Куцэйна” адбыліся 14 жніўня ў Воршы групаю работнікаў праваааборончых ворганаў горада. У аперацыі прымалі ўдзел намесьнік начальніка Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў Генадзь Зьвярковіч і старэйшы іспэктар гэта ж ведамства Аляксандар Грышчанка, а таксама участковы інспэктар Андрэй Вілюгін. Астатнія асобы ў грамадзянскім адмовіліся прадставіцца, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы, зробленыя рэдактарам газэты Віктарам Андрэевым, прысутнымі журналістамі й прадстаўнікамі праваабарончых арганізацыяў. Таксама ня былі прадстаўленыя якія-небудзь дакумэнты, што санкцыянуюць уварваньне ў кватэру, дзе разьмяшчаецца рэдакцыя.
14 жніўня ў Брэсьце пабывалі Людміла Карпенка і Ірына Красоўская. Па словах жонкі памерлага пры нявысьветленых абставінах Генадзя Карпенкі Людмілы Карпенкі й жонкі зьніклага бізнэсмэна Анатоля Красоўскага, паездкі па Беларусі праводзяцца з мэтаю “зьвярнуцца да народа, каб ён паразважаў пра тое, што адбываецца”. “Мы лічым сябе сілаю, здольнай аказаць уплыў на людзей. Нас радуе тое, што жанчыны актывізуюцца, аб’ядноўваюцца”, - сказала Людміла Карпенка.
Жэраб’ёўка па разьмеркаваньні эфіранага часу паміж кандыдатамі на пасаду главы дзяржавы Сяргеям Гайдукевічам, Уладзімерам Ганчарыкам, Сямёнам Домашам і Аляксандрам Лукашэнкам адбылася 15 жніўня на паседжаньні Цэнтрвыбаркаму. Удзел у гэтай працэдуры прынялі кіраўнікі іхных выбарчых штабаў. Нагадаем, што згодна пастанове ЦВК, кожны з кандыдатаў мае права на два бясплатных паўгадзiнных выступы па беларускім радыё i два - па БТ. Усе выступы будуць трансьлявацца ў запісы.
Інфляцыя ў Беларусі ў ліпені 2001 года склала 1,6%, з пачатку года - 24,4%. Пра гэта паведамілі "Інтэрфаксу" ў міністэрстве статыстыкі рэспублікі. Узровень інфляцыі ў ліпені дасягнуў самага нізкага значэньня са жніўня 1997 года. Сяреднемесячная інфляцыя ў студзені-ліпені была 3,17%. Пры гэтым грашовая маса ў ліпені павялічылася на 2,6% (12,4% у чэрвені), у той час, як аб’ём наяўных грошай у звароце ў ліпені спаў на 4,4% (у чэрвені вырас на 27,9%). Спажывецкія кошты ў чэрвені вырасьлі на 2,1%.
Са спазьненьнем на некалькі тыдняў Міністэрства замежных справаў Беларусі, нарэшце, накіравала сёньня запрашэньні назіральнікам Арганізацыі па бясьпецы й супрацоўніцтву ў Эўропе для назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі 9 верасьня 2001 года. Нагадаем, што два тыдні таму ў парушэньні сваіх міжнародных абавязацельстваў, урад Беларусі адмовіў у выдачы візаў групе назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ, якія плянавалі пачаць працу ў Беларусі 1 жніўня. Адтэрміноўку накіраваньня запрашэньня назіральнікам ад АБСЭ, якая перашкодзіла эфектоўнаму міжнароднаму назіраньню за выбарамі, асудзілі ўсе ўплывовыя міжнародныя структуры – АБСЭ, Дзярждэп ЗША, Эўразьвяз, ПАСЭ.
Бяспрэцэндэнтнае па сваёй жорсткасьці зьбіцьцё ўдзельнікаў пікету, якія патрабавалі адказу на пытаннi аб зьніклых у Беларусі вядомых людзях, адбылося 14 жніўня ў Магілёве. Не пасьпелі актывісты моладзевага руху супраціву ЗУБР разьвярнуць партрэты Юры Захаранкі, Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара й Зьміцера Завадзкага, як на іх наляцелі супрацоўнікі АМАПу і пачалі жорстка зьбіваць пікетчыкаў. АМАП не спыніўся нават перад сталым жыхаром Магілёву, інвалідам 2 групы, які проста стаяў у баку і не прымаў удзелу ў пікеце. Яго білі галовой аб асфальт, валачылі па зямлі. У аднаго з удзельнікаў пікету вывіхнулі руку. Хлопца білі галавой аб багажнік аўтамабілю. Больш за 17 чалавек запіхнулі ў аўтобус і адвезьлі для разьбіральніцтва ў гарадзкі адзьдзел міліцыі. Толькі праз некалькі гадзінаў пікетчыкаў адпусьцілі.
Вось ужо трэці дзень галадаюць чатыры жыхаркі Бабруйску, якія патрабуюць іх вяртаньня на працоўныя месцы і прадастаўленьня жыльля. Перамовы з камісіяй Камітэту дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласьці не прынесьлі істотных вынікаў. Супрацоўнікі дзяржкантролю прапанавалі ім спыніць галадоўку і дачакацца верасьня, калі, магчыма, будзе разгледжана іхняе пытаньне. Але жанчыны не здаюцца і вось ужо трэці дзень стаяць на плошчы перад выканкамам з патрабаваньнем абараніць іхныя правы. Нягледзячы на пагрозы з боку міліцыі, яны маюць намер галадаць да перамогі.
За час знаходжаньня ў Жодзінскім сьледчым ізалятары дэпутат Вярхоўнага Савету, журналіст і праваабронца Валеры Шчукін атрымаў тры вымовы за парушэньне правілаў унутранага распарадку – за непадпарадкаваньне супрацоўнікам калёніі, адмову згаліць бараду, напісаньне тэкстаў па начах. Учора, як паведамляе Радыё Свабода, адбыўся выпадак, які літаральна раззлаваў адміністрацыю калёніі – у Шчукіна знайшлі палову ляза. За гэтыя парушэньні, згодна правілам унутранага распарадку, 60-гадовы Валеры Шчукін можа трапіць у штрафны ізалятар.
Менавіта так можна ахарактарызаваць тых персанажаў, якіх беларускі рэжым запрашае ў нашую краіну ў якасьці “міжнародных назіральнікаў” за выбарамі прэзыдэнта. У паўтор вопыту выбараў у “палатку” увосень мінулага году, улады самі назвалі “назіральнікамі” некалькі дзесяткаў замежных грамадзянаў, хоць статус афіцыйнага замежнага назіральніка маюць па ўсім сьвеце толькі прадстаўнікі структураў АБСЭ – Бюро па дэмакратыі і правох чалавека (БДІПЧ) і іншых. Ад нашых сяброў у Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі сталі вядомыя імёны тых, хто ў гэтую восень спрабуе легітымізаваць Лукашэнку. Гэтыя людзі прыедуць у Беларусь і будуць запэўніваць увесь сьвет у тым, што мясцовыя ўлады не парушаюць правы чалавека, захоўваюць свабоду слова і г.д. Дадзены сьпіс папаўняецца – сачыце за нашымі штодзённымі абнаўленьнямі.
Пасьля чатырохгадзіннага вобыску супрацоўнікі Гомельскага ўпраўленьня КДБ канфіскавалі ў доме старшыні вабласнога грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктара Карніенкі 6 кампутараў, дыскеты да іх, 3 друкаркі, капіравальны апарат, сканэр і рататар.
У дзень прэзыдэнцкіх выбараў паралельны падлік галасоў адбудзеццца прыкладна на 500 выбарчых вучастках. Пра гэта на прэс-канферэнцыі, якая адбылася 14 жніўня ў Менску, паведамілі ўдзельнікі грамадзянскай ініцыятывы “Незалежнае назіраньне”. Кіраўнік грамадзкага аб’яднаньня “Вясна” Алесь Бяляцкі паведаміў, што колькасьць незалежных назіральнікаў, якія будуць прымаць удзел у назіраньні за выбарамі, расьце і набліжаецца да 15 тысячаў. Яны маюць намер забясьпечыць сумленнасьць і празрыстасьць правядзеньня выбараў на шасьці з паловаю тысячах выбарчых вучастках. “Нашымі назіральнікамі па ўсёй тэрыторыі Беларусі павінна быць закрыта 85-90 адсоткаў вучасткаў. Мы ня ставім якіхсьці рэвалюцыйных задачаў, а працуем у рамках закону аб выбарах”, - сказаў Бяляцкі.
З 14 жніўня зацьверджаны свабодныя аптовыя кошты на нафтапрадукты, якія адгружаюцца канцэрнам “Бенафтахім”, і розьнічныя кошты на нафтапрадукты, што рэалізуюцца праз АЗС прадпрыемствамі канцэрну. Кошты вырасьлі на асноўныя нафтапрадукты ў сярэднем на 3,35 адсоткі. А ў агуле з часу апошняга павышэньня (24 ліпеня 2001 года) кошты вырасьлі на 5 адсоткаў.
Расея плянуе прадаставіць крэдыт Беларусі ў 2002 годзе на суму ад 40 да 70 мільёнаў даляраў на падтрыманьне курсу нацыянальнай валюты, паведаміў віцэ-прэм’ер РФ, міністар фінансаў Аляксей Кудрын у аўторак журналістам. Па ягоных словах, выдзяленьне гэтага крэдыту прадугледжана ў падрыхтаваным Мінфінам праэкце бюджэту на 2002 год у разьдзеле прадастаўленьня крэдытаў СНД.
Галоўная задача рэфармаваньня беларускай арміі на бліжэйшыя 10 гадоў - стварэньне войскаў тэрытарыяльнай абароны. Як паведаміў журналістам на брыфінгу начальнік аператыўнага ўпраўленьня Галоўнага штабу Ўзброеных сілаў Беларусі Пётр Ціханоўскі, мэтай стварэньня новых фармаваньняў стане забесьпячэньне бясьпекі рэгіёнаў краіны.