Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
БАЖ пратэстуе супраць уціску КДБ на незалежныя выданьні 11:15, 15/08/2001
Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з адкрытам лістом да пракурора Гарадзенскай вобласьці Васіля Літвінава і начальніку УКДБ па Гарадзенскай вобласьці Мікалая Свароба і зьвярнула ўвагу чыноўнікаў, што падначаленыя ім структуры ажыцьцяўляюць незаконнае ўмяшальніцтва ў дзейнасьць сродкаў масавай інфармацыі.
“Так, - канстатуе БАЖ, - у траўні 2001 года ўсіх супрацоўнікаў газэты “Пагоня” выклікалі ў адзьдзел барацьбы з тэрарызмам мясцовага УКДБ для тлумачэньняў у сувязі з публікацыяй “Інтэграсты ў Гародню не прыедуць”. У гэтым артыкуле ў якасьці ілюстрацыі прыводзіліся вытрымкі з так званай заявы да гэтага часу невядомай Рады камандзіраў беларускай нацыянальнай самаабароны. Супрацоўнікі КДБ цікавіліся ня столькі інфармацыяй пра гэтую заяву, колькі пытаньнямі дзейнасьці арганізацыі. Некаторых журналістаў выклікалі ў КДБ па тры разы.
7 жніўня супрацоўнік КДБ запрасіў на “канфідэнцыяльную размову” журналіста “Пагоні” Паўла Мажэйку. Гэтую размову журналіст ацаніў як “спробу звычайнай вярбоўкі ці ўскоснага запужваньня”. Супрацоўнік КДБ, у прыватнасьці, адзначыў, што “хоць закрыцьцё газэты не ўваходзіць у кампетэнцыю КДБ, аднак для гэтага існуюць адпаведныя ворганы.
Ужо на наступны дзень галоўнага рэдактара газэты Мікалая Маркевіча выклікаў намесьнік пракурора вобласьці, які заявіў, што будзе рыхтаваць матэрыялы для закрыцьця “Пагоні”.
БАЖ заяўляе, што “такога кшталту факты сьведчаць аб выкарыстаньні праваахоўчых ворганаў для ўціску на незалежніцкую прэсу, што зьяўляецца парушэньнем свабоды слова і забараняецца законам (арт.48 Закону “Аб друку й іншых сродках масавай інфармацыі”)”.
БАЖ пратэстуе супраць спробаў ворганаў КДБ весьці вярбоўку журналістаў і патрабуе спыніць умяшальніцтва ў дзейнасьць незалежных друкаваных выданьняў.
Асацыяцыя журналістаў просіць пракурора вобласьці й начальніка УКДБ па Гарадзенскай вобласьці правесьці службовае расьследаваньне фактаў, згаданых у лісьце, і прыцягнуць віноўных да ўсталяванай законам адказнасьці.