Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Адміністрацыя ЗША апасаецца, што маючыя адбыцца выбары ў Беларусі ня будуць ні свабоднымі, ні справядлівымі 11:16, 15/08/2001
Адміністрацыя ЗША назірае "шэраг трывожных прыкметаў" таго, што маючыя адбыцца ў верасьні выбары прэзыдэнта Беларусі ня будуць "ні свабоднымі, ні справядлівымі". Аб гэтым заявіла Элізабет Джонс, памочнік Дзяржсакратару па эўрапейскіх справах, адказваючы на пытаньні БелаПАН. Спадарыня Джонс адзначыла, што на працягу апошніх некалькіх тыдняў нападам міліцыі падвергліся няўрадавыя арганізацыі, было захоплена абсталяваньне, якое належыць ЗША, ідзе ціск на незалежныя сродкі масавай інфармацыі, а апазыцыя па-ранейшаму вымушана спадзявацца на міласьць уладаў у атрыманьні доступу да дзяржаўных СМІ на роўных умовах.
На думку Элізабет Джонс, для стварэньня роўных умоваў кантролю за выбарамі беларускім уладам неабходна забясьпечыць прадстаўніцтва апазыцыі ў выбарчых ворганах ад мясцовага ўзроўню да Цэнтрвыбаркаму. У той жа час, па ейных словах, "прадстаўніцтва беларускай апазыцыі ў цэнтральнай і мясцовых выбарчых камісіях нельга нават назваць нікчэмным".
Паводле словаў высокага прадстаўніка вашынгтонскай адміністрацыі, падчас дыпляматычных кантактаў зь беларускімі афіцыйнымі асобамі Злучаныя Штаты дэталёва абмеркавалі практычныя крокі, якія неабходна зрабіць уладам Беларусі ў рамках дзеючага заканадаўства для забесьпячэньня адпаведнасьці выбараў іх жа абавязацельствам перад АБСЭ. "Мы лічым, што менш чым за месяц да выбараў беларуская грамадзкасьць павінна мець магчымасьць абмеркаваць погляды кандыдатаў на будучае Беларусі, а не станавіцца сьведкам таго, як апазыцыя пазбаўляецца магчымасьці канкурыраваць на роўных", - заявіла Элізабет Джонс.
Урад ЗША неаднаразова заяўляў, што ён гатовы прызнаць вынікі свабодных і справядлівых прэзыдэнцкіх выбараў, праведзеныя на падставе нормаў і стандартаў, выконваць якія Беларусь абавязалася ў рамках АБСЭ. "Вынікі выбараў, праведзеных у адпаведнасьці з гэтымі нормамі, будуць прызнаны ўрадам Злучаных Штатаў незалежна ад таго, хто атрымае перамогу - Аляксандр Лукашэнка ці хто іншы, - нагадала Э.Джонс. - На жаль, пакуль выбарчы працэс гэтым нормам не адпавядае".