Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Перарэгістрацыя суб’ектаў гаспадараньня прынесла адныя страты 11:02, 16/08/2001
Эканамічныя страты дзяржавы ад перарэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня ўжо склалі больш за 10 мільёнаў даляраў. Для кожнай асобнай арганізацыі ўпарадкаваньне ўстаноўчых дакумэнтаў ў адпаведнасьці з новымі правіламі ў сярэднім абыйшлося ў 270 тысячаў рублёў. Выдаткі на стратнае мерапрыемства непазьбежна паўплывалі на павелічэньне коштаў на спажывецкім рынку і бязвыплатную згубу 10-ці працоўных дзён.
Як паведамляе “БДГ”, у большасьці выпадкаў свае матэрыяльныя й часовыя выдаткі суб’екты гаспадараньня (а іх, па дадзеных Мінстату Беларусі, 95 тысячаў) кампенсавалі за кошт павялічэньня сабекошту вырабляемых тавараў і паслугаў, што непазьбежна паўплывала на павелічэньне коштаў на спажывецкім рынку.
Што да даходу дзяржавы, то 10 мільярдаў рублёў, атрыманыя з улікам рэгістрацыйнай платы і аплаты натарыяльных паслугаў, былі фактычна зьведзеныя да нуля недаатрыманьнем УВП з-за стартаў працоўнага часу на перарэгістрацыю. Варта таксама ўлічыць, што ад гэтай сумы казна недаатрымала амаль 50% (25% - падатак на прыбытак, 20% - ПДВ, 4,9% - адзіны плацеж), бо сродкі, выдаткаваныя на перарэгістрацыю і ўключаныя ў сабекошт прадукцыі, не абкладаліся падаткамі.
У адваротным выпадку, па ацэнках экспэртаў “БДГ”, бюджэт атрымаў бы дадаткова мінімум 12680,5 млн. рублёў. Гэта значыць, эканамічная шкода ў маштабах рэспублікі ад перарэгістрацыі склала прыкладна USD 9,7 млн. І гэта калі ня ўлічваць прамых выдаткаў на арганізацыю перарэгістрацыі. Экспэртам рэальная лічба ўяўляецца мінімум у 1,5-2 разы большай.