Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
БГК заяўляе пра магчымую фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня 11:06, 16/08/2001
Беларускі Гэльсінкскі камітэт, а таксама грамадзяне Гары Паганяйла і Алег Гулак падалі зыскавую заяву ў Вярхоўны Суд да Цэнтрвыбаркаму аб прызнаньні несапраўдным акту дзяржаўнага воргану. На паседжаньні ЦВК ад 8 жніўня ўстаноўленыя формы пратаколаў участковых і тэрытарыяльных выбарчых камісіяў аб выніках галасаваньня па выбарах прэзыдэнта, якія, на думку заявіцеляў, не адпавядаюць патрабаваньням арт.55 Выбарчага кодэксу, парушаюць правы ўдзельнікаў выбарчага працэсу на поўную, адкрытую, праўдзівую перадачу вынікаў галасаваньня і ствараюць умовы для іх магчымай фальсыфікацыі.
Так, у пратаколе прадугледжана адлюстраваньне толькі суміраванага падліку галасоў на падставе бюлетэняў, што знаходзяцца ва ўсх скрынях для галасаваньня. Між тым, у ч.2 арт.55 ВК указана, што “адкрыцьцё скрыняў для галасаваньня й падлік галасоў пры правядзеньні выбараў, рэферэндуму ажыцьцяўляюцца пачаргова: спачатку падлічваюцца бюлетэні, якія знаходзяцца ў скрыні для датэрміновага галасаваньня, пасьля ў скрынях пры галасаваньні па месцу знаходжнаьня выбаршчыкаў, участнікаў рэферэндуму, і пасьля гэтага ў скрынях для галасаваньня ў дзень выбараў, рэферэндуму ў памяшканьні ўчастка для галасаваньня”, “...пры выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ...падлік галасоў на ўчастку для галасаваньня адбываецца асобна па кожным кандыдаце ў Прэзыдэнты”.
Заканадаўца абавязкова патрабуе занясеньня ў пратакол дадзеных, якія адлюстроўваюць паасобкавы падлік галасоў па бюлетэнях, якія знаходзяцца ў скрынях для галасаваньня і адкрываюцца пачаргова.
Зацьверджаная пастановаю Цэнтральнай камісіi форма пратаколу ўчастковай камісіі ня ўтрымлівае ў сабе дадзеных аб пачарговым адкрыцьці скрыняў для галасаваньня і паасобкавым падліку галасоў, што супярэчыць прадпісаньням арт.55 ВК.
Паасобнае, а пасьля суміраванае адлюстраваньне дадзеных падліку галасоў ў пратаколе ўчастковай камісіі павінна карэспандзіравацца з першаснымі дакумэнтамі, якія ёсьць ў гэтай камісіі, але якіх няма ў тэрытарыяльных камісіях. Менавіта наяўнасьць гэтых першасных дакумэнтаў і адпаведныя пратаколы аб ўстанаўленьні вынікаў галасаваньня могуць дазволіць выявіць памылкі (у некаторых выпадках – фальсыфікацыі) па выніках падліку галасоў на ўчастку, правесьці пры неабходнасьці паўторны падлік галасоў і ліквідаваць памылкі або прызнаць выбары па асобных участках для галасаваньня несапраўднымі.
Такім чынам, важнасьць пасьлядоўнага і поўнага правядзеньня паасобкавага, а пасьля й сумаванага ўстанаўленьня дадзеных пры падліку галасоў, прадугледжаных арт.55 ВК, і адлюстраваньне іх у пратаколі ўчастковай камісіі бяспрэчна і вынікае з патрабаваньняў закону.
БГК па выніках маніторынгу выбараў дэпутатаў “палаты прадстаўнікоў” зьвярнуў увагу ЦВК на аналягічнае ўпушчэньне ці сьвядомую дэзынфармацыю форму пратаколу ўчастковай камісіі аб выніках галасаваньня і ўнёс адпаведныя прапановы аб ліквідацыі парушэньняў дзейснага заканадаўства. Аднак апублікаваныя ў зборніку Цэнтральнай камісіі зацьверджаныя ёй формы пратаколу, як і раней, не адказваюць патрабаваньням арт.55 ВК.
Не былі падтрыманымі й просьбы БГК, накіраваныя ў Адміністрацыю прэзыдэнта, Савет Міністраў, Вярхоўны суд і Вышэйшы Гаспадарчы Суд, а таксама ў Канстытуцыйны Суд Беларусі аб праверцы адпаведнасьці формы пратаколу ўчастковай камісіі патрабаваньням арт.55 ВК.
Адсутнасьць дзеяньняў да ліквідацыі грубага парушэньня закону ў адной з самых важных сфэраў выбарчага працэсу – паліку галасоў на ўчастку для галасаваньня, дае ўсе падставы БГК сцьвярджаць пра магчымую фальсыфікацыю вынікаў галасаваньня.