Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
АРЦІКЛЬ 19 выказвае пратэст уціску КДБ на незалежную прэсу 11:03, 20/08/2001
АРЦІКЛЬ 19, Сусьветная кампанія за свабоду слова, зьвярнулася з адкрытым лістом да пракурора Гарадзенскай вобласьці Літвінаву, у якім выказала сваю занепакоенасьць ростам колькасьці выпадкаў ушчамленьня свабоды СМІ ў Гародні, выкліканых дзеяньнямі КДБ, а ў асаблівасьці з тымі, якія накіраваныя супраць недзяржаўнай газэты “Пагоня”.
“Згодна атрыманай намі інфармацыі, - піша каардынатар Эўрапейскай праграмы АРЦІКЛЬ 19 Федэрыка Прына, - у траўні 2001 г. усе супрацоўнікі гарадзенскай газэты “Пагоня” былі выкліканы у аддзел па барацьбе з тэрарызмам у мясцовае аддзяленьне КДБ для допыту адносна артыкула пад назовам “Інтэграсты ў Гародню не паедуць”, апублікаванай у нумары газэты за 10 траўня 2001 г. У артыкул была ўключана заява да гэтага часу невядомай арганізацыі Савету камандзіраў беларускай нацыянальнай самаабароны, у якім утрымлівалася пагроза членам Парлямэнцкай Асамблеі Саюзу Расеі й Беларусі. Сход Асамблеі павінен быў прайсьці ў Гародні ў канцы траўня. Падчас допыту агенты КДБ задавалі пытаньні журналістам аб паходжаньні згаданага дакумэнту, а таксама пра структуру й дзейнасьць газэты.
Пазьней, 7 жніўня, супрацоўнік КДБ выклікаў для допыту ў сваё аддзяленьне журналіста “Пагоні” Паўла Мажэйку, падчас якога агент нібы спрабаваў завербаваць журналіста. Таксама, па сьведчаньнях, агент нібы сказаў: “Хоць закрыцьцё газэтаў не ўваходзіць у кампэтэнцыю КДБ, але для гэтага існуюць адпаведныя ворганы”. Больш таго, 8 жніўня рэдактар “Пагоні” Мікалай Маркевіч быў выкліканы ў мясцовы офіс намесьніка пракурора Гарадзенскй вобласьці, дзе яму паведамілі, што газэта “Пагоня” будзе зачынена.
Як мінімум, дзеяньні КДБ парушаюць артыкул 48 Закону аб друку, якая забараняе “ушчамленьне свабоды масавай інфармацыі праз умяшальніцтва ў дзейнасьць й парушэньне прафэсыйнай самастойнасьці” рэдакцыі й журналістаў.
Таксама іхныя дзеяньні супярэчаць міжнародным абавязацельствам Беларусі па артыкулу 19 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), які вызнае права кожнага на свабоду слова, уключна са “свабодаю пошуку, артыманьня й перадачы інфармацыі й ідэяй любога роду, ня гледзячы на межы, у вуснай, пісьмовай ці друкаванай формах...”
Меры, якія прадпрымаліся КДБ з мэтаю запужваньня зьяляюцца цалкам не адэкватнымі. У міжнароднай практыцы шырока ўхваляецца, зь некаторымі, вузка акрэсьленымі выключэньнямі, права публікаваць матэрыялы, нават калі яны шакіруюць, крыўдзяць ці выклікаюць непакой чытачоў.
Умяшальніцтва КДБ ў працу незалежных СМІ на тэрыторыі ўсёй краіны стварае атмасфэру страху й не дазваляе СМІ выконваць сваю функцыю, якая заключаецца ў розных пунктах гледжаньня ў грамадзтве й служыць механізмам уціску незалежных меркаваньняў”.
У выніку Сусьветная кампанія ў абарону свабоды слова заклікае ўлады неадкладна спыніць застрашэньне журналістаў і пачаць актыўны ўдзел у судзействе стварэньню ўмоваў, у якіх незалежыя СМІ маглі б пасьпяхова займацца сваёй прафэсыйнай дзейнасьцю.