Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Камуністы падтрымалі адзінага кандыдата ў прэзыдэнты 11:05, 20/08/2001
Партыя камуністаў Беларуская будзе падтрымліваць на прэзыдэнцкіх выбарах адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Уладзімера Ганчарыка. Такое рашэньне прынята 18 жніўня на пленуме ЦК ПКБ. Такім чынам, кіраўніцтва партыі падтрымала рашэньне, раней прынятае ейным лідэрам Сяргеем Калякіным і ўхваленае бюро ЦК.
Пленум ЦК ПКБ пастанавіў усім сваім арганізацыям і выбарчым ворганам партыі усіх узроўняў мабілізаваць існуючыя ў іхным распараджэньні ідэйна-палітычныя і арганізацыйна-тэхнічныя рэсурсы для аказаньня эфектоўнай падтрымкі Уладзімеру Ганчарыку. Для гэтага ўсім сакратарыятам ЦК, абласным, гарадзкім і раённым камітэтам партыі прадпісана забясьпечыць удзел сваіх прадстаўнікоў у цэнтральным і рэгіянальных аб,яднаных выбарчых штабах адзінага кандыдата. Гарадзкім і раённым камітэтам ПКБ даручана сфармаваць мабільныя групы з ліку камуністаў і прыхільнікаў партыі для працы ў перыяд агітацыі, а таксама падрыхтаваць і накіраваць сваіх назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі ў дзень галасаваньня. Апрача таго, усім партыйным арганізацыям рэкамендавана ўзяць удзел у падрыхтоўцы й правядзеньні сустрэч Уладзімера Ганчарыка i яго давераных асобаў з выбаршчыкамі, а таксама выкарыстоўваць у перыяд выбарчай кампаніі наяўныя паўнамоцтвы і магчымасьці для прапаганды мэтаў і задачаў партыі, папулярызацыі сярод насельніцтва адзінага кандыдата.
Пленум таксама прыняў зварот Цэнтральнага камітэта ПКБ да народа Беларусі. У ім камуністы заклікаюць усіх грамадзян прагаласаваць 9 верасня за Уладзімера Ганчарыка. Лідэры ПКБ перакананыя ў тым, што толькі перамога Ганчарыка на прэзідэнцкіх выбарах дазволіць аднавіць дэмакратычную сістэму ўлады ў краіне, створыць умовы для ўздыму эканомікі, забясьпечыць абарону асноўных правоў і свабод грамадзян, актывізуе інтэграцыйны працэс з Расеяй і іншымі краінамі СНД, а таксама дапаможа нармалізаваць стасункі Беларусі з міжнароднай супольнасьцю.