Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Наведвальнік сайту Хартыі’97 Зьміцер Бурбуць апублікаваў на форуме нашага сайту зварот да журналістаў Беларускай тэлевізіі, якая штодзённа вылівае патокі хлусьні й бруду на ўсіх, хто ня згодны зь дзеяньнямі сёньняшняй улады. Вось тэкст гэтага звароту:
Не разумею вас, спадарства. Не ра-зу-мею. Тое, чым частуеце вы беларускіх телегледачоў, проста наводзіць жах.
І гэта пры тым, што вы служыце люстэркам дзяржавы, ворганам, які павінен максымальна дакладна і сумленна (ведаеце такое слова?) распавядаць пра тое, што адбываецца ў краіне. Адкуль, адкуль у вас столькі нянавісьці, нецярпімасьці да чужога меркаваньня, якое йдзе насуперак з прынятым у вас на тэлевізіі пастулатам “гаспадар заўсёды правы”? Я разумею, што вы працуеце ў сваёй большасьці “з-пад палкі”, што шмат у чым гаротныя датацыі, якія дае вам дзяржава, трэба неяк адпрацоўваць. І вы адпрацоўваеце. І выкарвыстоўваеце магчымасьці дзяржаўнага рэсурсу на ўсю моц.
Вашыя журналісты і аналітыкі (на чале з Зімоўскім), карыстаючыся сваёй беспакаранасьцю, вядуць самую сапраўдную вайну з іншадумствам. І робяць гэта мярзотна. Узяўшы на ўзбраеньне горшыя рысы Дарэнкі як рэпарцёра, вы, адкрытым хамствам, ілжывым патрыятызмам, меркантыльным раздуцьцём праблемаў загнанай у тупік апазыцыі спрабуеце затуманіць грамадзянскі гонар беларускага народу, ягоную здольнасьць мысьліць і адэкватна рэагаваць на наступствы знаходжаньня Лукашэнкі пры ўладзе.
Але што больш за ўсё пужае, так гэта тое, што найбольш старанныя сярод вас абаронцы й рупоры рэжыму падобна вераць у тое, што кажуць. Паглядзець у вочы Зімоўскаму, так проста страшна становіцца за чалавека – няўжо ён такі нячулы, няўжо яму падабаецца хлусіць сваім блізкім? Чорт яго бяры, вы ж адукаваныя людзі, з вышэйшай адукацыяй, вы трымаеце руку на інфармацыйным пульсе краіны – і няўжо вы сьляпыя?! Ці вы здольныя казаць праўду толькі на кухнях з уключанай вадою і заглушаеце гарэлкаю зьедлівае знутры сумленьне?! У такім выпадку вы не журналісты – вы гіены. Дзе ёсьць ежа, там вы сытыя і, адпаведна, моцныя. А што адбываецца вакол вас – не істотна. Руку, якая час ад часу кідае вам кус мяса, трэба лізаць. І брахаць на тых, хто больш слабы. Рука абароніць. Трэба толькі лізаць больш старанна.
І яшчэ. Гэта як да прафэсыяналаў (нібыта). Вы самі сваю тэлевізію ці глядзіце? Гэта ж нейкая перадавіца калгасу “Красный богатырь” траццацігадоўвай даўніны! Думаеце людзям, якія жывуць у 21 стагодзьдзі, якія ведаюць што такое спадарожнікавая тэлевізія, інтэрнэт, лічбавыя тэхналёгіі, цікава якія надоі маюць каровы сёлета?! Не, натуральна, што асноўны электарат Лукашэнкі той самы калгас, людзі малаграматныя і інфармацыяй (сапраўднай!) абдзеленыя, і ім прыемна глядзець на свае вёскі й калгасы (раптам мяне пакажуць!).Таму яны і падтрымоўваюць гэты рэжым, які з любоўю дэманструе “дасягненьні” сельскай гаспадаркі, а не паказвае малазразумелыя для вясковага менталітэту праграмы хоць бы расейскага ўзроўню. Але...сорамна перад журналістамі той самай Расеі, сорамна!
Вам жыць, спадарства, і вам вырашаць, як вам жыць.