Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пад пагрозаю зрыву выпуск незалежных газэтаў 11:10, 23/08/2001
Рэдактары вядомых незалежных выданьняў Беларусі “Народнай волі” і “Нашай Свабоды” правялі прэс-канферэнцыю, на якой выказалі пратэст рэпрэсыўным дзеяньням уладаў, якія на незаконных падставах арыштавалі абсталяваньне прыватнай друкарні “Мэджык”, што паставіла пад пагрозу зрыву выпуск ня толькі “Народнай волі” і “Нашай свабоды”, але й шаснаццаці рэгіянальных незалежных газэтаў. Як заявіў Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар “Народнай волі”, учора ў друкарні было надрукавана ўсяго дзесяць замест 45 тысячаў накладу “Народнай волі”. Наступны выпуск газэты можа наогул ня ўбачыць сьвет. Зрываецца друк спэцвыпуску “Народнай волі”, прысьвечаны прэзыдэнцкім выбарам. Ён мусіў быць надрукаваным сёньня. Друк спэцвыпуску газэты “Рабочы” ўжо сарваны.
Абсталяваньне друкарні “Мэджык” было апячатана яшчэ ўчора Камітэтам па фінансавых расьсьледаваньнях. Тады ж былі замарожаныя ўсе рахункі друкарні. Падставаю для гэтага стала вызначэньне вышэйшага Гаспадарчага суда на арышт абсталяваньня “Мэджыка”. Але, акрамя таго, што канфіскацыя абсталяваньня ні ў якім выпадку ня можа прайсьці ўсяго толькі па вызначэньні ВГС, а толькі па ягоным рашэньні, праца “Мэджык” была паралізаваная з сувязі са справаю год таму, у свой час выйгранай(!) “Мэджыкам” у тым самым Гаспадарчым судзе. Год таму Камітэт фінансавых расьсьледаваньняў прызнаў адну зьдзелку “Мэджыка”, якая датычыць паперы, несапраўднай і патрабаваў ад друкарні аплаціць штраф у суму 30 мільёнаў рублёў. У адказ “Мэджык” падаў у суд на Камітэт фінансавых расьсьледаваньняў. Пасьля разьбіральніцтва ВГС прызнаў, што “Мэджык” правы.
І вось зараз, гэта справа, што мела месца год таму, стала повадам для закрыцьця друкарні, у якой друкуецца большасьць незалежных газэтаў. Больш таго, на базе “Мэджыка” разьмяшчаецца друкарня “Знамение”, якая друкавала прадвыбарчыя ўлёткі адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі. Прычым улёткі не якія-небудзь падпольныя, а афіцыйныя, прадугледжаныя выбарчым заканадаўствам. Да таго ж, неабходна зазначыць, што канфіскаванае ў “Мэджыка” абсталяваньне, не зьяўляецца ўласнасьцю друкарні. Канфіскаваная папера належыць выданьням, што друкаваліся ў “Мэджыку”.
Рэдактары “Народнай волі” і “Нашай Свабоды” расцэньваюць супрацьпраўныя дзеяньні ўладаў як чарговы спосаб уціску на незалежную прэсу напярэдадні выбараў. Улада любым шляхам спрабуе спыніць распаўсюд аб’ектыўнай інфармацыі аб тым, што адбываецца ў краіне. Размова йдзе пра адзінага кандыдата ад шырокай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка. І пра чарговыя доказы датычнасьці беларускіх уладаў да выкраданьняў і забойстваў вядомых у Беларусі людзей.