Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Працягваюцца акцыі застрашэньня палітычных апанентаў 11:13, 23/08/2001
Былы намасьнік сакратара Савету бясьпекі Беларусі, генэрал-маёр запасу Валеры Кез позна вечарам 21 ліпеня быў зьбіты групаю невядомых асобаў. Ужо некалькі гадоў Валеры Кез працуе ў Маскве. У Менск ён прыехаў для ўдзелу ў працы 5-га Кангрэсу дэмакратычных сілаў і ўстаноўчы з`езд арганізацыі «За новую Беларусь».
Па словах Валеры Кеза, ён вяртаўся дадому праз раён новабудоўлі, разьмешчанай паміж вуліцамі Парніковай і Філімонава. На адной з лаваў сядзела трое маладых, фізычна моцных хлопцаў ў спартовым адзеньні. Прыкладна за 20-30 мэтраў знаходзіўся аўтамабіль «ВАЗ-2107» (на нумары Кез не зьвярнуў увагі) з заведзеным рухавіком. Праходзячы ля троіцы, ён раптам пачуў шум за сьпіною і адразу адчуў удар у вобласьці ключыцы.
У выніку у Валеры Кеза – вялікая гематома ў вобласьці першай ключыцы, ранкі на сьпіне й руках. Толькі пасьля ўважлівага абследваньня у шпіталі стане вядома, ці ёсьць пераломы левых рэбраў. Невядома як бы скончылася гэтая бойка, калі б людзей, якія зьбівалі Кеза не спужалі мінакі. Кез ня стаў рызыкаваць бясьпекаю і ў суправаджэньні аховы з`ехаў на аўтамабілі ў Маскву.
Аднак у хуткім часе былы намесьнік дзяржсакратара мае намер зноў наведаць Беларусь і прыняць актыўны ўдзел у працы прадвыбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка. Валеры Кез заявіў: «Няхай апрычнікі ад улады ня думаюць, што здолелі мяне запужаць». Пацярпелы ня мае намеру зьвяртацца з заяваю ў пракуратуру й ворганы МУС да аб`яўленьня вынікаў выбараў. Ён патлумачыў: «Калі зараз напісаць заяву, то яны будуць мяне тэраррызаваць выклікамі на размову ў якасьці пацярпелага і сьведкі, і такім чынам не дадуць працаваць у інтарэсах адзінага кандыдата». Акрамя таго, Валеры Кез упэўнены, што сьледчыя ня ў стане знайсьці тых, хто нападаў, бо «яны напэўна, таксама носяць пагоны».