Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь увайшла ў дзесятку галоўных экспарцёраў зброі ў сьвеце 11:03, 24/08/2001
У дзесятцы галоўных у сьвеце экспарцёраў зброі – Беларусь і Ўкраіна. Амэрыканскія аналітыкі лічаць, што гэта сьведчыць пра тое, як глыбока яшчэ гаспадарчыя сыстэмы ўкаранёныя ў савецкай эры. Восьмае месца ў дзесятцы найбуйных пастаўшчыкоў зброі займае Беларусь, дзесятае – Украіна. Абедзьве краіны паставілі летась сваім замежным кліентам узбраеньняў на суму каля 200 мільёнаў даляраў. На працягу чатырох апошніх гадоў з 1997 па 2000 год гандаль зброяй прынес Украіне 1,5 млрд. даляраў, а Беларусі 1 млрд. 100 млн. даляраў.
На думку міжнародных экспертаў, такая аднабаковая арыентацыя беларускіх і ўкраінскіх гаспадарак сьведчыць не пра эканамічныя дасягненьні, а пра іх стагнацыю.
Рычард Тортан, прафэсар гісторыі й міжнародных адносінаў унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона лічыць, што продаж такой значнай колькасьці зброі Беларусі і Ўкраіны – сьведчаньне неадпаведнага разьвіцьця іхніх гаспадарак у постсавецкі пэрыд.
“Іхнія гаспадаркі вельмі вузка, аднабакова спэцыялізаваныя такім чынам, нібы перад крахам камунізму. Усё гэта раней было часткай савецкай эканомікі. Адна з галоўных прычынаў развалу Савецкага Саюзу як раз і заключаецца ў тым, што немагчыма было пашырыць эканамічную базу так, каб задаволіць спажывецкі попыт”, - паведаміў Рычард Тортан Радыё Свабода.
Тортан абвінавачвае ў гэтым кіраўніцтва абедзьвюх краінаў. Ён нагадвае, што пасьля другой сусьветнай вайны амэрыканскія кампаніі вельмі хутка пераарыентаваліся з ваеннай вытворчасьці на спажывецкія тавары. Ён падкрэсьлівае: “У іх было цэлае дзесяцігодзьдзе, каб правесьці працэс пераарыентацыі. Але я ня бачу, што гэта адбылося”.
Андэрс Аслунд, эканамічны аналітык Вашынгтонскага цэнтру Карнэгі сцьвярджае, што беларускі ўрад так мала зрабіў для пераарыентацыі сваёй гаспадаркі, што зараз некаторыя іншыя краіны ня хочуць мець зь Беларусьсю нічога агульнага. Аслунд лічыць, што беларускія ўлады не цікавяцца тым, куды накіроўваецца іхняя зброя. “Беларусь гатовая прадаваць каму заўгодна, а ў сувязі з тым, што Беларусь амаль дзяржава-ізгой, яна больш за ўсё небясьпечна з пункту гледжаньня амэрыканскай ваеннай палітыкі”, – кажа ён.
Аслунд лічыць, што да мінулага году тое самае датычыць і Ўкраіны, але прэм’ер-міністар Украіны Віктар Юшчанка пачаў праводзіць эканамічныя рэформы. І нягледзячы на тое, што пад уціскам левай большасьці парлямэнту Юшчанка быў вымушаны сыйсьці ў адстаўку, ягоныя рэформы працуюць і ў гэтым годзе. Украіна будзе мець амаль 10-адсоткавы эканамічны рост.
Для Беларусі ж , лічыць экспэрт-эканаміст Аслунд, адзіная надзея прагаласаваць супраць Аляксандра Лукашэнкі на выбарах 9 верасьня. Аслунд выказаў стрыманы аптымізм ў справе будучыні Беларусі, але толькі таму, што Лукашэнка ня будзе пераабраным.