|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Адрачэньне 11:07, 24/08/2001 ![]() Яраслаў Еўдакімаў адмаўляецца быць народным артыстам Беларусі, калі прэзыдэнтам краіны зноў стане Аляксандар Лукашэнка. У прадвыбарчы час многія дзеячы культуры вызначаюцца ў сваіх палітычных поглядах. Мець вядомага артыста ў групе паверанных асобаў кандыдата ня толькі прэстыжна, але й выгадна. Іх, без перабольшваньня, ведаюць мільёны. Ім давяраюць. За імі пойдуць на выбарчыя ўчасткі. Народны артыст БССР Яраслаў Еўдакімаў апошнія дзесяць гадоў бывае ў нашай краіне толькі час ад часу. Сьпявак трох краінаў – Беларусі, Расеі і Ўкраіны – працуе ў Маскве. Але раптам кінуў выклік сёньняшняму кіраўніцтву Беларусі. У інтэрвію “БДГ” Яраслаў Еўдакімаў яшчэ раз падцьвердзіў свой намер адмовіцца ад высокага званьня. Чытайце тэкст інтэрвію цалкам. - Гэта ня чуткі? Вы насамрэч гатовыя адмовіцца ад званьня? - Так. - Чаму? - З-за той страшнай сытуацыі, якая склалася ў Беларусі. Мне даводзіцца часта езьдзіць па розных краінах. Паўсюль – у Нямеччыне , Італіі, Іспаніі – задаюць адно і тое ж пытаньне: “Што робіцца ў Беларусі?” Я спачатку жартаваў. Пасьля адхрышчваўся: я нарадзіўся ў Украіне і амаль дзесяць гадоў не сьпяваю ў Беларусі. І, нарэшце, зразумеў, што мне сорамна за сваю краіну, у якой пражыў дваццаць гадоў і атрымаў званьне народнага артыста. Я раптам адчуў ад гэтага ўнутраны дыскамфорт. Хоць, напэўна, справа нават ня ў гэтым. У апошні час час я бываў у Менску толькі наездамі. А сёлета пражыў тут бязвылазна амаль чатыры месяцы і шмат усьвядоміў. Беларусь напаткала вялікая бяда. Уладу трымае ў сваіх руках адзін чалавек, якія падняў сябе вышэй за народ. І ніхто не адважваецца яму супярэчыць. Суцэльны маналог па любым пытаньні, хоць пры гэтым заяўлена аб шырокай дэмакратыі ў грамадзтве. Народ проста абалваньваюць. Такое адчуваньне, што ў лік неталенавітых запісалі цэлую нацыю. Можа, калі стала жывеш тут, з павадкамі рэжыму звыкаешся і не заўважаеш? Але калі прыязджаеш з іншай краіны, гэта адразу кідаецца ў вочы. - Яшчэ тры гады таму ў інтэрвію газэце “Имя” вы казалі, што жывеце ў сваім унутраным сьвеце і даўно не цікавіцеся палітыкай. А зараз, напярэдані прэзыдэнцкіх выбараў, раптам захлынаецецся ў яе з галавою. - Я хачу заявіць, што з палітыкаю сёньняшняга кіраўніцтва Беларусі я ня згодны. Мне не падабаецца, што тут робіцца, таму што я ведаю пра маральныя якасьці людзей з кола Аляксандра Лукашэнкі. Прэзыдэнт павінен пазьбягаць мярзотнікаў, а ён, наадварот, абапіраецца на людзей непрыстойных. - Вы асабіста знаёмыя з прэзыдэнтам Беларусі? - Раза са два я прыязджаў на “Славянскі базар”. Увесь час я сыходзіў з гэтага культурнага мерапрыемства зпустошаным. Сапраўдны кірмаш фанабэрастасьці. А з прэзыдэнтам Лукашэнкам не давялося кантактаваць. Падчас банкетаў мы знаходзіліся на розных баках стала. Хоць многія ляцелі да прэзыдэнта, каб засьведчыць сваю павагу. Я не рабіў бы гэтага з элементарнага пачуцьця годнасьці. У нармальнай дзяржаве, дарэчы, дзеячоў культуры ацэньваюць не па здольнасьці схіляцца перад уладаю, а па таленту. Таленавітага чалавека ўся гэта мышыная вазьня вакол званьняў і прызнаньня мала цікавіць. Спачатку ён яе проста не заўважае. А пасьля гэта надакучвае, і ён з’язджае. Зь Беларусі зьехалі многія. Вялікая сьпявачка Марыя Гулугіна даўно сьпявае не пад дахам нашага опернага тэатра. Вы думаеце, тут хтосьці пра гэта шкадуе? Мне падаецца, прычына вельмі простая: каб разумець таленавітага чалавека, вырошчваць яго, песьціць, трэба быць культурнай нацыяй. Не павінен артыст “прабівацца”. Ня кожны можа палову жыцьця вучыцца сьпяваць і адначасова растрачваць сябе на такую лухту. - У 1994 годзе пасьля частых камандзіровак і вы незаўважна перабраліся працаваць у Маскву... - Я зразумеў, што спыніўся ў сваім разьвіцьці як сьпявак. Адчуў, што ў Беларусі няма перспэктываў. Мяне да таго ж аблілі гразёю, а кіраўніцтва краіны гэтай хлусьні паверыла. - Вы ўжо вітаецецся з кампазытарам Ігарам Лучанком? - Пасьля ўсяго, што ён тады зрабіў, для мяне гэтага чалавека не існуе. - Ці здолелі вы заняць месца пад сонцам па маскоўскай эстрадзе? - Я так і не ўпісаўся. Масква не адвергла мяне, але й не дала рэклямнай раскруткі. Там вялікая канкурэнцыя грошай. Я выбраў шлях зносінаў з публікай на канцэртах “у жывую”. Гэта больш захапляе, чым выстаўляць сябе ў выгодным ракурсе на тэлевізіі. - Званьне “Заслужаны артыст БССР” маладому выканаўцы Еўдакімаву прапанаваў прысвоіць сам Пётар Машэраў, калі пабачыў вас на сцэне. Гэта быў апошні “дзяржаўны чалавек”, які апекаваўся аб талентах у Беларусі? - Чаму, а Генадзь Бураўкін? Калі я працаваў на радыё ў савецкія часы, трэба было сьпяваць тое, што давалі. Ён як кіраўнік ніколі мяне не абмяжоўваў. І вельмі прасіў сьпяваць больш песьняў на беларускай мове. Дарэчы, і званьне “Народны артыст БССР” я атрымаў, калі быў салістам Белтэлерадыёкампаніі. Па шматлікіх просьбах працоўных, якія літаральна завалілі лістамі ЦК КПБ і абураліся: “Чаму артыст Еўдакімаў да гэтага часу ня стаў народным?!” Так захацелі “нізы”, а “вярхам” прыйшлося падпарадкавацца. - Значыць, вы зьбіраецеся адмаўляцца ад званьня, якое насамрэч прысвоіў народ? - Гэта вельмі далікатная тэма. Але я думаю, што беларусы мяне зразумеюць. Я папярэджваю тых, хто яшчэ жыве з завязанымі вачыма і не задумваецца пра свой лёс. Мне цяжка было рашыцца на гэта. Але трэба ж зрабіць штосьці, каб людзі зьвярнулі ўвагу на праблему. Магчыма, мой крок іх працьвярозіць? - Вы вернецеся на беларускую эстраду? - Вярнуца я ўжо ня здалею. І зноў з’язджаю ў Маскву. Але 9 верасьня спэцыяльна прыеду ў Менск, каб прагаласаваць. - За каго, калі не сакрэт? - А вы не здагадваецеся? За Ўладзімера Ганчарыка – чалавека, якога я паважаю.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|