 | ПАЛIТЫКА |  |

ЦВК пагражае Ганчарыку адменаю рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты 11:14, 27/08/2001

Цэнтрвыбаркам выступіў з перасьцярогаю ў адрас выбарчага штабу адзінага кандыдадата ў прэзыдэнты Беларусі Ўладзімера Ганчарыка. 27 жніўня на паседжаньні ЦВК былі разгледжаныя матэр’ялы, якія сьведчаць пра парушэньні выбарчага заканадаўства з боку каманды Ганчарыка. У якасьці сьведчаньняў былі прадстаўленыя факты масавай бясплатнай раздачы выбаршчыкам незалежных газэтаў “Наша свабода”, “Рабочы”, “Беларуская маладзёжная”, “День”. Раздачу незалежнай прэсы Цэнтрвыбаркам расцэньвае як подкуп выбаршчыкаў. 
Пасол ЗША пры ПС АБСЭ Джонсан асудзіў наступ уладаў на свабоду СМІ 11:13, 27/08/2001

“Уціск беларускім урадам незалежнай прэсы, інстытутаў унутранага назіраньня й грамадзянскай супольнасьці ставіць пад сумнеў ягоную гатоўнасьць захоўваць прынцыпы АБСЭ”, - заявіў пасол Злучаных Штатаў Дэвід Т.Джонсан падчас свайго выступу 23 жніўня перад Сталым Саветам АБСЭ ў Вене. Далей тэкст выступу Джонсана цалкам. 
Беларускую армію прымушаюць галасаваць за Лукашэнку 11:12, 27/08/2001, GazetaSNG.ru

Пра цікавы “досьвед” арганізацыі выбараў у Беларусі на закрытых выбарчых вучастках, якія разьмяшчаюцца ў вайсковых частках, распавяла кіраўнік тэхналягічнага штабу адзінага кандыдадата ад шыркай дэмакратычнай кааліцыі Валянціна Палевікова на сустрэчы з журналістамі. Яна адзначыла, што інфармацыя, якой яна хоча падзяліцца з прэсаю, атрымана ад надзейных крыніц. Аказваецца, беларускі “досьвед” арганізацыі выбараў ў тым, што напярэдадні галасаваньня за другога прэзыдэнта краіны ўвесь асабісты склад беларускай арміі будзе пераведзены на казарменнае становішча. 
Станцыя “Магілёўская” да дня народзінаў беларускага лідэра не гатовая 11:11, 27/08/2001

24 жніўня ў Менску павінен быў адбыцца пуск станцыі метро “Магілёўская”. Чакалася, што на адкрыцьці будзе прысутнічаць сам Лукашэнка. Але так здарылася, што ў гэты час ён правяраў аўтамабільны мост праз Бярэзіну. Супрацоўнікі метрапалітэну і адпаведныя службы не адважыліся самастойна падпісаць дакумэнты аб прыёме аб’екту. Пуск станцыі адкладзены на 27 жніўня, калі Аляксандар Лукашэнка знойдзе гадзінку, каб стаць пасажырам №1. 
Улады дэпартавалі з краіны грамадзяніна ЗША 11:10, 27/08/2001

Улады Беларусі выслалі з краіны грамадзяніна ЗША Роберта Філдынга за дзейнасьць, якая “зьяўляецца ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы рэспублікі”. Пра гэта са спасылкаю на цэнтар інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Беларусі паведаміла ў нядзелю Беларускае тэлебачаньне. Р.Філдынгу забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі тэрмінам на пяць гадоў. Пры гэтым КДБ Беларусі папярэдзіў, што “любыя спробы ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы замежных грамадзянаў, незалежна ад іх статуса, будуць спыняцца ажно да прымусовай дэпартыцыі з рэспублікі”.
Стакгольмскі пікет за свабодныя й справядлівыя выбары ў Беларусі 11:09, 27/08/2001

Сп. Урбан Алін, дэпутат і намесьнік генэральнага сакратара правячай Сацыял-Дэмакратычнай партыі Швэцыі адкрылі пікет у раёне Нармальсторг у цэнтры Стакгольму і заклікалі Аляксандра Лукашэнку забясьпечыць свабодныя й справядлівыя выбары ў верасьні. Сотні актывістаў сабраліся ў цэнтры сталіцы й выпусьцілі ў неба 100 бел-чырвона-белых паветраных шароў, на якіх было напісана патрабаваньне да Лукашэнкі. 
У Дзень народзінаў Завадзкага людзі ачэпяць рэзыдэнцыю Лукашэнкі 11:08, 27/08/2001

28 жніўня – дзень народзінаў Зьміцера Завадзкага. Ягонае 29-годзьдзе калегі-журналісты і ўсе, каго непакоіць лёс зьніклага год таму аператара ГРТ, зьбіраюцца адзначыць чарговай акцыяй каля прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі па вуліцы К.Маркса, 38. 
АРЦІКЛЬ 19 пратэстуе супраць цкаваньня ў Беларусі незалежных СМІ 11:07, 27/08/2001

Сусьветная кампанія за свабоду слова АРЦІКЛЬ19 зьвярнулася з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, у якім яна выказвае сваю занепакоенасьць вялікай колькасьцю выпадкаў цкаваньня недзяржаўных газэтаў у пэрыяд прэзыдэнцкай прадвыбарчай кампаніі. ”Мы заклікаем Вас неадкладна спыніць цкаваньне недзяржаўных СМІ. Адмова міжнароднай грамадзкасьці прызнаць парлямэнцкія выбары 2000г. шмат у чым была абгрунтавана абмежаваньнямі, накладзенымі на доступ да СМІ ў Беларусі. Гэтая сытуацыя хутчэй за ўсё адбудзецца і зараз, калі толькі ня будуць прадпрыняты меры, каб зьмяніць сытуацыю мінулых тыдняў”, - заяўляе каардынатар Эўрапэйскіх праграмаў АРЦІКЛЬ 19 Сара Гонт. 
У Магілёве міліцыя штурмавала штаб адзінага кандыдата 11:06, 27/08/2001

Работа магілёўскага вабласнога штабу кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Ганчарыка была паралізаваная 25 жніўня вечарам. Сем гадзінаў супрацоўнікі міліцыі, не маючы ордэра, спрабавалі ўварвацца ў офіс магілёўскага штабу азінага кандыдата. 
Глава Нацбанку прымушае банкаўскіх работнікаў весьці агітацыю за Лукашэнку 11:05, 27/08/2001

Старшыня праўленьня Нацбанку Пётар Пракаповіч упаўнаважыў супрацоўнікаў банкаўскай сфэры Гомельскай вобласьці весьці агітацыйную працу за дзейнага прэзыдэнта краіны. Пра гэта ён заявіў у Гомлі на закрыцьці нарады, падставаю для якой стала неабходнасьць абмеркаваць канцэпцыю праграмы разьвіцьця банкаўскай сыстэмы Беларусі на 2001-2010 гады. 
Майкл Козак праводзіць паралель паміж Беларусьсю й Нікарагуа 11:04, 27/08/2001, www.yusnews.com

Амэрыканскі амбасадар у Менску Майкл Козак у сваім лісьце ў ангельскую газэту “Гардзіан” падцьвердзіў пэўную паралель паміж Нікарагуа ўзору 1989-1990 гг. і сёньняшняй Беларусьсю. “Нашая задача і ў пэўнай ступені метадалёгія тыя самыя. Тады мы працавалі з санданісцкімі ўладамі, Арганізацыяй амэрыканскіх дзяржаваў, іншымі краінамі рэгіёну і былым Савецкім Саюзам, каб судзейнічаць свабодным, справядлівым і празрыстым выбарам. Сёньня мы працуем з Арганізацыяй па бясьпецы й супрацоўніцтву ў Эўропе, Асацыяцыяй арганізатараў выбараў у Цэнтральнай i ўсходняй Эўропе і дзяржавамi-членамі АБСЭ, уключна з членамі Эўразьвязу, каб пабудзіць беларускія ўлады стварыць які-небудзь мінімум доступу апазыцыі да прэсы і празрыстасьці працэсу падліку галасоў”, - заявіў Козак. 
Штаб адзінага кандыдата выступае супраць дэманстрацыі ўладамі ваеннай магутнасьці 11:03, 27/08/2001

Палітычная рада выбарчага штабу адзінага кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка распаўсюдзіла заяву аб надыходзячых буйнамаштабных навучаньнях ўсіх відаў вайсковых фарміраваньняў “Нёман-2001”. Нагадаем, што яны пачынаюцца 26 жніўня. “Прапагандысцкая падача на дзяржаўнай тэлевізіі гэтага мерапрыемства вельмі далёкая ад рэчаіснасьці, - гаворыцца ў заяве. Па маштабах і значнасьці будучы ваенны спэктакль сур’ёзна саступае, напрыклад, такім манёўрам, як “Захад-81”. Па колькасьці войскаў і тэхнікі, тактычнай задуме, гэтае навучаньне мала чым адрозьніваецца ад шэраговага палковага навучаньня з баявой стральбой у мінулай Беларускай ваеннай акрузе”.
Беларускія жанчыны выбралі Ўладзімера Ганчарыка 11:02, 27/08/2001

Падтрымаць на надыходзячых прэзыдэнцкіх выбарах адзінага кандыдата Ўладзімера Ганчарыка пастанавілі 25 жніўня ў Менску дэлегаты Першага Ўсебеларускага жаночага форуму. Сваё рашэньне жанчыны, якія складаюць 60% выбаршчыкаў, тлумачылі жаданьнем пераменаў. 
Напярэдадні выбараў Лукашэнка рызыкуе сапсаваць адносіны з Кітаем 11:01, 27/08/2001, www.yusnews.com

Прымаючы афіцыйную дэлегацыю зь Менску, прэм’ер-міністар Тайваню Чжан Цзюнсунь заклікае Беларусь адкрыць прадстаўніцтва ў Тайбэі . Чжан Цзюнсунь паведаміў главе дэлегацыі першаму намесьніку міністра фінансаў Беларусі Мікалаю Румасу, што Тайвань спадзяецца на выкананьне Падпісанага Менскам яшчэ ў 1996 пратаколу аб адкрыцці прадстаўніцтва ў Тайбэі. У адказ Мікалай Румас заклікаў Тайвань працягваць дапамогу Беларусі ў пераадоленьні эканамічнай крызы. 
|  |
|