|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Cупрацоўнікі КДБ падцьвярджаюць прызнаньне былога байца САХРу 11:30, 27/08/2001 ![]() Відэёзапіс з чарговым прызнаньнем двух супрацоўнікаў КДБ атрымалі сёньня ўсе акрэдытаваныя ў Беларусі расейскія тэлеканалы, шэраг беларускіх незалежных газэтаў і радыёстанцыяў. На відэёкасэце два чалавекі, адзін зь якіх прадставіўся супрацоўнікам аддзелу па ахове канстытуцыйнага парадку і барацьбе з тэрарызмам Менскага Ўпраўленьня КДБ Генадзем Угляніцам. Другі не назваў сваёй пасады, але прадставіўся Андрэям Жарнасекам. Гэтыя людзі падцьвярджаюць інфармацыю выкладзеную на мінулым тыдні супрацоўнікам САХРу, які стаў сьведкам забойства ўвосень 1999 году Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага на тэрыторыі вайсковай часткі пад Бягомляй. Але ў адрозьненьні ад байца САХРу, супрацоўнікі КДБ не хаваюць сваіх твараў і паказваюць фотаздымкі людзей, датычных да забойстваў апазыцыйных палітыкаў. Іх прозьвішчы прагучалі ў сэнсацыйным прызнаньні байца САХРу. Генадзь Угляніца і Андрэй Жарнасек з усёй адказнасьцю сцьвярджаюць, што Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі – забітыя. “Сёньня 25 жніўня 2001 году. Зараз мы хочам зрабіць заяву для прэсы, тэлевізіі, грамадзянаў рэспублікі і для ўсіх тых, да каго яно трапіць. - Я супрацоўнік аддзелу па абароне канстытуцыйнага ладу і барацьбе з тэрарызмам Менскага ўпраўленьня КДБ Угляніца Генадзь. Гэты крок прадыктаваны шэрагам абставінаў, у сувязі зь якімі склалася сытуацыя, калі толькі агучваньне дадзеных, якія мы маем, можа забясьпечыць нашу бясьпеку і бясьпеку нашых блізкіх. Заява датычыць зьнікненьня ў 1999 годзе двух людзей – Ганчара й Красоўскага. У той час усе газэты мільгацелі фотаздымкамі зьніклых, спэцслужбы былі падняты на ногі і вялі пошук. Праз некалькі месяцаў пошук практычна спыніўся. Усе задаволіліся тым, што людзі зьніклі бясьсьледна, і іх не знайсьці. Так думалі ня ўсе. Людзі, якія лічылі сваім абавязкам даведацца праўду аб зьніклых, працягвалі працу па іх пошуку. Пра гэта лепш распавядзе Андрэй. - Я Жарнасек Андрэй Міхайлавіч. Пасьля таго, як зьніклі людзі, мы распачалі сваё паралельнае расьсьледаваньне. Выкарыстоўвалі розныя мерапрыемствы, якія маглі самі прыдумаць. І так далей. У рэшце рэшт мы выйшлі на сьведку канкрэтна па гэтым злачынстве. Жарнасек паказвае групавое фота некалькіх салдатаў унутраных войскаў, якія стаяць і сядзяць ля двух аўтамабіляў. Нумары машын 0221 МІ, 0224 МІ, 8832 ОХ (на адной машыне адзін нумар вісіць, другі стаіць побач): - На гэтым здымку першы зьлева непасрэдны сьведка ўсіх гэтых справаў. Прозьвішча яго Мяцельскі. Зваць яго Віталь. Побач зь ім, на “Аудзі” ўверсе, з нумарам ў руцэ сядзіць непасрэдны ўдзельнік гэтай справы. Ягонае прозьвішча Мекіянец. Зваць Аляксандар. Зьнізу машына – машына, якая непасрэдна прымала ўдзел у гэтай спарве. Жарнасек паказвае каляровы буклет “Унутраныя войскі Рэспублікі Беларусь”: - Так вось, у гэтай кніжцы ёсьць фігуранты па гэтай справе. На агульным фотаздымку ўдзельнікаў, можа тут блага відаць. Вось стаіць Наватарскі Ўладзімер, якія зьяўляецца кіраўніком групы захопу, а вось гэта – кропка зьверху – гэта Юры Будзько, які таксама непасрэдны ўдзельнік. Фотаздымак і твар асноўнага фігуранта Паўлічэнкі, я думаю, бачылі ўсе – ён здымаецца ў рэкляме аб войсках, купаецца там у палонцы і адчувае сябе нармальна. На жаль, фотаздымкі астатніх двух фігурантаў па справе – гэта лейтынант Коклін і прапаршчык Мурашка – пакуль дастаць не ўдалося. Але мяркую, што гэтая заява зрэшты падштурхне праваахоўчыя ворганы, і прэсу... у першую чаргу прэсу, таму што нашыя праваахоўчыя ворганы чамусьці аказаліся ў баку ад гэтай справы. Вось... падштурхне знайсьці гэтых людзей. Знайсьці і дапытаць. І скончыць тое, што мы пачалі. - Нам стала вядома, што ў 99-м годзе, у верасьні група выехала на двух машынах часткі вечарам, захапілі ў Менску двух людзей разам з джыпам, пасадзілі за руль гэтага Мекіянца, закінулі гэтых людзей ў гэтыя машыны, і зьехалі на базу, у Бягомлю. Ля гадзіны ночы яны прыехалі на гэтую базу. Не даехаўшы да базы, зьвярнулі на прасёлкавую дарогу, застрэлілі Ганчара й Красоўскага. Пасьля гэтага джып схавалі ў лесе. Пасьля гэтага вярнуліся ў частку, паставілі машыны і пайшлі вячэраць як ні пры чым. На наступны дзень салдатаў роты паднялі, і пасьля сьняданку пагналі капаць яму на паласу перашкодаў. Вось тут касэта са стужкаю паласы перашкодаў. І гэтая яма тут таксама ёсьць. Жарнасек паказвае відэёкасэту маленькага фармату: - Яны выкапалі яму, скінулі туды машыну. Па папярэдняй інфармацыі таксама знаходзяцца трупы. Або пад машынай, або ў самой машыне. Раздавілі яе БТРам, засыпалі зямлёй. Адносна замаскіравалі месца. Я выказваю глыбокае спачуваньне жонкам Ганчара й Красоўскага і дзецям. Іх мужы, бацькі й дзеці ўжо ніколі ня вернуцца. Пры працы па дадзенаму пытаньню намі выкарыстоўвалася спэцабсталяваньне скажам, для забесьпячэньня сваёй асабістай бясьпекі. Яно ў сябе ўключала прыборы начнога бачаньня, маскіровачныя касьцюмы, а таксама металадэтэктар спэцыяльны, які рэагуе на метал, асабліва аўтамабілі, буйныя металічныя прадметы – амэрыканскае фірмы “Фішэр”, называецца “Джэнэмі-3”. Таксама выкарстоўвалася чатыры радыёстанцыі. Гэтыя ўсе рэчы былі пры пэўных абставінах канфіскаваныя міліцыяй. На дадзены момант яны знаходзіліся ў Партызанскім РУУС. Супрацоўнікі РАУС могуць гэта падцьвердзіць. Пасьля таго, як мы прыйшлі на паласу, мы яе дасьледвалі з дапамогаю металадэтэктару. Абсьледвалі ўсю паласу, уключна зь ямаю. Толькі ў яме металаддэтэктар паказаў, значыць, калі стаяць да яе тварам, з боку паласы, з правага боку – там відаць як абрваны край ямы. Відаць, што там заязджаў БТР. Менавіта ў гэтай яме, прыкладна 3.30-3.40 мэтры на 1,6-1,8 мэтры дакладна адбіваецца магнітная анамалія на жалеза. Пасьля гэтага былі праведзеныя два шурфы, раскопы, пасьля чаго мы на глыбіні прыкладна двух мэтраў натыкнуліся на метал. Далей ніхто ня стаў капаць, таму што побач знаходзілася гэтая частка. Частка літаральна ў двух стах мэтрах ад гэтай паласы. Пад’езды да паласы, усё там ёсьць. Вось такая вось справа. Угляніца: - Па дадзеным пытаньні, калі ў кагосьці зьяўляюцца сумневы... Я асабіста прысутнічаў на допыце сьведкі. Размаўлялі мы зь ім неаднаразова. Але толькі дзесьць з трэцяй-чацьвёртай размовы ён даў нам паказаньні цалкам, што тычыліся ўсіх абставінаў дадзенай працы. Калі кагосьці будзе цяжка адшукаць, то жыве ён у Барысаве. Ён былы вадзіцель, служыў у частцы 3214. У верасьні праходзіў у САХРы у Паўлічэнкі. Некалькі разоў вазіў яго на машыне асабіста. Зараз ужо прайшло напэўна паўтыры тыдні, як сьведка схаваўся. Нягледзячы на те, што яму паабяцалі забесьпячэньне бясьпекі, ён не паверыў. Як, напэўна, многія людзі, датычныя да гэтай справы. Або ведаюць, яны баяцца і хаваюцца, або маўчаць. Што да абсьледваньня часткі, то ўсе дадзеныя, якія паведамілі сьведкі, падцьвердзіліся. Складзеныя і плян часткі, складзены плян паласы, ягонае месцазнаходжаньне ў той дзень, і ўсе астатнія дэталі супадаюць. Мы абсьледвалі. Я асабіста прымаў удзел у абсьледваньні паласы перашкодаў. На дадзены момант у яе такі выгляд, што больш за год там ужо ніхто ні чым не займаецца. Чаму яе закінулі – незразумела. САХР да гэтага часу дыслякуецца ў частцы пад Бягомлям. Жарнасек: - Сама яма на паласе знаходзіцца наогул збоку паласы. Так ёсьць вось паласа перашкодаў – яны ўсе перашкоды йдуць наўпрост. Яма сама знаходзіцца збоку. Гэта адразу кідаецца ў вочы. Дастаткова было туды залесьці металадэтэктэрам, як металадэтэктар адразу паказаў анамалію. Угляніца: - Зьяўленьне ў прэсе і на тэлевізіі відэёкасэты з запісам твару невядомага, твар і голас якога зьмененыя – гэта была першая спроба прадаставіць хоць нейкія дадатковыя сьведчаньні па гэтай справе, каб хоць хтосьці зварухнуўся і пачаў працаваць. Але рэакцыя ўладаў і спэцслужбаў адназначная – нібы гэтая касэта сфабрыкаваная і ня мае ніякіх адносінаў да справы зьніклых палітыкаў. Насамрэч гэта ня так. Яна мае прамыя адносіны. І мы зараз падцьвярджаем перад вамі гэта з адкрытымі тварамі. Калі ж браць і разглядаць абставіны, пры якіх мы хочам зрабіць гэтую заяву, то як я ўжо казаў напачатку, – гэта забесьпячэньне бясьпекі. Бясьпекі сябе, бясьпекі сьведкі, якога ўжо зараз, на маю думку, павінна расшукаць тэрмінова і дапытаць, калі гэта справа яшчэ не зачынена. А калі яно зачынена, то ўзнавіць вытворчасьць па ім. Можна было скласьці пісьмовую заяву ў ворганы пракуратуры. Магчыма, мы так і зробім. Але ня зараз, а пасьля таго, як будзем у бясьпецы. Тэхніка, якая зараз знаходзіцца ў Партызанскім РУУС, якую назваў Андрэй. Я магу падцьвердзіць, што там знаходзіцца. Я сам асабіста прысутнічаў у Партызанскім РУУС, калі гэтая тэхніка была канфіскаваная. Слава Богу, што пакуль не дайшло ўсё гэта да людзей, якія цікавяцца справамі зьніклых. Да МУС кіраўніцтва, да Савету Бясьпекі, да САХРу. Інакш, я думаю, што гэтая прэс-канферэнцыя, каля яе так можна назваць, гэта заява магчыма б не адбылася. Хутчэй за ўсё, так і было б. Таму, у дадзеных абставінах мы вымушаныя прыняць усе меры бясьпекі. Каля такія меры бясьпекі нам забясьпечыць дзяржава і пакажа нам рэальныя спробы і крокі расьсьледаваць канчаткова гэтую справу, магчыма, мы прыйдзем самі асабіста ў адпаведныя ведамствы. Але, улічваючы палітычную абстаноўку ў краіне, i тую сыстэму ўлады, якая зараз існуе, па-мойму, у бліжэйшы час гэта ня будзе магчыма. Жарнасек: - Быў просты варыянт дадаць сьпіс зьніклых яшчэ двума прозьвішчамі, якія таксама “усердно” шукалі... І спадар Сівакоў, які калісьці казаў, што знайсьці Захаранку справа ягонага гонару насамрэч плаціў грошы за сьмерць і Захаранкі, і Ганчара, і Красоўскага. Сьведка можа распавесьці пра тое, як перадаваліся капэрты з грашыма “на моральное успокоение” людзям, якія прымалі ўдзел у гэтай справе. Пасьля як гэтыя людзі набывалі за свае крывавыя грошы сабе дублёнкі, відэётэхніку, капілі на машыны і адчувалі сябе нармальна. Няхай іхнія сваякі іх запытаюць, адкуль у салдат тэрміновай службы, да няхай нават і звыштэрміновай добрыя грошы. Хто ім і за што заплаціў. Угляніца: Каб не стваралася ўражаньне, што мы ўсё гэта прыдумалі, мы можам прадставіць запісы размоваў са сьведкам, якія мы праводзілі. І ў якіх адлюставаныя ўсе абставіны здарэньня, што мела месца ў верасьні 1999 году ў частцы пад Бягомляй. Пачынаецца пяціхвілінны запіс – закінутая паласа перашкодаў і яма, пра якую гаворыцца ў заяве”.
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|