Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
81 адсотак часу, адданага на сюжэты, зьвязаныя з выбарамі, у перадачах навінаў на БТ было прысьвечана ў мінулым месяцы Аляксандру Лукашэнку. Матар’ялы аб ягоных палітычных суперніках занялі ў матар’ялах навінаў у агуле толькі 19 адсоткаў часу. Такія дадзеныя маніторынгу прадвыбарчай кампаніі ў СМІ Рэспублікі Беларусь, агучаныя 27 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Па выніках, прадстаўленых сацыялягічнай лябараторыяй “Новак” і IREX/Pro Media, з 23 ліпеня па 23 жніўня гэтага году дзяржаўнае радыё актыўна падтрымоўвала прэзыдэнта Лукашэнку як па колькасьці часу (95 адсоткаў агульнага часу рэпартажаў), так і па танальнасьці прадстаўленых навінаў, якія былі ў асноўным нейтральнымі ці пазытыўнымі.
Расейскія тэлевізыйныя каналы НТБ, РТР і ГРТ, па дадзеных маніторынгу, прапанавалі сваім гледачам больш сбалансаваную карціну выбарчай кампаніі і выдзялілі некаторы час (РТР, НТБ) для асьвятленьня дзейнасьці асноўнага кандыдата ад апазыцыі У.Ганчарыка і крытычнага асьвятленьня сёньняшняга прэзызыдэнта (НТБ, ГРТ).
Па словах сацыёляга “НОВАК” Надзеі Ефімавай, прэса прадэманстравала плюралізм меркаваньняў. Аднак асьвятленьне падзеяў аказалася неаб’ектыўным адносна кандыдатаў у такой ступені, што ў выбаршчыка няма магчымасьці атрымаць поўную інфармацыю з адной крыніцы. Таму беларускія грамадзяне вымушаныя зьвяртацца да розных крыніцаў інфармацыі, каб мець больш-менш поўную карціну аб падзеях.