Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“Наглым” і “беспрецедентным” назваў Аляксандар Лукашэнка зварот дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэлла ў сувязі з 10-годзьдзем абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі. "Прости ему Бог, - сказаў ён. – Вот я сегодня с утра про это подумал. 300 лет их цивилизации. У нас с вами – больше 2 тысяч. Ну не доросли они до нашей цивилизации. Понимаете? Они не умеют себя вести корректно", - заявіў Лукашэнка 29 жніўня ў інтэрвію Андрэю Каравулаву – вядучаму праграмы “Момент истины” на маскоўскім тэлеканале ТВЦ.
Амбасада ЗША ў Беларусі зьвярнулася да беларускіх уладаў з пратэстам у сувязі з затрыманьнем і дэпартыцыяй грамадзяніна ЗША Робэрта Філдынга, прадстаўніка амэрыканскіх прафсаюзаў. “Зрабіўшы такі надзвычайны крок, як затрыманьне і ўціск на амэрыканскага грамадзяніна, напэўна з адной мэтаю стварыць прапагандысцкі матэр’ял для падкантрольнай дзяржаве Беларускай тэлевізыі, улады выклікалі сур’ёзныя пытаньні аб сваіх намерах”, - адзначаецца ў заяве амбасады.
На думку старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, адмоўная ацэнка з боку Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека АБСЭ выбарчай кампаніі ў Беларусі стане сьведчаньнем выкананьня місіяй "палітычнага заказу". Пра гэта кіраўнік ЦВК заявіла ў інтэрвію газэце "Звязда" за 30 жніўня. Паводле словаў Ярмошынай, гэты заказ "быў агучаны 28 жніўня Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША".
Супрацоўнік КДБ Генадзь Угляніца і актывіст “Краю” Андрэй Жарнасек, якія абвінавацілі ўлады ў забойстве былога віцэ-прэм’ера ўраду Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага “эскадронам сьмерці”, – аб’яўленыя ў росшук, паведамляе “Інтэрфакс”. Пра гэта заявіў у чацьвер журналістам старшыня КДБ Беларусі Леанід Ерын.
Прадстаўнік Румыніі, які ўзначальвае зараз АБСЭ, Адрыян Севярын прыбудзе ў Менск на выбары прэзыдэнта Беларусі, што адбудуцца 9 верасьня. Місія АБСЭ ў беларускай сталіцы заявіла, што ўлады ўвялі беспрэцэндэнтныя абмежаваньні на дзейнасьць назіральнікаў, паведамляе Радыё Свабода. Да сканчэньня выбараў яны ня здолеюць праводзіць прэс-канферэнцыі. У дзень выбараў ім забараняецца нават набліжацца да сталоў, дзе выбаршчыкі атрымоўваюць бюлетэні. Таксама яны пазбаўленыя магчымасьці назіраць за правільнасьцю падліку галасоў. Усе 40 назіральнікаў – члены Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, якую ўзначальвае Адрыян Севярын.
Гарадзенскі гарвыканкам забараніў правядзеньне 30 жніўня на плошчы Леніна сустрэчы кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка з жыхарамі гораду. Як паведамілі ў вабласным штабе Ганчарыка, пры гэтым улады спасылаліся на прэзыдэнцкі дэкрэт аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.
Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” заклікала ўлады эўрапейскіх краінаў прыкласьці максымум намаганьняў для высьвятленьня лёсу тысячаў людзей, якія лічацца зьніклымі бяз зьвестак. Па дадзеных праваабронцаў, асабліва вялікая колькасьць бясьсьледна зьніклых у зонах ваенных канфліктаў. Так, у Босьніі да гэтага часу невядомы лёс 20 з паловаю тысячаў чалавек мясцовых жыхароў. У Косава зьніклі амаль 3 тысячы албанцаў, сэрбаў і цыганаў. У Чачэніі зьніклі бяз зьвестак больш за тысячу мясцовых жыхароў, у Харватыі – звыш тысячы чалавек, у асноўным сэрбы. У дакладзе Міжнароднай амністыі гаворыцца пра выпадкі зьнікненьня апазыцыйных дзеячоў у Беларусі “Аднак выкраданьні людзей адбываюцца ня толькі ў зонах ваенных канфліктаў, але нярэдка выкарыстоўваюцца ўладамі для таго, каб прымусіць замаўчаць апазыцыйных палітыкаў і незалежных журналістаў”, – гаворыцца ў дакладзе Амністыі ў частцы, якая датычыць сытуацыі на Беларусі.
“Сказаць людзям праўду”, што іх чакае пасьля выбараў у выпадку перамогі Аляксандра Лукашэнкі, заклікаў адзіны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Ганчарык старшыняў аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму. “Вы абавязаны сказаць людзям праўду пра тое, што рэальныя лічбы сабранага ўраджаю завышаныя мінімум у паўтары разы. Распавесьці пра тое, што адразу пасьля выбараў уступаюць у сілу новыя тарыфы за камунальныя паслугі, якiя вышэй за цяперашнія амаль у два разы. Распавесьці i пра тое, што ўрад канфіскуе валютныя ўкладаньні з Ашчадбанку, каб расплаціцца за расейскія крэдыты, а гэта можа пацягнуць за сабой сотні тысячаў падманутых укладальнікаў ці замарожваньне валютных укладаньняў у самы бліжэйшы час. Што прадаюць за бясцэнак МАЗ. Распавядзіце людзям праўду. Магчыма, гэта і будзе пачаткам сумленных учынкаў. Вы ведаеце, што насамрэч адбываецца на кіруемых вамі тэрыторыях, асабліва ў глыбінцы. Многія людзі ў галечы. Яны ня маюць грошай на элементарнае. Людзям няма дзе працаваць. Беларусь сьпіваецца. А дакладней – улада спойвае Беларусь”, - сказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай подчас выступу па Беларускай тэлевізыі 29 жніўня.
Сустрэча кандыдата ў прэзыдэнты ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімера Ганчарыка і яго паверанных асобаў з выбаршчакамі Менску пройдзе 2 верасьня на Кастрычніцкай плошчы з 12.00 да 15.00. Адзіны кандыдат ужо праінфармаваў аб гэтым Менскую гарадзкую тэрытарыяльную выбарчую камісію і Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт. У адпаведнасьці з заканадаўствам, кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Ганчарык папрасіў гэтыя дзяржаўныя ворганы “аказаць судзейства ў арганізацыі сустрэчы і забясьпечыць інфармацыю аб сустрэчы ў СМІ”.
25 жніўня 2001 году ў жлобінскай газэце “Металург” (ворган адміністрацыі Беларускага металургічнага заводу) быў апублікаваны артыкул галоўнага рэдактара гэтага выданьня У.Кухарэнкі. Ён заявіў, што “адным з ключавых момантаў надыходзячай кампаніі стане датэрміновае галасаваньне работнікаў заводу”. Кухарэнка даў канкрэтныя інструкцыі па арганізацыі масавага датэрміновага галасаваньня. З гэтай мэтаю, як гаворыцца ў артыкуле, “кіраўнікі цэхаў павінны папярэдне скласьці графікі, пракантраляваць яўку транспарту, наяўнасьць пашпартаў, аб’яваў аб датэрміновым галасаваньні, прапрацаваць прадвыбарчую сытуацыю з калектывам і прафактывам”.
У прадвыбарчы штаб Уладзімера Ганчарыка зьвярнуўся адзін з членаў выбарчай камісіі па Менскай вобласьці. Ён прынёс дакумэнт, які сьведчыць пра тое, што ўлады рыхтуюцца да фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня па выбарах прэзыдэнта. Інакш, навошта спатрэбілася забясьпечваць кіраўнікоў выбарчых вучасткаў і камісiй інструкцыяй з красамоўным назовам “Аб тактыцы нейтралізацыі дзейнасьці “незалежных назіральнікаў”. Ніжэй мы прыводзім тэкст інструкцыі цалкам з захаваньнем ейнай стылістыкі і арфарграфіі. Чалавек, які прадаставіў гэты дакумэнт, ручаецца за ягоную дакладнасьць і гатовы ў выпадку ўзбуджаньня крамінальнае справы супраць складальнікаў і распаўсюджвальнікаў гэтай інструкцыі выступіць у якасьці сьведкі.
Жонка Віктара Ганчара Зінаіда сустрэлася зь міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым. У прыёмным пакоі высьветлілася, што міністар запрасіў на размову і пляменьніцу Юры Захаранкі Сьвятлану Скрыпчанку.
Больш за 60 актывістаў руху ЗУБР сталі ў цэнтры Магілёву ў жывы ланцуг 28 жніўня. Маладыя людзі трымалі ў руках партрэты Генадзя Карпенкі, Юры Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьміцера Завадзкага. Работнікі міліцыі, што былі паблізу, неадкладна выклікалі падмацаваньне. Міліцыянты патрабавалі разыйсьціся, выпіхвалі ўдзельнікаў ланцуга з ходнікаў, але твары з партрэтаў па-ранейшаму глядзелі на мінакоў.
Нядаўна члены маладзёвай пралукашэнкаўскай аргнізацыі БПСМ у рамках праводзімай імі акцыі “БПСМ. Я за бацьку” ўзялі на сябе абавязацельствы ачысьціць горад ад сымболікі незарэгістраванай арганізацыі “ЗУБР”. Адначасова яны зрываюць інфармацыйныя плякаты кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Ганчарыка.