Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Адзіны кандыдат заклікае кіраўнікоў вабласьцей сказаць людзям праўду, што іх чакае ў выпадку перамогі Аляксандра Лукашэнкі 11:07, 30/08/2001
“Сказаць людзям праўду”, што іх чакае пасьля выбараў у выпадку перамогі Аляксандра Лукашэнкі, заклікаў адзіны кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Ўладзімер Ганчарык старшыняў аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму. “Вы абавязаны сказаць людзям праўду пра тое, што рэальныя лічбы сабранага ўраджаю завышаныя мінімум у паўтары разы. Распавесьці пра тое, што адразу пасьля выбараў уступаюць у сілу новыя тарыфы за камунальныя паслугі, якiя вышэй за цяперашнія амаль у два разы. Распавесьці i пра тое, што ўрад канфіскуе валютныя ўкладаньні з Ашчадбанку, каб расплаціцца за расейскія крэдыты, а гэта можа пацягнуць за сабой сотні тысячаў падманутых укладальнікаў ці замарожваньне валютных укладаньняў у самы бліжэйшы час. Што прадаюць за бясцэнак МАЗ. Распавядзіце людзям праўду. Магчыма, гэта і будзе пачаткам сумленных учынкаў. Вы ведаеце, што насамрэч адбываецца на кіруемых вамі тэрыторыях, асабліва ў глыбінцы. Многія людзі ў галечы. Яны ня маюць грошай на элементарнае. Людзям няма дзе працаваць. Беларусь сьпіваецца. А дакладней – улада спойвае Беларусь”, - сказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай подчас выступу па Беларускай тэлевізыі 29 жніўня.
Кандыдат заклікаў кіраўнікоў мясцовай улады задумацца, дзеля чаго яны “служаць гэтай уладзе”: “Вам падабаецца, калі вам “тыкаюць” на сэлектарных нарадах, калі вам хамяць на вачах усяго народу? Вам падабаецца ўвесь час жыць у страху: а раптам заўтра вы ня ўгодзіце барыну? Вы чакаеце ўдзячнасьці ад Лукашэнкі? Не дачакаецеся! Няўжо вы яшчэ не зразумелі, што ён здае ўсіх, хто ў тыя ці іншыя моманты апынуўся побач з ім, прычым здае з задавальненьнем?”
“Перад мільёнамі грамадзянаў” Ганчарык заявіў, што “ніякага “паляваньня на вядзьмарак” ня будзе”. “Ваш досьвед і вашыя веды будуь патрэбныя новай уладзе. Але толькі ў тым выпадку, калі вы не парушылі закону”, - сказаў кандыдат.
Ганчарык таксама заклікаў камандаваньне Ўзброенымі сіламі не прымаць удзелу ў палітыцы: “Ня дай Бог, які-небудзь вар’ят уцягне ў свае палітычныя гульні нашу ганаровую і паважаную армію, зладзіўшы для падагрэву падчас выбараў ваенныя навучаньні”.
Паводле інфармацыі кандыдата, ягоная каманда падрыхтавала “цэлы пакет законапраэктаў”, які “дазволіць ў бліжэйшы час вырашыць самыя вострыя праблемы”. У тым ліку: аб выплаце грашовай кампенсацыі ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама жонкам ветэранаў, аб аднаўленьні гуманітарнай дапамогі жыхарам “чарнобыльскіх” раёнаў; аб павышэньні памеру пенсыяў; аб павышэньні заробку педагагічнаму і мэдычнаму пэрсаналу, работнікам культуры.
Кандыдат у прэзыдэнты заявіў, што ў выпадку прыходу да ўлады ён ня мае намеру ствараць свой прэзыдэнцкі фонд, які ёсьць у сёньняшняга прэзыдэнта: “Ня будзе заначак ад краіны, як ад жонкі”.
Ганчарык рэкамэндаваў выбаршчыкам не прымаць удзелу ў датэрміновым галасаваньні, паколькі, на ягоную думку, гэта “магчымасьць для ўлады сфальсыфікаваць выбары”. Кандыдат зьвярнуўся да членаў выбарчых камісіяў усіх узроўняў з заклікам “не прымаць удзелу ў злачынстве, якое прасьледуецца па закону”.