Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Старшыня ЦВК абвінаваціла місію БДІПЧ АБСЭ ў выкананьні “палітычнага заказу” 11:12, 30/08/2001
На думку старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, адмоўная ацэнка з боку Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека АБСЭ выбарчай кампаніі ў Беларусі стане сьведчаньнем выкананьня місіяй "палітычнага заказу". Пра гэта кіраўнік ЦВК заявіла ў інтэрвію газэце "Звязда" за 30 жніўня. Паводле словаў Ярмошынай, гэты заказ "быў агучаны 28 жніўня Дзяржаўным дэпартамэнтам ЗША".
У гэты дзень, як вядома, дзяржсакратар ЗША Колін Паўэлл распаўсюдзіў зварот з нагоды 10-годзьдзя незалежнасьці Беларусі. Ён заявіў, што Злучаныя Штаты гатовы аднавіць паўнавартасныя адносіны з Беларусьсю, калі ў краіне будуць праведзены свабодныя й дэмакратычныя выбары ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ і будуць паважацца правы чалавека й вяршынства закону. "На жаль, пачынаючы з 1996 года беларускія ўлады вырашылі адмовіцца ад пераходу да дэмакратыі і вяршынства закону", - піша Паўэлл. Такая палітыка, паводле ягоных слоў, перашкаджае нармальным двухбаковым зносінам паміж ЗША і Беларусьсю. Каб аднавіць нармальныя адносіны, Беларусь павінна прытрымлівацца стандартаў АБСЭ, у тым ліку пры правядзеньні выбараў. Калі Беларусь ня зробіць неадкладных крокаў у адпаведным кірунку, гэта зашкодзіць развіццю двухбаковых адносінаў, і беларускія ўлады застануцца адзіным рэжымам-ізгоем у Эўропе, піша Колін Паўэлл.