Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Амбасада ЗША пратэстуе супраць дэпартацыі зь Беларусі амэрыканскага грамадзяніна 11:13, 30/08/2001
Амбасада ЗША ў Беларусі зьвярнулася да беларускіх уладаў з пратэстам у сувязі з затрыманьнем і дэпартыцыяй грамадзяніна ЗША Робэрта Філдынга, прадстаўніка амэрыканскіх прафсаюзаў. “Зрабіўшы такі надзвычайны крок, як затрыманьне і ўціск на амэрыканскага грамадзяніна, напэўна з адной мэтаю стварыць прапагандысцкі матэр’ял для падкантрольнай дзяржаве Беларускай тэлевізыі, улады выклікалі сур’ёзныя пытаньні аб сваіх намерах”, - адзначаецца ў заяве амбасады.
Філдынга затрымалі ў Гародні 25 жніўня нібыта за парушэньне правілаў рэгістрацыі, і пасьля допыту ў 10 гадзінаў, які здымаўся дзяржаўнай тэлевізыяй, дэпарціравалі ў Польшчу, абвінаваціўшы яго ва ўмяшальніцтве ў выбарчую кампанію ў Беларусі. Амбасада зьвяртае ўвагу на тое, што Філдынгу не дазволілі скарыстаць паслугі адваката, адмовілі яму ў сустрэчы з прадстаўніком амэрыканскага консульства і не дазволілі забраць асабістыя рэчы.
“На жаль, нягледзячы на намаганьні консула і пасла, амбасада ЗША ня здолела зьвязацца з прадстаўнікамі беларускага ўраду , акрамя дзяжурнага прадстаўніка Міністэрства замежных справаў, каб падцьвердзіць факты гэтай справы, - гаворыцца ў звароце амбсады. – Цікава, што падкантрольная дзяржаве беларуская тэлевізыя папярэдне атрымала інфармацыю аб затрыманьні амэрыканскага грамадзяніна, каб цалкам адздымаць ягоны допыт, але адказных прадстаўнікоў беларускай улады было немагчыма знайсьці за ўсе выходныя, каб абмеркаваць такое важнае здарэньне, якое закранае ня толькі спадара Філдынга, але і адносіны паміж ЗША і Беларусьсю”.
Амбасада сцьвярджае, што ў адпаведнасьці з Венскай канвэнцыяй, падпісанай Беларусьсю, неабходна неадкладна інфармаваць консульствы адпаведнай краіны ў выпадках, калі затрымліваецца замежны грамадзянін.