Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларускі амбасадар ня так сябе зразумеў 11:01, 03/09/2001, Газета.RU
Усяго за дзесяць дзён да прэзыдэнцкіх выбараў амбасадар Беларусі ў ЗША падклаў Аляксандру Лукашэнку вялікую сьвіньню. “Ня варта адносіцца да гэтых выбараў як да цалкам справядлівых”, - заявіў Валеры Цэпкала. Верагодна, дыплямат хацеў сказаць штосьці добрае і ня думаў падымаць бунт супраць Лукашэнкі, але атрымалася як раз наадварот. “Інтэфакс” цытуе наступнае неасьцярожнае выказваньне амбасадара: “Аляксандар Лукашэнка валодае большымi рычагамі ўплыву, чым ягоныя апаненты, і гэта можна лічыць перавагаю на надыходзячых выбарах главы дзяржавы”. На дзейнага прэзыдэнта прэса зьвяртае больш увагі, чым на ягоных супернікаў, патлумачыў спадар Цэпкала. “І гэта ўласьціва ня толькі Беларусі”, - адразу паспрабаваў выкруціцца ён. Але было позна.
Агенцтвы вынесьлі ў назоў іншую фразу: “Ня варта адносіцца да гэтых выбараў як да цалкам справядлівых”.
Брыфінг у беларускай амбасадзе быў наладжаны ў адказ на дзеяньні дзярждэпартамэнту ЗША. З Вашынгтону ў Менск 29 верасьня прыйшла афіцыйная папера, якая крытыкуе ганеньні назіральнікаў АБСЭ, закрыцьцё апазыцыйных газэтаў і іншы ўціск. Напэўна, амбасадар Беларусі хацеў патлумачыць амэрыканцам простую рэч – дакладна так, як нельга ўспрымаць кітайскую філасофію праз катэгорыю Канта, неразумна падыходзіць да беларускіх выбараў з догмамі дэмакратыі. Розныя матэрыi гэта. Амэрыканцы глядзяць на свабоду як прагматыкі, а беларусы, ва ўсялякім выпадку беларускі амбасадар, - як канфуцыянцы.
Спадар Цэпкала мог бы, вядома, выказвацца папрасьцей. Напрыклад, як глава ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына, якая ва ўчорашнім нумары газэты “Звязда” заявіла, што амэрыканскі Дзярждэп сваёй паперай “агучыў палітычны заказ”, выконваць які павінны назіральнікі АБСЭ. А спадар Лукашэнка, які ўжо здагадаўся, што АБСЭ прыехаў не назіраць, а арганізоўваць дзейнасьць апазыцыі, наогул паслаў Вашынгтон з назіральнікамі куды далей і патлумачыў, што амэрыканцам не хапае культуры.
«300 лет их цивилизации. У нас с вами – больше двух тысяч. Ну не доросли они до нашей цивилизации. Не умеют себя вести корректно», - сказаў Лукашэнка, таксама, напэўна, супастаўляючы канфуцыянства (6 тыс.гадоў да н.э.) з амэрыканскім прагматызмам (70-е гг.ХІХ ст). Аднак глава дыпляматычнай місіі Беларусі ў ЗША ня мог дазволіць сабе такую прамалінейнасьць, таму што датошныя амэрыканцы напэўна пацікавіліся б, чаму эўрапейскім назіральнікам нельга дапамагаць ворагам Лукашэнкі, а расейскім палітыкам – Зюганаву, Селязьнёву, Якаўлеву і Жырыноўскаму – можна.
Калі карэспандэнт “Газэты.Ru” зьвярнуўся з такім пытаньнем ў беларускі ЦВК, там адмовіліся адказваць. “Мы займаемся захаваньнем закону, а не палітычнымі камэнтарамі”, - заявіў начальнік інфармацыйнага аддзелу ЦВК Валеры Юр’евіч.
Неафіцыйныя камэнтатары “Газэты.Ru” дапускаюць два варыянты далейшых падзеяў – амбасадара пакараюць і адзавуць ужо пасьля другога тура прэзыдэнцкіх выбараў (ён у такім выпадку пасьпее папрасіць палітычнага прытулку) ці гісторыю з выкрываньнем несправядлівых выбараў спусьцяць на тармазах, патлумачыўшы, што амбасадара ня так зразумелі. Другі варыянт больш верагодны. Беларускія ўлады толькі ўчора паказалі, як гэта робіцца.
У аўторак яны адмаўляліся прызнаваць у адным з пэрсанажаў скандальнай відэёкасэты аб пахаваньні дзеячоў апазыцыі ў лесе ля базы САХРу супрацоўніка КДБ Генадзя Угляніцы, а ў жо ў сераду назвалі яго лепшым чакістам Менскай вобласьці, якога правакатары проста зьмясьцілі на касэце шляхам відэёмантажу. Іншы выпадак, пра які распавядала “Газета.Ru” – скандальнае бегства былога генпракурора Алега Бажэлі, які, атрымаўшы нейкія палітычныя гарантыі, вярнуўся ў Менск у той самы дзень, на які была намечана яго прэс-канферэнцыя ў Маскве адносна САХРу, што адстрэльваў апазыцыю.