Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
ЦВК вырашае пытаньне аб пазбаўленьні Ўладзімера Ганчарыка рэгістрацыі 11:05, 03/09/2001
Сёньняшняе паседжаньне Цэнтральнай выбарчай камісіi будзе прысьвечана парушэньням, якія, на думку ЦВК, дапушчаныя камандай кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Ганчарыка ў пэрыяд агітацыйнай кампаніі. Сакратар ЦВК Мікалай Лазовік падцвердзіў “БДГ”, што для санкцыяў адносна Ганчарыка аж да пазбаўленьня яго рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты ёсьць “сур’ёзныя падставы”.
Прэтэнзыі Цэнтрвыбаркаму можна падзяліць на тры катэгорыі. Першая - распаўсюд агітацыйных матэр’ялаў у падтрымку Ўладзімера Ганчарыка (улётак, плякатаў і інш.) у непрадугледжаных для гэтага месцах. Другая – распаўсюд членамі каманды Ганчарыка бясплатных газэтаў – “Народная воля”, “Наша свабода” і іншых, якія, як падкрэсьліў Мікалай Лазовік, друкуюца яўна “не на тыя грошы, што былі выдзеленыя кандыдатам на выбарчую кампанію”. Трэцяя і, напэўна, самая патэнцыйна небясьпечная для адзінага кандыдата ад дэмсілаў – форма правядзеньня сустрэчаў з выбаршчыкамі.
Як патлумачыў Мікалай Лазовік, у паверанных асобаў Уладзімера Ганчарыка ўвайшло ў практыку толькі паведамляць тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі аб месцы й часе правядзеньня сустрэч з выбаршчыкамі, што сьведчыць пра “непавагу да камісіяў”. На думку Мікалая Лазовіка “такая форма ўзаемаадносінаў з камісіямі зьяўляецца парушэньнем заканадаўства”.