Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прапагандысты з прадвыбарчай каманды Лукашэнкі робяць адну памылку за другой. Па самых прыблізных падліках за апошні тыдзень яны здолелі абваліць і без таго невысокі рэйтынг галоўнага хакеіста на 10-15%. Спачатку яны згубілі ўсіх афіцэраў і салдат, калі паказалі маёра Лукашэнку ў аперэтачнай форме і генэральскіх лампасах. Пасьля наведваньне прайгранага футбольнага матчу Беларусь – Украіна. Затым неталенавітае кіно “Адзін дзень з прэзыдэнтам” па расейскаму каналу РТР, дзе Лукашэнка хлусіў направа і налева, сьнедаў грэйпфрутамі, фальшыва іграў на баяне і пужаў сваю ўнучку. І вось сёньня прапагандыская каманда нанесла свайму шэфу яшчэ адзін сакрушальны ўдар – сьвет пабачыў спэцыяльны выпуск газэты “Советская Белоруссия”. У ім сцьвярджаецца, што на Беларусі пасьпяхова ўкараняецца плян “Белы бусел”, у выніку якога Лукашэнка будзе зьвергнуты са сваёй пасады.
“Советская Белоруссия” і так усяляк падтрымоўвае дзеяньні апазыцыі. Чаго вартыя толькі макеты “Время выбора”, якія капіруюць агітацыйныя плякаты руху ЗУБР “Час выбіраць!”. Калі ў недзяржаўных газэтах зьявіліся макеты “Час убіраць!” з адназначнай адрасацыяй – каго трэба прыбраць, самая буйная афіцыйная газэта краіны таксама зьмесьціла ў сябе аналягічны назоў і здымак камбайну. Сёньня на першай паласе “Советской Белоруссии” – партрэт Лукашэнкі і буйны загаловак “Ад дабра дабра не шукаюць”.
Таксама са спасылкаю на нейкі маскоўскі цэнтар “Незалежная палітычныя эспэртыза”, пра які ніхто ня чуў, газэта публікуе вялізную “аналітычную нататку” аб’ёмам у дзьве паласы фармату А-2, вынікі невядомых экспэртаў адназначныя – шанцаў у Лукашэнкі няма. Апазыцыя аб’яднаная, яна вядзе некалькі арганізаваных кампаніяў. Рыхтуецца да супрацьстаяньня на вуліцы. Агітуе “вертыкаль” і так далей.
Застаецца дадаць, што ўсё гэта – спэцыяльны выпуск газэты накладам 1 мільён асобнікаў. Шукайце ў сваіх паштовых скрынях...