Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
АРЦІКЛЬ 19 заяўляе пра ўціск на свабоду слова напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 11:08, 06/09/2001
АРЦІКЛЬ 19, сусьветная кампанія за свабоду слова, сёньня распаўсюджвае справаздачу “Механізм рэпрэсіяў: абноўленыя дадзеныя аб выбарах прэзыдэнта”. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў гэтая справаздача распавядае пра шырокамаштабны наступ уладаў на незалежныя СМІ з мэтаю забесьпячэньня гарантыі перавыбраньня Аляксндра Лукашэнкі.
“Урад Беларусі дэманструе поўную непавагу да ўласнага народу шляхам цэнзуры прэсы і ўціску іншадумства. Міжнароднай супольнасьці варта аб’яднаць намаганьні для таго, каб асудзіць няздольнасьць Беларусі прытрымлівацца асноўных нормаў свабоды слова, і аказаць сур’ёзны ўплыў на беларускі ўрад для паляпшэньня сытуацыі”, - заявіў Эндру Паддэфатт, выканаўчы дырэктар АРЦІКЛЬ 19.
“Мы праводзім сумленную палітыку адносна недзяржаўных СМІ падчас выбарчай кампаніі, але калі гэтыя выданьні будуць публікаваць недакладную інфармацыю, яны будуць зачыненыя”. Гэтая заўвага, зробленая Старшынём Дзяржаўнага камітэту па друку, выдае непавагу беларускага ўраду да асноўных прынцыпаў свабоды прэсы. З таго часу, калі выйшла наша справаздача (травень 2001), рэпрэсіі супраць СМІ ўзмацніліся: недзяржаўныя газэты падвяргаюцца шматразовым падаткавым і фінансавым праверкам, ім выносяць папярэджаньні, канфіскоўваюць абсталяваньне і наклады.
У сьвятле сцьвярджэньняў аб магчымай датычнасьці дзяржавы да выкраданьня і забойстваў трох актывістаў апазыцыі, а таксама журналіста Зьміцера Завадзкага, кампанія ўладаў супраць недзяржаўнай прэсы, падобна накіраваная на тое, каб праўду схаваць.
У новай для сябе ролі прамога цэнзара, якую ўрад зараз іграе, 27 жніўня ён ўдала зацьвердзілі чыноўніка Дзяржкамітэту па друку ў якасьці выконваючага абавязкі дырэктара адзінай прыватнай друкарні “Мэджык”. Вынік быў атрыманы неадкладна: 28 жніўня, 40 000 асобнікаў спэцвыпуску газэты “Рабочы” былі канфікаваныя, а галоўны рэдактар газэты Віктар Івашкевіч быў абвінавачаны ў хлусьні за тое, што ў газэтным артыкуле прыводзіліся абвінавачваньні ў карупцыі, накіраваныя супраць прэзыдэнта. 31 жніўня “Мэджык” надрукаваў спэцвыпуск “Предпринимательской газеты” з двума “белымі плямамі”.
Няма сумневаў у тым, што кампанія ўладаў супраць недзяржаўнай прэсы разам з жорстка абмежаваным доступам апазыцыйных кандыдатаў да дзяржаўных СМІ не дазволілі забясьпечыць хоць бы мінімальныя дэмакратычныя стандарты падчас выбараў”, - гаворыцца ў справаздачы АРЦІКЛЬ 19.