Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Агітацыйная экспансыя расейскіх дэсантнікаў на Беларусь 11:12, 07/09/2001
Чарговы факт умяшальніцтва расейскіх грамадзянаў у прадвыбарчую кампанію ў Беларусі зафіксаваны ў Маладэчне. 1 верасьня 2001 году ў “Маладзечанскай газэце” зьмешчана нататка “Блакітныя бярэты – за!”. Са зьместа гэтай нататкі вынікае, што ансамбль Міністэрства абароны Расеі “Блакітныя бярэты” падчас сваіх выступлаў праводзіў агітацыю ў падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты Лукашэнкі. У гэтай нататцы гаворыцца, што ўсе выдаткі, зьвязаныя са знаходжаньнем у нашай краіне сьпевакоў-дэсантнікаў з Расеі, узяла на сябе Беларуская чыгунка.
У той самы час выбарчы кодэкс (арт.45, ч.7) забараняе замежным грамадзянам прымаць удзел у прадвыбарчай агітацыі. Таму Валянціна Палевікова, кіраўнік прадвыбарчага штабу Ўладзімера Ганчарыка, накіравала ў Пракуратуру Беларусі заяву, у якой патрабавала папярэдзіць удзельнікаў ансамбля “Блакітныя бярэты” аб недапушчальнасьці вядзеньня падчас канцэртаў прадвыбарчай агітацыі ў падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі.
Акрамя таго, яна патрабуе праверыць законнасьць фінансаваньня гастроляў гэтага ансамбля за кошт сродкаў Беларускай чыгункі.
Дарэчы, пра ўсе папярэднія факты ўмяшальніцтва замежных грамадзянаў у прадвыбарчую кампанію ў Беларусі штаб Уладзімера Ганчарыка інфармаваў Пракуратуру Беларусі, але ні на адзін зварот не было адказу.