Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Член участковай камісіі сьведчыць: скрыні для галасаваньня адчыняюцца 11:27, 08/09/2001
Сьведчаньне таго, што ўлады рыхтуюць маштабную фальсыфікацыю вынікаў датарміновага галасаваньня, было атрымана сёньня ўсімі незалежнымі беларускімі СМІ па электроннай пошце. Ананім, які прадставіўся членам участковай камісіі, заявіў пра тое, што на выбарчых участках пасьля іх закрыцьця адчыняюцца скрыні для галасаваньня: “Я зьўляюся членам участковай камісіі, і мне сталі вядомыя факты незаконных дзеяньняў афіцыйных асобаў па ўмяшальніцтву ў працэс галасаваньня. На адным з выбарчых участкаў пасьля ягонага закрыцьця былі адчыненыя скрыні для галасаваньня. Я думаю, што гэта было зроблена, каб даведацца, як ідзе галасаваньне. Калі такія самыя выпадкі былі на іншых участках, то можна ўжо вызначыць ці мае Лукашэнка неабходную падтрымку і прадпрыняць меры каб яе забясьпечыць. Я думаю, што датэрміновае галасаваньне і было арганізавана для таго, каб папярэдне ведаць як будзе ісьці галасаваньне 9 верасьня”, - гаворыцца ў лісьце.
Улічваючы тыя абставіны, што Цэнтрвыбаркам сёньня дазволіў выдаваць бюлетэні для галасаваньня пры наяўнасьці ня толькі пашпарту, але й любога пасьведчаньня з фотаздымкам і пячаткаю, што стварае ўсе ўмовы для фальсыфікацыі выбараў, становіцца зразумелым, што ўлады сапраўды “пазнаёміліся” з вынікамі датэрміновага галасаваньня шляхам незаконнага адкрыцьця скрыняў і пераканаліся, што галасы насельніцтва дадзены зусім не ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.