Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Міліцыя прадпрымае спробы сарваць акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Менску, якая павінна пачацца сёньня а 17.00. Перад пачаткам прэс-канферэнцыі Лукашэнкі, якую ён праводзіў у Палацы рэспублікі, супрацоўнікі АМАПу, у форме і штацкім, сталі адсоўваць маладых людзей, якія дзяжураць на плошчы вось ужо другія суткі з Кастрычніцкай плошчы і самога прашпэкту Скарыны. Такім чынам, людзей спрабавалі схаваць ад шматлікіх замежных журналістаў, якія з’язджаліся ў гэты час на прэс-канферэнцыю Лукашэнкі. Каля 40 чалавек стаіць вонкі, на ганку Палацу. У хутнім часе да плошчы павінны падцягвацца калёны людзей. На самой плошчы сабралася некалькі дзесяткаў супрацоўнікаў праваахоўчых ворганаў і АМАПу. Больш таго, АМАП перакрыў рух у адзін бок па тратуару прашпэкту і не дае людзям прайсьці з плошчы Перамогі да Кастрычніцкай плошчы Менску.
Глава Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ Адрыян Севярын адмовіўся ў панядзелак раніцай ад сустрэчы з міністрам замежных спрваў Беларусі Міхаілам Хвастовым. Пра гэта паведамляе расейскае агенцтва Інтэрфакс. Гэты факт красамоўна кажа пра тое, якія адносіны складваюцца ў Беларусі з краінамі Эўропы пасьля жахлівай фальсыфікацыі вынікаў выбараў і парушэньнем усіх міжнародных нормаў правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў.
На прэс-канферэнцыі перад журналістамі, якую даюць члены групы міжнародных назіральнікаў ад Дзярждумы РФ, прадстаўнік фракцыі Саюзу правых сілаў Вадзім Бондар заявіў, што ён адзіны з гэтай дэлегацыі не падпісаў прынятую заяву. В.Бондар, у прыватнасьці, сказаў, што ў Беларусі існуе праблема з заканадаўствам. Па ягоных словах, яно адкрыта слабае. Існуе таксама праблема кантролю за вынікамі галасаваньня, таму што “масава і татальна з вучасткаў выдаляліся назіральнікі”.
Большасьць апытаных радыёстанцыяй “Эхо Москвы” расейцаў ня лічаць, што “выбраньне” Аляксндра Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі – дабро для Расеі. Экспрэс-апытаньне, праведзенае ў рамках праграмы “Рыкашэт” па інтэрактыўных тэлефонах, паказаў, што 64 адсоткі ня лічаць, што Лукашэнка дабро для Расеі і ўсяго 36 адсоткаў апытаных мяркуюць, што “перавыбраньне” прэзыдэнта Беларусі Лукашэнкі на другі тэрмін можа стаць спрыяльным для Расеі. Усяго падчас апытаньня за 5 хвілінаў на радыёстанцыю “Эхо Москвы” паступіла 3529 тэлефонных званкоў.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла пракамэнтавала радыё “Свабода” падзеі 9 верасьня: “Перамога Лукашэнкі – цалкам нерэальная. Лукашэнка справядліва ня мог дасягнуць такіх паказчыкаў. Гэта азначае, што ён сфальсыфікаваў выбары, што, уласна, усе і думаюць. І таму нічога іншага не застаецца, як працягваць барацьбу за свабодную і незалежную Беларусь і за лепшую будучыню народа”.
Кіраўнік дэлегацыі Парлямэнцкай асамблеі Савету Эўропы Дэйв Куорн заявіў, што ў выніку палітыкі афіцыйнага Менску 10-мільённы народ Беларусі аказаўся ў ізаляцыі. Ён адзначыў, што няма падставаў лічыць гэтыя прэзыдэнцкія выбары свабоднымі і дэмакратычнымі. І паведаміў, што ў бліжэйшы час ПАСЭ абмяркуе стратэгію зносінаў зь Беларусьсю.
Большасьць сяльчанаў Дзятлаўскага раёну прагаласавала датэрмінова. Як адзначаюць мясцовыя незалежныя назіральнікі, у дзень выбараў, 9 верасьня, на многіх вясковых выбарчых вучастках прагаласавала ўсяго па 100-130 чалавек. Большасьць вяскоўцаў свой выбар зрабілі датэрмінова. Так, на 23–м вучастку ў Дзятлаўскім раёне 9 верасьня прагаласавала ўсяго толькі 98 чалавек, а прынялі ў дзел у выбарах 752 чалавекі. Гэта значыць датэрмінова прагаласавала прыкладна 80%.
Адзіны кандыдат ад шырокай грамадзянскай кааліцыі Ўладзімер Ганчарык накіраваў у Цэнтрвыбаркам скаргу з патрабаваньнем прызнаць несапраўднымі прэзыдэнцкія выбары. “Скарга мае больш за 30 старонак і засноўваецца на зьвестках, прадстаўленых грамадзянскай ініцыятываю “Незалежнае назіраньне”, беларускім Гэльсынскім камітэтам, стуктурамі свайго выбарчага штабу. Ён дэтальна аналізуе ўвесь выбарчы працэс і парушэньні падчас ягонага парвядзеньня”, - заявіў Уладзімер Ганчарык.
Толькі што скончылася паседжаньне палітсавету штабу Ўладзімера Ганчарыка. Было прынята рашэньне правесьці сёньня а 17.00 мітынг пратэсту на Кастрычніцкай плошчы Менску. Зараз паверанныя асобы адзінага кандыдата адправіліся перадаваць скаргу ў Цэнтрвыбаркам. Сам Уладзімер Ганчарык не разьлічвае на тое, што ягоная скарга будзе разгледжана патрэбным чынам. У бліжэйшы час адзіны кандыдат ад апазыцыі мае намер аспрэчваць вынікі выбараў у Міжнародным судзе.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін у тэлефоннай размове павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з “унушальнай перамогаю на выбарах прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь”. Як паведамляе прэс-служба прэзыдэнта РФ, падчас размовы была “падцьверджана нязьменнасьць лініі на далёйшае паглыбленьне ўсебаковага расейска-беларускага ўзаемадзеяньня, працяг практычнай працы па пабудаваньню “саюзнай” дзяржавы і ажыцьцяўленьня з гэтымі мэтамі інтэнсыўных кантактаў на ўсіх узроўнях, уключна з вышэйшым”. Павіншаваў Пуцін Лукашэнку з выбарамі на гадзіну раней за тое, як АБСЭ прызнала гэтыя выбары нелігітымнымі. Пуцін рызыкуе сапсаваць узаемаадносіны Расеі з Эўропаю, дзякуючы “кантактам на ўсіх узроўнях” з апошнім дыктатарам Эўропы.
Выбары прэзыдэнта Беларусі не адказваюць міжнародным стандартам. Пра гэта заявілі сёньня на прэс-канферэнцыі ў Менску члены місіі АБСЭ па назіраньню за выбарамі Прэзыдэнта Беларусі. Удзельнікі прэс-канферэнцыі падкрэсьлілі, што назіраньне за выбарамі ў Беларусі насіла вымушана абмежаваны характар і суправаджалася шматлікімі парушэньнямі з боку ўлады - ад нагляду за прэсай да ўціску назіральнікаў.
Захад аднёсься да вынікаў выбараў, што адбыліся ў Беларусі з непрыхаваным недаверам. Журналісты не сумняваюцца ў тым, што вынікі выбарчай кампаніі былі падтасаваныя, і не шкадуюць гучных і прыніжальных выразаў кшталту “Лукашэнка - вусаты дыктатар натхнёны Гітлерам і Сталіным”.
Як адзначыў глава Міжнароднай Гэльсынскай федэрацыі, выбары ў Беларусі “прадстаўляюць сабой небясьпечны экспэрымэнт”, калі можна парушаць абавязацельствы краіны перад АБСЭ, ААН, калі можна ігнараваць дэмакратычныя стандарты і рэкамэндацыі такіх аўтарытэтных арганізацыяў як, напрыклад, Савет Эўропы.
Маніфестацыя супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі адбылася 8 верасьня ў цэнтры Стакгольму. Як паведаміла Інфармацыйнае агенцтва Швэцыі ТТ, у акцыі пратэсту прынялі ўдзел вядомыя швэдзкія палітыкі. Міністар па пытаньнях дэмакратыі Швэцыі Брытта Леён назвала прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі “непрыхаванай гульнёй” і абвінаваціла А.Лукашэнку ў грубым парушэньні правоў чалавека. Лідэр Народнай партыі Швэцыі Ларс Леёнборг адзначыў у сваім выступе, што, нягледзячы ні на што, выбары сталі “напамінам таму, што ў краіне існуюць альтнатывы правячаму рэжыму”.
Уладзімер Ганчарык на дадзены момант прымае ўдзел у працы палітсавету, які праходзіць у Палацы прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы. Унутры і ля Палацу працягваюць дзяжурыць 200 зуброў. Да іх далучылася прыкладна столькі сама прыхільнікаў Ганчарыка, якія прыйшлі сёньня з раніцы для таго, каб падтрымаць адзінага кандыдата. На сёньняшнім палітсавеце абмяркоўваецца плян працы акцыі, якая павінна прайсьці сёньня ў Менску а 17.00 на Кастрычніцкай плошчы Менску. Вырашаецца таксама пытаньне аб далейшых дзеяньнях апазыцыі адносна вынікаў учарашняга галасаваньня – Уладзімер Ганчарык заявіў пра свой намер патрабаваць ад ЦВК правядзеньня другога тура прэзыдэнцкіх выбараў, паколькі першы, праз шматлікія парушэньні закону і жахлівых фальсыфікацыяў, абсалютна не адлюстроўвае пытаньне аб тым, ці застанецца Палац прафсаюзаў эпіцэнтрам супраціву рэжыму і надалей.
У панядзелак высокапастаўлены чыноўнік АБСЭ заявіў, што выбары прэзыдэнта Беларусі не былі дэмакратычнымі. Хрэйер Бэйліян таксама дадаў, што “таксама ня стаў бы ўжываць слова “свабодныя” і “сумленныя”. Аднак Бэйліян паведаміў таксама, што ўсе парушэньні былі зробленыя ў прадвыбарчы пэрыяд. Самі выбары, па ягоных словах, прайшлі “добра”. Нагадаем, што назіральнікі Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе былі афіцыйна запрошаныя ў якасьці назіральнікаў за ходам выбараў. У панядзелак АБСЭ правядзе прэс-канферэнцыю адносна сваёй ацэнкі выбараў у Беларусі.
У Палацы прафсаюзаў працягвае знаходзіцца штаб кандыдата ў Прэзыдэнты Беларусі. Каля двухсот зубраў на дадзены момант сустракаюць Уладзімера Ганчарыка на прыступках Палацу. Тамсама знаходзяца некалькі падразьдзяленьняў АМАПу ў баявой гатоўнасьці. У ДК прафсаюзаў павінен прайсьці палітсавет штабу адзінага кандыдата, на якім апазыцыя павіна вызначыцца са сваімі далейшымі дзеяньнямі. Вядома адно – прэзыдэнцкія выбары прызнанымі ня будуць. І народ Беларусі будзе змагацца за сваю перамогу.
Сёньня каля 7 гадзінаў раніцы прадстаўнікамі штабу Ўладзімера Ганчарыка была распаўсюджана заява ад Каардынацыйнага савету ад шырокай грамадзянскай кааліцыі: “Суайчыньнікі! Вы прагаласавалі супраць сёньняшняй улады. Аднак сёньняшні ўрад зьняважыў выбар народу і цынічна зьняважыў вынікі галасаваньня на сваю карысьць. Заклікаем вас прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу сталіцы Беларусі 10 верасьня а 17.00 для таго, каб адстаяць сваё права “людзьмі звацца”. Толькі салідарныя дзеяньні здольныя спыніць злачынствы і дэспатызм. Свабода ці рабства - гэты выбар павінен зрабіць кожны з нас”.
Часткаю шырокамаштабнай праграмы назіраньня, якую праводзіла грамадзянская ініцыятыва “Незалежнае назіраньне” было ажыцьцяўленьне праэкту паралельнага падліку галасоў. Гэта распаўсюджанная ва ўсім сьвеце тэхналёгія, выкарыстоўваючы якую назіральнікі зьбіраюць, перадаюць і падлічваюць вынікі выбараў па сацыялягічна распрацаванай выбарцы выбарчых вучасткаў. Назіральнікі сабралі дадзеныя за 5 дзён датэрміновага галасаваньня. Штодзённа дадзеныя зьбіраліся ў сярэднем з 400 вучасткаў. У дзень выбараў, нягледзячы ні на што, яны сабралі каля 4/5 інфармацыі па сетцы. Але, у адрозьненьні ад дадзеных па яўцы падчас датэрміновага галасаваньня, сёньня яны ня могуць казаць пра сапраўднасьць вынікаў, якія атрымалі па датэрміновым галасаваньні.
Беларускі Гэльсынскі камітэт (БГК) накіроўвае скаргу ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньню рэспубліканскіх рэферэндумаў. У дакумэнце ўтрымліваецца патрабаваньне прызнаць несапраўднымі выбары Прэзыдэнта краіны, праведзенныя 9 верасьня, - у сувязі з грубымі парушэньнямі беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў. Пра гэта раніцай 10 верасьня паведаміла журналістам старшыня БГК Тацяна Процька.
Як паведаміў раённы каардынатар па назіраньню ад “Беларускага клюбу выбаршчыкаў” М.Ермаловіч, старшыня раённай камісіі ў г.Бярэзіно, Менскай вобл. Зіневіч Рыгор Васільевіч адмовіўся даваць любыя афіцыйныя зьвесткі пра ход галасаваньня і пра час паседжаньняў раённай камісіі. Ён заявіў: “Ні сьпісы выбаршчыкаў, ні журналы рэгістрацыі заявак аб галасаваньні на даму выдавацца для азнаямленьня ня будуць!” Старшыня камісіі Юбілейнага выбарчага вучастку г.Беразіно, Менскай вобл. Падалянчык А.С. адмовіўся даваць незалежным назіральнікам любую інфармацыю. М.Ермаловіч лічыць, што ў журналы заявак аб галасаваньні на даму ўнесена ад 15-35% выбаршчыкаў, таму што іх не даюць для азнаямленьня незалежным назіральнікам.
Як паведаміў дырэктар АТ «Магілёўскі праваабарончы цэнтар», намесьнік старшыні Магілёўскага аддзяленьня Беларускага Гэльсынскага камітэту С.У.Абадоўскі, 9 верасьня 2001 году ў дзень галасаваньня выяўленыя наступныя парушэньні ў Магілёве: