Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лаўрэат Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека, дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, журналіст Валеры Шчукін трапіў у турму на 3 месяцы толькі за тое, што паспрабаваў прайсьці на прэс-канферэнцыю міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава. Гэта й стала прычынаю арышту журналіста. Прэс-канферэнцыя пра ход расьсьледаваньня “гучных справаў” аб зьнікненьнях вядомых у Беларусі людзей, праводзілася ў рэжымным будынку МУС. Пастанова аб арышце 60-гадовага Валеры Шчукіна тэрмінам на 3 месяцы, вынесенае 15 сакавіка судом Цэнтральнага раёну Менску, уступіла ў сілу 12 чэрвеня. Заўтра Валеры Шчукін, якога ўлада нейтралізавала напярэдадні выбараў на тры месяцы, павінен быць вызвалены.
16 верасьня спаўняецца два гады з дня зьнікненьня вядомага палітыка Віктара Ганчара й прадпрымальніка Анатоля Красоўскага. Аб’яднаная грамадзянская партыя 17 верасьня а 17.00 каля рэзыдэнцыі Лукашэнкі (К.Маркса,38) правядзе акцыю “Ланцуг неабыякавых людзей”, прысьвечаную гэтай даце. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька адзначыў, што рэакцыя ўладаў на гэтае мерапрыемства будзе лакмусавай паперай, якая дакладна пакажа сапраўдныя адносіны Лукашэнкі да лёсу бясьсьледна зьніклых. “Палітычная кампанія “Выбары-2001”засталася для гісторыі, а праблема бязьдзейства ўладаў у пытаньні высьвятленьня праўды па “гучных справах” не згубіла сваёй вастрыні. Таму пра нібы кан’юнктурны характар акцыі разважаць не да месца”, - заявіў Лябедзька.
Прэзыдэнцкія выбары 2001 году ў Рэспубліцы Беларусь ўяўлялі сабой важную магчымасьць правесці ацэнку ўзроўню разьвіцьця дэмакратыі й грамадзянскай супольнасьці ў краіне. Гэтыя выбары будуць уплываць на будучыя адносіны паміж Беларусьсю й міжнароднай супольнасьцю, уключна з Эўрапейскімі інстытуцыямі. Міжнародная Місія па абмежаванаму назіраньню за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі (ММАНВ) праводзіла назіраньне за выбарамі на падставе міжнародных стандартаў па правядзеньню дэмакратычных выбараў. Гэтыя стандарты сфармуляваныя ў дакумэнтах АБСЭ і Рады Эўропы. ММАНВ пацьведзіла важнасьць 4 крытэраў, вызначаных у 2000 годзе Парлямэнцкай тройкай як асноўныя ўмовы для правядзеньня дэмакратычных выбараў і працягу працэсу дэмакратызацыі ў Беларусі. Выбарчы працэс характарызаваўся наяўнасьцю фундаментальных недахопаў, некаторыя зь якіх зьяўляюцца спэцыфічнымі для палітычнай сытуацыі ў Беларусі.
Старшыня АБСЭ міністар замежных спрваў Румыніі Мірчэ Джэоана адзначае факт неадпаведнасьці праведзеных у Беларусі прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня стандартам АБСЭ. Выбары павінны былі б стаць важкім этапам у дэмакратычным пераходзе Беларусі ў рэчышча агульнаэўрапейскага дэмакратычнага разьвіцьцця Беларусі, сцьвярджае старшыня АБСЭ. Старшыня АБСЭ таксама заявіў, што ён вітае ўзьнікненьне новых палітычных структураў у грамадзтве.
Украіна прымае да ведама вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, аднак будзе чакаць вынікаў міжнароднай супольнасьці. Пра гэта заявіў міністар замежных справаў Украіны Анатоль Зьленка ў панядзелак у размове з журналістамі ў Ялце, куды ён прыбыў для ўдзелу ў саміце Ўкраіна-ЭЗ. «Выбары ў Беларусі прайшлі, мы прымаем гэта да ўвагі, будзем чакаць заключэньня міжнароднай супольнасьці і рабіць заяву адносна гэтых падзеяў», - сказаў Анатоль Зьленка.
Скончылі працу 60 назіральнікаў з Расеі. На сваёй прэс-канферэнцыі яны назвалі беларускія выбары несправядлівымі і неаб`ектыўнымі. На думку расейскіх назіральнікаў, беларусы жывуць у аўтарытарнай дзяржаве паліцэйскага тыпу, паведамляе Радыё Свабода.
Злучаныя Штаты асудзілі вынікі ўсеагульных выбараў у Беларусі. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Рычард Рыкер заявіў, што, на жаль, нішто ў працэсе выбараў ня было празрыстым і справядлівым. Па ягоных словах, Лукашэнка проста скарыстаў выбары як прыкрыцьцё, каб заарганізаваць для сябе перамогу, якая нічога ня значыць. Рыкер сказаў, што Злучаныя Штаты згодныя з вынікамі АБСЭ, якая палічыла выбарчы працэс у Беларусі недэмакратычным. Ён сказаў таксама, што Вашынгтон зараз правядзе кансультыцыі са сваімі эўрапейскімі саюзьнікамі пра далейшы курс дзеяньняў. АБСЭ, 300 назіральнікаў якой сачылі за выбарамі, падвегла іх крытыцы як недэмакратычныя і несправядлівыя. Аднак арганізацыя не абвесьціла выбары несапраўднымі і падкрэсьліла, што Беларусь не варта ізаляваць.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Кансультатыўна-назіральнай групе АБСЭ больш няма чаго рабіць у Беларусі. Пра гэта Лукашэнка заявіў 19 верасьня на сустрэчы з журналістамі ў Палацы Рэспублікі. Нагадаем, што раней Аляксандар Лукашэнка абяцаў 10 верасьня “вышвырнуть” зь Беларусі кіраўніка КНГ АБСЭ пасла Ханса-Георга Віка.
Місія абмежаванага назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі разам з прадстаўнікамі парлямэнцкай “тройкі” правялі прэс-канферэнцыю, на якой агучылі свае папярэднія вынікі і высновы. Місія лічыць, што выбары не адпавядаюць міжнародным стандартам. Радыё Свабода прапаноўвае больш падрабязную справаздачу з прэс-канферэнцыі. Вынікі працы місіі БДІПЧ агучыў спэцыяльны каардынатар дзейнага старшыні АБСЭ Кіма Кільюнэн. Ён падкрэсьліў тры асноўных выніка:
Тры актывісты руху ЗУБР, Аляксей Шыдлоўскі, Цімафей Дранчук і Яўген Афнайгель былі выкліканыя ўчора вечарам на допыт у Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Усе трое маладых людзей затрымліваліся наўпрост на вуліцы супрацоўнікамі КДБ, якія ў прымусовым парадку суправаджалі іх на допыт. Па словах актывістаў ЗУБРа, кожнаму зь іх прыйшлося правесьці ў КДБ некалькі гадзінаў, сьледчыя дарма спрабавалі прымусіць іх распавесьці пра арганізацыйную структуру руху супраціву ЗУБР, крыніцы фінансаваньня арганізацыі, сыстэму правядзеньня акцыяў і г.д. Асобна КДБ цікавіўся дзяжурствам ЗУБРа ў Палацы прафсаюзаў у ноч з 9 на 10 верасьня і пэрсонаю Ўладзімера Ганчарыка. Допыт, па словах хлопцаў, здымаўся на відэёкамэру.
У гадзіну ночы 10 верасьня, пасьля сканчэньня прэс-канферэнцыі старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, яе вядучы аб’явіў, што а 14 гадзіне ў Палацы Рэспулікі пройдзе прэс-канферэнцыя Аляксандра Лукашэнкі, і дадаў: “Уваход замежных журналістаў будзе ажыцьцяўляцца па акрэдытацыях МЗС”. Аднак у залю прэс-канферэнцыі прэзыдэнцкая ахова не пусьціла толькі дзьвюх журналістак газэты “Народная воля” і карэспандэнта агенцтва БелаПАН.
Гомельская вабласная камісія па выбарах прэзыдэнта 10 верасьня фактычна прызнала, што аказвала супрацьдзеяньне назіральнікам у атрыманьні інфармацыі і якаснай працы на вучастках. Як заявіў на паседжаньні камісіі намесьнік яе старшыні Аляксандар Вусаў, “назіральнікі злоўжывалі сваімі паўнамоцтвамі, патрабуючы інфармацыю пра ход галасаваньня і іншыя зьвесткі”. “Найбольш настойлівых назіральнікаў з дапамогаю супрацоўнікаў УУС прыйшлося выводзіць за межы вучастку”, - сказаў Аляксандар Вусаў.
Каля 700 парушэньняў выбарчага заканадаўства зафіксавана ў Гомельскай вобласьці назіральнікамі, падрыхтаванымі Гомельскім вабласным грамадзякім аб’яднаньнем “Грамадзянскія ініцыятывы”. Прыкладна 400 зь іх былі зарэгістраваныя на вучастках Гомлі, а астатнія – у раёнах. Пра гэта БелаПАН 10 верасьня паведаміў намесьнік старшыні арганізацыі Ўладзімер Кацора.