Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Прадстаўнікі эўрапэйскіх міжнародных арганізацыяў далі ацэнку выбарам 11:05, 11/09/2001
Місія абмежаванага назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі разам з прадстаўнікамі парлямэнцкай “тройкі” правялі прэс-канферэнцыю, на якой агучылі свае папярэднія вынікі і высновы. Місія лічыць, што выбары не адпавядаюць міжнародным стандартам. Радыё Свабода прапаноўвае больш падрабязную справаздачу з прэс-канферэнцыі. Вынікі працы місіі БДІПЧ агучыў спэцыяльны каардынатар дзейнага старшыні АБСЭ Кіма Кільюнэн. Ён падкрэсьліў тры асноўных выніка:
“Працэс прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году не адпавядае крытэрам АБСЭ па правядзеньні дэмакратычных выбараў, сфармуляваных у Капенгагенскім дакумэнце 1990 году, і стандартам Савету Эўропы. Місія вітае і прызнае ўзьнікненьне грамадзянскай супольнасьці, якая зьяўляецца асновай для разьвіцьця дэмакратычных палітычных структураў, якія прадстаўляюць усе пласты насельніцтва.
Ізаляцыя Беларусі не ў інтарэсах беларускага народу і ня будзе садзейнічаць разьвіцьцю краіны”.
Дакумэнты місіі зьвяртаюць увагу на шэраг фундамэнтальных недахопаў, якія вызначылі выбарчы працэс. Падкрэсьліваецца таксама той факт, што некаторыя з тых недахопаў – спэцыфічна беларускія: “Палітычны рэжым не прыдатны да таго, каб мець апазыцыю і робіць усё магчымае для таго, каб блякіраваць ейную дзейнасьць. Наяўнасьць выканаўчых структураў улады з празьмернымі паўнамоцтвамі, уключна з магчымасьцямі кіраўніцтва краінаю з дапамогаю прэзыдэнцкіх дэкрэтаў, якія не падлягаюць адпаведнаму заканадаўчаму кантролю, што дазваляе мяняць умовы правядзеньня выбараў і шмат што іншае.
Апошняе (але гэта не азначае, што найменш важнае) – празьмерна раздутыя дзяржаўныя СМІ, а таксама цэнзура незалежных газэтаў”, - заявіў Кіма Кільюнэн.
Як будзе паводзіць сябе адносна Беларусі міжнародная супольнасьць надалей? У дакумэнце БДІПЧ у сувязі з гэтым адзначаецца: “Міжнародная супольнасьць асабліва незанепакоеная пагрозамі, якія прагучалі ў апошні час з вуснаў вышэйшага кіраўніцтва краіны ў адрас апазыцыйных і незалежных сродкаў масавай інфармацыі, а таксама палітычных актывістаў. Далейшае разьвіцьцё падзеяў будзе заставацца пад пільным міжнародным назіраньнем”.
А вось, што думае на гэты конт Стэф Горыс, якая ўзначальвае дэлегацыю ад ПАСЭ: “Беларусь на сёньняшні момант адзіная краіна, якая ня мае статуса члена ПАСЭ. 10 мільёнаў насельніцтва Беларусі ня змогуць стаць членамі дэмакратычнай сям’і Эўропы. Але ня трэба губляць надзеі. Мы гатовыя працаваць як з грамадзкімі структурамі, так і з уладамі. Спадзяемся, што яны возьмуць на сябе адпаведныя абавязацельствы. Таму беларускаю дэлегацыю запрасілі прымаць удзел у пленарным паседжаньні ПАСЭ ў сьнежні ў Стразбургу”.
Журналіст ангельскага часопіса Тhe Economist запытаў у Кіма Кільюнэна, ці магчыма зараз лічыць Лукашэнку прэзыдэнтам Беларусі? Вось, што адказаў на гэтае пытаньне спэцыяльны каардынатар дзейнага старшыні АБСЭ: “Не нашая задача прызнаваць, ці не прызнаваць. Наша задача – даць ацэнку выбарам”.