Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
60 назіральнікаў Расеі назвалі Беларусь аўтарытарнай дзяржаваю паліцэйскага тыпу 11:08, 11/09/2001
Скончылі працу 60 назіральнікаў з Расеі. На сваёй прэс-канферэнцыі яны назвалі беларускія выбары несправядлівымі і неаб`ектыўнымі. На думку расейскіх назіральнікаў, беларусы жывуць у аўтарытарнай дзяржаве паліцэйскага тыпу, паведамляе Радыё Свабода.
Дэпутат Дзярждумы Вадзім Бондар назіраў за выбарамі ў Лідзкім, Шчукінскім, Мастоўскім і Гарадзенскім раёнах. Тут расейскі парлямэнтар пабачыў, што ў выбарай кампаніі прымалі ўдзел беларускія спэцслужбы: «У суботу вечарам быў вобыск у памяшканьні, дзе разьмяшчаецца штаб паралельнага падліку галасоў. Так атрымалася, што я выпадкова прысутнічаў падчас гэтага вобыску. Гэта было каля 11-ці гадзінаў вечара, а вобыск скончыўся каля 2-х гадзінаў ночы. Нічога не знайшлі – магчыма, гэта правакацыя, але вось факт. Усіх па гэтай справе на наступны дзень (гэта значыць, у дзень выбараў) у прымусовым парадку даставілі на допыт. Таму няма падставаў казаць пра справядлівыя выбары ў краіне, дзе людзей забіраюць у КДБ, дзе назіральнікаў здымаюць вучасткаў, дзе адключаюць Інтэрнэт».
На Гарадзеншчыне назіраў за выбарамі і расейскі юрыст Аляксей Каралёў: «Няма свабоды выбару, ці калі гэты выбар зьвязаны з сур`ёзнымі наступствамі для тых, хто гэты выбар робіць «неафіцыйна» і «няправільна». Агульнае ўражаньне: пераехаць жыць у Беларусь я бы не хацеў. Няма свабоды слова. І самае галоўнае: перасьледаюць іншадумства». Марк Гольдман узначальвае ў Ліпецку Лігу правоў чалавека. Ён назіраў за выбарамі ў Берасьці: «Дванаццаць гадоў я прымаю ўдзел у выбарчых кампаніях. Але такой аднабаковай сытуацыі, якую я бачыў у Берасьці, я ніколі ня бачыў. Усё захапіў Лукашэнка – і тэлеэфір, і ўлёткі ў ягоную падтрымку. І пра што мы яшчэ са зьдзіўленьнем заўважылі – так гэта тое, што ў Лукашэнкі ў Берасьці не было штабу. А мы так хацелі паразмаўляць з ягонымі людзьмі, пацікавіцца гэтымі асобамі. Але пасьля мы зразумелі, а навошта Лукашэнку штаб, калі ўся улада, усе выбарчыя камісіі працуюць на яго», - паведаміў Марк Гольдман.