Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Узноўлена рассьледаваньне справы супраць экс-прэм’ера Беларусі Міхаіла Чыгіра, якога больш за год таму абвінавачвалі ў крадзяжы 1 мільёну даляраў і ў атрыманьні хабару. Сьледчы камітэт пры МУС аднавіў сьледчыя дзеяньні ў справе Міхаіла Чыгіра, хоць, нагадаем, што гарадзкі суд Менску ўжо разглядаў гэтую справу і віны Чыгіра не знайшоў, але палічыў яго віноўным у службовай неахайнасьці і прысудзіў 3 гады ўмоўнага пакараньня. Аднак Вярхоўны суд гэтае пакараньне не падцьвердзіў і накіраваў справу на новае рассьледваньне. З таго часу прайшоў амаль год і сьледчы камітэт чамусьці нічога не рабіў, каб скончыць рассьледаваньне. Аднавілася яна толькі зараз, праз тры дні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
Гарадзенская вабласная пракуратура арыштавала наклад – 8.132 асобнікаў чарговага нумару гарадзенскай недзяржаўнай газэты “Пагоня”. Як стала вядома БелаПАН вечарам 12 верасьня ў Гарадзенскую друкарню зьявіліся супрацоўнікі пракуратуры і прад’явілі санкцыю на канфіскацыю накладу газэты, падпісанную сьледчым вабласной пракуратуры Алегам Кулевічам. Ніякіх тлумачэньняў прычынаў арышту чарговага нумару газэты рэдакцыя не атрымала. Згодна некаторым зьвесткам, пракуратуру зацікавіў матэр’ял “Абяшчал! Абяшчаю! Буду абяшчаць!”, надрукаваны ў газэце.
Напярэдадні выбараў Аляксандар Лукашэнка паабяцаў пасьля іх сканчэньня справодзіць зь Беларусі кіраўніка місіі АБСЭ Ханса-Георга Віка. Але кіраўнік КНГ АБСЭ ня мае намеру падпарадкоўвацца "грубаму і хамскаму націску з боку беларускіх уладаў і пакідаць межы Беларусі". “Больш важным я лічу заяву афіцыйных прадстаўнікоў АБСЭ, якія на прэс-канферэнцыі ў панядзелак падтрымалі дзейнасьць КНГ АБСЭ ў Менску і асабіста маю працу. Яны падцьвердзілі, што я буду працягваць працу ў Беларусі”, - заявіў Ханс-Георг Вік у інтэрвію “БДГ”.
Два выбух-пакеты былі ўкінутыя невядомымі зламысьленікамі ўчора позна ўвечары на балкон офісу моладзевага цэнтру “Гарт” у Гомлі. Нагадаем, што моладзевы цэнтар ня раз падвяргаўся атацы з праваахоўчых ворганаў і КДБ – у мінулым месяцы былі прадпрынятыя дзьве спрообы ўварвацца ў офіс “Гарту”, адна зь якіх удалася, і міліцыя канфіскавала ўсё тэхніку моладзевага цэнтру, на базе якога працавалі і актывісты руху ЗУБР. На шчасьце, апошняя дыверсыя супраць “Гарту” не ўдалася – нягледзячы на позьні час у цэнтры былі людзі, якія прадухілілі ўзгараньне.
У Беларусі будзе прадстаўлены вопытны ўзор баявой машыны для дзеяньняў у гарадзкіх умовах. Прыватнае беларускае прадпрыемства “Маніторс-Сэрвіс” мае намер напрыканцы году прадставіць вопытны ўзор новай баявой машыны для дзеяньняў у гарадзкіх умовах. Пра гэта заявіў генэральны дырэктар прадпрыемства “Маніторс-Сэрвіс” Валеры Грабеншчыкоў у інтэрвію часопісу “Армія”.
У Беларусі дакладна прасочваецца тэндэнцыя павелічэньня колькасьць стратных прадпремстваў. Калі на 1 лістпада 2000 г. ня мелі ўласных зваротных сродкаў 21,5% прадпрыемстваў ад іх агульнай колькасьці, то на 1 красавіка 2001 г. ня мелі ўласных зваротных сродкаў ужо 30% прадпрыемстваў, у тым ліку ў прамысловасьці – 34,2%
Па дадзеных Міністэрства фінансаў унутраны валютны дзржаўны доўг Беларусі павялічыўся за ліпень на 4% і да 1 жніўня склаў 583,3 млрд. беларускіх рублёў (прыкладна 410 млн. даляраў ЗША ці 4,5% ад ВУП). У бліжэйшы час пазыка павялічыцца яшчэ больш, бо ўрад дазволіў Міністэрству фінансаў пазычыць 30 млн. даляраў у "Беларусбанка" для пагашэньня запазычанасьці па дзяржаўнаму крэдыту РФ. За жнівень вырас і ўнутраны дзяржаўны доўг у беларускіх рублях. У сувязі з гэтым Міністэрства фінансаў выдала бюджэтную пазыку на суму каля 18 млрд. беларускіх рублёў (12,5 млн. даляраў) арганізацыям хлебапрадуктаў. Зьнешні доўг Беларусі адносна ВУП (да 2000 г. ацэньваўся ў 9 млрд. даляраў) складае 16%.
Аўтарытарны Аляксандар Лукашэнка зноў выбраны прэзыдэнтам Беларусі. За яго прагаласавала 75,6% выбаршчыкаў. Апазыцыя апратэстоўвае гэтыя дадзеныя, а міжнародныя назіральнікі выказваюць меркаваньні аб падтасоўцы вынікаў выбараў. Несумненна, дастаткова рэдка камэнтары, якія зьяўляюцца на наступны дзень пасьля правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у якой-небудзь з краінаў сучаснай Эўропы, адрозьніваюцца такой адкрытай іроніяй і маюць столькі крытыкі. Аляксандра Лукашэнка атрымаў у нядзелю “перамогу па-савецкі”. Цалкам відавочна, што ў гэтым вызначэньні ёсьць намёк на актыўны ўдзел у галасаваньні, але і на атмасфэру, дзякуючы якой ён атрымаў перамогу і цень падазрэньня ў падтасоўцы вынікаў галасаваньня.
Каля трыццаці актывістаў руху супраціву ЗУБР сталі перад амэрыканскаю амбасадаю ў Менску а 11 гадзінаў 13 верасьня. Яны трымалі ў руках сьвечкі. Так беларускія патрыёты выказалі свае спачуваньні амэрыканскаму народу, які пацярпеў ад бесчалавечнага і цынічнага тэракту. Амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак і работнікі амбасады паціснулі хлопцам рукі і падзякавалі за падтрымку.
Па ініцыятыве Аб’яднанай грамадзянскай партыі і шэрагу іншых дэмакратычных арганізацыяў Беларусі 13 верасьня, з 18 да 19 гадзінаў, у Менску адбудзецца час смутку ў памяць аб тысячах людзей, якія сталі ахвярамі самага жахлівага ў гісторыі чалавецтва тэрарыстычнага акту ў ЗША. У гэты час людзі са сьвечкамі зьбяруцца ля сталічнага Кафедральнага сабору, каб выказаць свае глыбокія спачуваньні амэрыканскаму народу і сем’ям загінулых. Малебны па загінулых у ЗША 11 верасьня прайшлі ў касьцёле Дзевы Марыі і Кафедральным саборы.
На 27 верасьня прызначана паседжаньне Вышэйшага гаспадарчага суда Беларусі, на якім будзе разглядацца справа аб закрыцьці гарадзенскай незалежнай газэты “Пагоня”. Справа ўзбуджана ў адпаведнасьці з зыскам пракурора Гарадзенскай вобласьці. Згодна зыску, накіраванаму ў ВГС намесьнікам пракурора Гарадзенскай вобласьці Яўгенам Груцько, пракуратура просіць спыніць дзейнасьць газэты “Пагоня” і ліквідаваць рэдакцыю газэты. Згодна зыскавай заяве, пракурор кіруецца тым, “што з боку рэдакцыі газэты “Пагоня” мелі месца шматлікія на працягу году парушэньні патрабаваньняў артыкулу 5 Закону “Аб друку”.
Па-ранейшаму вельмі высокай застаецца ў Беларусі запазычанасьць па прафсаюзных узьнёсках. На думку кіраўнікоў галіновых прафсаюзаў, што ўваходзяць у ФПБ, такім чынам улады спрабуюць блякіраваць працу Федэрацыі, лідэр якой – Уладзімер Ганчарык – вылучаўся ў якасьці адзінага кандыдата ў прэзыдэнты і аспрэчвае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў.
Матч Кубку УЕФА паміж барысаўскім БАТЭ і італьянскім “Міланам”, якi павінен быў прайсьці сёньня а 17.30 на менскім стадыёне “Дынама”, адменены. Такое рашэньне прыняла УЕФА ў сувязі з актамі тэрору ў ЗША. Акрамя матчаў кубку УЕФА, адмененыя ўсе сёньняшнія матчы Лігі чэмпіёнаў. Пра новыя тэрміны правядзеньня гульняў пакуль нічога не паведамляецца.
Аляксандар Лукашэнка сваімі ўказамі зрабіў некалькі гучных адставак і прызначэньняў. У адстаўку адпраўлены нязьменны глава Адміністрацыі прэзыдэнта Міхаіл Мясьніковіч. На ягонае месца прызначаны глава Савету Бясьпекі, нядаўна – міністар замежных справаў Урал Латыпаў. Мясьніковіч прызначаны памочнікам прэзыдэнта па асаблівых даручэньнях. Вядома таксама аб прызначэньні новага главы Савету Бясьпекі – ім стаў зараз ужо экс-глава лукашэнкаўскай Службы Бясьпекі Генадзь Нявыглас.
Міністэрства замежных справаў Беларусі паведамляе кантактныя тэлефоны, па якіх можна атрымаць інфармацыю пра сваякоў і знаёмых, якія, магчыма, 11 верасьня знаходзіліся ў Нью-Ёрку. З генэральным консульствам Беларусі ў Нью-Ёрку можна зьвязацца па тэлефоне: 8 - 10 /1212/ 682-53-92. У МЗС Беларусі можна патэлефанаваць па нумару 222-26-62.
Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчар правёў 10 верасьня брыфінг, у якім асноўная ўвага надзялялася сытуацыі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 верасьня. “Беларусь не пасьпела ўскочыць у лодку, якая ўзяла курс на дэмакратыю. Яны спазьніліся, хоць народ Беларусі і заслугоўвае быць часткаю Эўропы. Яны павінны быць у Эўропе. Менавіта пра гэта мы заяўлялі і менавіта там мы хочам бачыць Беларусь. Такім чынам, рэжым існуе ізалявана ад астатняй Эўропы, міжнароднай супольнасьці і насамрэч ён жыве ў мінулым. Яны жывуць і ўтрымліваюць уладу метадамі, якія можна лічыць перажыткамі нават не мінулых дзесяцігодзьдзяў, а мінулага стагодзьдзя, ва ўсялякім выпадку, мы на гэта спадзяемся”, - заявіў Філіп Рыкер. Прыводзім стэнаграму той часткі брыфінгу, якая датычыць Беларусі.
Сёньня з СІЗА Менгарвыканкаму ў горадзе Жодзіна быў выпушчаны на свабоду дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, лаўрэат Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека, журналіст Валеры Шчукін. 60-гадовы Валеры Шчукін сеў у турму на 3 месяцы толькі за тое, што спрабаваў прайсьці на закрытую прэс-канферэнцыю міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава, якая праходзіла ў рэжымным будынку МУС.
Аб’яднаная грамадзянская партыя выступіла з заяваю ў сувязі з трагедыяй у ЗША, у якой пратэстуе супраць магчымага прыезду ў Беларусь лівійскага лідэра Муама Каддафі, які “ператварыў сваю краіну ў адну з базаў міжнароднага тэрарызму”. АГП асуджае “неразборлівыя кантакты і сувязі Лукашэнкі з адыёзным рэжымам Іраку, Лівіі” і разглядае продаж узбраеньняў у гэтыя краіны як “ускосную падтрымку міжнародных тэрарыстаў усіх масьцяў і адценьняў”.
Пераважная большасьць актаў пра парушэньне выбарчага заканадаўства была складзена прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацыяў па прычыне забароны выбарчых камісіяў ажыцьцяўляць назіраньне. У парушэньні парадку выбарчыя камісіі патрабавалі ад людзей, якія хацелі быць назіральнікамі, дакумэнты, якія падцьвярджаюць іхняе членства ў арганізацыях, дакумэнты ад рэгістрацыі арганізацыяў і інш. Па гэтай прычыне ў дзень выбараў не былі дапушчаныя ці пазбаўленыя акрэдытацыі тысячы назіральнікаў ад праваабарончага цэнра “Вясна”, Беларускага Рэспубліканскага клюбу выбаршчыкаў, Фонду імя Льва Сапегі, ТА “Грамадзянскія ініцыятывы”, Беларускага Гэльсынскага камітэту.
Затрымаўшы актывіста ЗУБРа Яўгена Драбязку, супрацоўнікі міліцыі не палічылі неабходным патлумачыць зубру падставы для затрыманьня: яго запіхнулі ў машыну, моцна зьбілі і даставілі ў Цэнтральнае аддзяленьне міліцыі. Намесьнік начальніка раённай міліцыі падпалкоўнік Віктар Ермакоў заявіў Яўгену Драбязка, што “пратрымае яго без усялякага суда столькі, сколькі пажадае”. У якасьці альтэрнатывы – зноў такі з прымяненьнем сілы – зубру прапанавалі падпісаць два пратаколы згодна аднаму зь якіх ён, Яўген Драбязка, не падпарадкаваўся патрабаваньням міліцыі, а згодна другому, лаяўся, чым і абразіў супрацоўнікаў праваахоўчых ворганаў.
Менскі гарадзкі суд прызнаў віноўнымі грамадзяніна Італіі Анджэла Антоніо Піў у шпіянажы і грамадзянку Беларусі Ірыну Ўшак – у дзяржаўнай здрадзе і прыгаварыў іх, адпаведна, да чатырох з паловаю і чатыром гадам пазбаўленьня свабоды. Піў – уладальнік і дырэктар замежнага прадпрыемства “Анірсавіда”, быў арыштаваны беларускімі спэцслужбамі яшчэ 18 красавіка гэтага году. Больш за чатыры месяцы супрацоўнікі КДБ хавалі ў сакрэце ня толькі прозьвішча падазронага ў шпіянажы, але і ягоную грамадзянскую прынылежнасьць.
Яраслаўскі губернатар Анатоль Лісіцын сустракаўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам 12 верасьня. Разам з прадстаўнічай дэлегацыяй вобласьці ў Беларусь прыбыў і глава “Сібірскага алюмінію” Алег Дэрыпаска. Яшчэ колькі гадоў таму ён лічыўся ў Беларусі ледзь не пэрсонай нон-грату, а зараз размова йдзе пра магчымасьць набыцьця “Сібалам” пакету акцыяў Менскага аўтазаводу. Падчас перамоваў, якія Дэрыпаска праводзіў у Менску, абмяркоўвалася магчымасьць уступленьня МАЗу ў холдынг “Руспрамаўта”, які кантралюецца “Сібалам”. Адно з прадпрыемстваў холдынгу Яраслаўскі маторны завод, - даўні партнёр МАЗа. Менскі аўтазавод і ЯМЗ сумесна выконваюць саюзную праграму разьвіцьця дызельнага аўтамабілябудаваньня. Гледзячы на ўсё, “Сібал” зрабіў прапанову, ад якой кіраўніцтва Беларусі не змагло адмовіцца: 90% матораў, якія выкарыстоўваюцца на машынах беларускага прадпрыемства, трапляе з ЯМЗ, і гэта робіць становішча МАЗу вельмі ўразьлівым.