Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Сёньня з СІЗА Менгарвыканкаму ў горадзе Жодзіна быў выпушчаны на свабоду дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, лаўрэат Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека, журналіст Валеры Шчукін. 60-гадовы Валеры Шчукін сеў у турму на 3 месяцы толькі за тое, што спрабаваў прайсьці на закрытую прэс-канферэнцыю міністра ўнутраных справаў Беларусі Ўладзімера Навумава, якая праходзіла ў рэжымным будынку МУС.
Пры вызваленьні Валеры Шчукіна ўлады дзейнічалі па раней выпрацаванаму сцэнару. Калі з месцаў пазбаўленьня волі выходзіць вядомы апазыцыянэр, то яго, як правіла, сустракаюць ня толькi родныя й сябры, але й журналісты, калегі і проста людзі, якія цалкам падзяляюць погляды, за якія страціў гэты чалавек свабоду. Адміністрацыя гэтых установаў імкнецца ў такіх выпадках сапсаваць чалавеку радасныя хвіліны сустрэчы з роднымі і блізкімі, адчуваньне падтрымкі і салідарнасьці. Вось і на гэты раз, адміністрацыя Жодзінскага СІЗА паведаміла, што адпусьціць Валеры Шчукіна 12 верасьня ў прамежак часу з 9.00 да 12.00. Але, калі ягоныя калегі зь Беларускай асацыяцыі журналістаў i Гэльсынскага камітэту пад’ехалі да Жодзінскага СІЗА к 9.00, то Шчукіна ў СІЗА ўжо не было. Яго выпусьцілі а 8.30, так што сустрэлі праваабаронцу толькі ягоная жонка і ўнучка, зь якімі ён вярнуўся ў Менск на электрычцы.
Як распавёў Валеры Шчукін, за тры тыдні да канца тэрміну ўтрыманьня ў СІЗА, яму двойчы (па 10 дзён) прыйшлося адседзіць у карцары. Па ягоных словах, гэта было зроблена з-за таго, што “ён блага ўплываў на калектыў”. Такія, па ягоных словах, тлумачэньні прагучалі ад супрацоўнікаў СІЗА.
У карцэры, па словах Шчукіна, умовы былі такія, што “ён атэіст тройчы маліўся Богу”. Сталы холад, каменная падлога, благая ежа. Да гэтага хамства і пагрозы ахоўнікаў, якія пагражалі прыкаваць сторга да батарэі, адняць у яго шкарпэткі (што, па словах Шчукіна, у камэры з каменнаю падлогаю страшэней за сьмерць), забраць туалетныя рэчы. Наогул за гэтыя тры месяцы, па словах праваабаронцы, яму давялося прайсьці праз “усе жахі ўмоваў Жодзінскага СІЗА, дзе ўсё падпарадкоўваецца не закону, а ўсталяваным у гэтай турме дзікім правілам”.
Распавёў Шчукін і пра тое, як ён галасаваў у Жодзінскім СІЗА. Па ягоных словах, у арыштны дом, дзе ён сядзеў, прыехала чатыры чалавекі з аднаго з выбарчых вучасткаў Жодзіна, паставілі скрыню і павесілі за сваёй сьпіной два плякаты з выяваю Аляксандра Лукашэнкі. Толькі, калі працэс галасаваньня падыходзіў да канца, хтосьці нагадаў членам гэтай выбарчай камісіі, што ў дадзеным выпадку агітацыя забаронена. Члены камісіі зьнялі партрэты.
Што да плянаў на будучыню, то першае, што плянуе зрабіць Шчукін, так гэта прыняць душ, нармальна паесьці і адаспацца. Пасьля ён мае намер аднаўляць свае “турэмныя дзёньнікі”, бо, па ягоных словах, толькі малая частка ягоных нататак дайшла да адрасатаў. Насамрэч практычна ўсе ягоныя лісты з апісаньнем турэмнага побыту засталіся ў кабінетах адміністрацыі Жодзінскага СІЗА. Што тычыцца астатняга, тут Валеры Аляксеевіч верны сваім прынцыпам. “Якім я быў, такім я і застаўся, і буду змагацца з рэжымам, як і раней”, - заявіў ён журналістам.