Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Лукашэнка не прадстаўляе пагрозы для Захаду. Ён усяго толькі абразьлівы 11:11, 14/09/2001, The Guardian
Беларусь – ізгой Эўропы, па словах дзяржсакратара ЗША Коліна Паўэлла – “адзіны і апошні прытулак бяззаконства” на кантыненце. Пры Аляксандры Лукашэнку, які практыкуе таталітарызм старой школы, гэтая былая савецкая рэспубліка ўпарта чапляецца за мінулае.
Свабоднае прадпрымальніцтва тут ня больш чым замежная выдумка ва ўмовах каманднай эканомікі, 80% занятых у якой залежаць ад дзяржавы. Дэмакратычныя інстытуты - яшчэ адна чужая ідэя. Лукашэнка пазбавіў правоў парлямэнт, застрашыў незалежныя сродкі масавай інфармацыі, адхіліў супернікаў (калі верыць яго былому галоўнаму кату), а зараз, падтасаваў сваё ўласнае перавыбраньне.
Назіральнікі ад АБСЭ заявілі, што нядзельныя выбары былі зьляпаныя. Няма прычынаў сумнявацца ў іхнім вярдыкце, як і ў тым, што апанент Лукашэнкі Ўладзімер Ганчарык ня мог разьлічваць на сумленную барацьбу. Лукашэнка, які ператварыў Беларусь у краіну накштал Албаніі часоў Энвэра Ходжы, пасьлядоўна выказваў пагарду да заходніх каштоўнасьцяў і стандартаў. У ягоным скажоным уяўленьні, усе назіральнікі – шпіёны.
Лукашэнка – непрыемны чалавек, але сам па сабе ён мала значыць. У адрозьненьні ад іншых ізгояў, ён не прадстаўляе пагрозы для Захаду; ён усяго толькі абразьлівы. Аднак народ Беларусі заслугоўвае лепшага. Злучаным Штатам і ЭЗ варта зараз перагледзіць сваю палітыку вастракізму, як гэта заклікае зрабіць місія АБСЭ. Відавочна, што гэтая палітыка не спрацавала і ейны працяг можа пацягнуць за сабой ператварэньне Беларусі ў яшчэ адзін Іран і Паўночную Карэю. Рэфлесыўная рэакцыя: увядзеньне санкцыяў – няправільны шлях. Улічваючы гістарычны і геаграфічны фактары, а таксама надзеі Лукашэнкі на аб’яднаньне з Расеяй, менавіта яна здольная адыграць вырашальную ролю.
Хоць прэзыдэнту Ўладзімеру Пуціну, які вымушаны зьмірыцца са “згубаю” прыбалтыйскіх рэспублік, магчыма, падабаецца мець бальшавіцкі буфер на заходняй мяжы, яму, аднак варта папярэдзіць беларускага хулігана, што раней ці пазьней ягоная ўлада скончыцца: лепш пачаць рэфармаваньне ўжо зараз, чым рызыкаваць атрымаць рэвалюцыю пазьней. Для Пуціна, які любіць казаць пра “эўрапейскую сям’ю”, Лукашэнка вырадак у ёй.