Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Беларусь падтрымлівае міжнародны тэрарызм 11:13, 14/09/2001
У Менск з трохдзённым візытам прыбыла афіцыйная дэлегацыя зь Лівіі на чале са старшынём Вышэйшага Савету абароны Лівіі Абу Бакрам Юнісам Джабэрам. Прадстаўнікі апазыцыі пратэстуюць супраць візыту і разглядаюць яго як несяброўскі крок беларускіх уладаў адносна ЗША, якія падазраюць, што Лівія падтрымлівае міжнародных тэрарыстаў. Лівійскую дэлегацыю на чале з Юнісам Джабэорам прынялі ў Менску на самым высокім узроўні – іх вітаў Аляксандар Лукашэнка, прэм’ер-міністар Уладзімер Ярмошын, сакратар Савету Бясьпекі Генадзь Нявыглас. Трэба адзначыць, што незалежных журналістаў на гэтыя сустрэчы не акрэдытавалі.
Афіцыйная прычына візыту – папярдэняя дамоўленасьць на самым высокім узроўні. У МЗС сцьвярджаюць, што прычынай візыту лівійскай дэлегацыі стала разьвіцьцё супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай сфэры і сканчэньне працы па стварэньню сумеснага банка. Будуць падпісаныя пагадненьні аб супрацоўніцтве паміж гандлёва-прамысловымi палатамi дзьвюх краінаў і паміж выканаўчымі ворганамі сталіцаў – Менску і Трыпалі. Чакалася, што ў гэтым месяцы прыедзе ў Менск і сам лідэр Лівіі Муамар Каддафі, але зараз МЗС сцьвярджае, што гэты візыт “не заплянаваны”.
З катэгарычным пратэстам супраць візыту лівійскіх кіраўнікоў у Менск выступіла Аб’яднаная грамадзянская партыя Беларусі. “Ніхто сёньня ня можа гарантаваць, што зброя, якая прадавалася ці будзе прадавацца ў Лівію (а, напэўна, будуць новыя пагадненьні, таму што ваенныя прысутнічаюць у гэтай дэлегацыі), што гэтая зброя ня будзе пасьля выкарыстоўвацца міжнароднымі тэрарыстамі. Што з дапамогаю гэтай зброі ня будуць захопленыя новыя самалёты. Гэта фактычна падтрымка міжнароднага тэрарызму”, - лічыць лідэр АГП Анатоль Лябедзька. У інтэрвію Радыё Свабода ён адзначыў, што Лівія даўно мае імідж краіны, якая падтрымлівае міжнародны тэрарызм, і беларускае кіраўніцтва гэтага ня можа ня ведаць.
А вось міжнародны каардынатар Хартыі’97 (у мінулым намесьнік міністра замежных справаў Беларусі) Андрэй Саньнікаў лічыць гэты крок звычайным для сёньняшняй беларускай улады: “Калі б не было гэтай трагедыі ў Злучаных Штатах, нічога б не зьмянілася, таму падрымка Беларусі сувязяў з дыктатарскімі рэжымамі, якія ў сваю чаргу падтрымліваюць тэрарыстаў, сьведчаць пра тую сытуацыю, якая склалася ў краіне. Гэта сьведчыць пра тую палітыку, якую праводзіць кіраўніцтва Беларусі.
Мы ведаем, што такія сувязі існуюць ня толькі зь Лівіяй, але і з Іракам, Сырыяй, Іранам...І ня толькі сувязі (мы ведаем, і гэта афіцыйна гучала, што падчас перамоваў ідзе размова аб супрацоўніцтве ў ваеннай галіне) – тое, што заўсёды лічылася небясьпечным з пункту погляду міжнароднай супольнасьці”.
Андрэй Саньнікаў таксама назваў прыём лівійскай дэлегацыі ў Менску несяброўскім крокам да міжнароднай супольнасьці ў агуле.