Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Івонка Сурвіла: дыктатары - часовыя, Беларусь – вечная 11:02, 17/09/2001
“Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 9 верасьня 2001 году яшчэ раз прадэманстравалі антыдэмакратычны характар сучаснага беларускага рэжыму, - гаворыцца ў заяве, зь якой выступіла старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублікі Івонка Сурвіла. - Аляксандар Лукашэнка дасягнуў “перамогі” метадам манапольнага кантролю над дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі, фізычнай расправы з палітычнымі апанентамі, запужваньня выбаршчыкаў праз дзяржаўных чыноўнікаў і сваіх “вертыкальшчыкаў”, паліцэйскага і адміністратыўнага перасьледу прыхільнікаў кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі, недапушчэньня выбаршчыкаў у многіх выпадках да выбарчых вучасткаў і фальсыфікацыі галасоў”.
Рада БНР заклікае грамадзянаў Беларусі працаваць і далей на карысьць адраджэньня і ўмацаваньня беларускай нацыянальнай дзяржаўнасьці, “не пакідаць надзеі, што рана ці позна беларускі народ атрымае права жыць у свабоднай, дэмакратычный і заможнай дзяржаве”.
“Праца папярэднікаў не прайшла дарэмна, а праца сучасьнікаў павінна працягвацца і далей... Прэзыдэнцкія выбары паказалі, што большая частка беларускага грамадзтва, асабліва моладзь і гараджане, хочуць бачыць Беларусь дэмакратычнай і незалежнай дзяржаваю. Значыць, як пісаў Янка Купала, “не загіне Край Забраны, покуль будуць людзі”. Беларусь пакутуе, Беларусь працуе на будучыню. Дыктатары – часовыя, Беларусь – вечная”.