 | ПАЛIТЫКА |  |

Вядзецца траўля кіраўнікоў, якія не забясьпечылі на сваіх вучастках перамогу Лукашэнкі 11:14, 19/09/2001

Кіраўнікі некаторых берасьцейскіх установаў атрымалі спагнаньне ад мясцовай вертыкалі за тое, што не забясьпечылі перамогу Лукашэнкі на падведамственных вучастках. На двух выбарчых вучастках Маскоўскага раёну Берасьці не пасьпелі своечасова “прыгладзіць” вынікі галасаваньня і Ўладзімер Ганчарык атрымаў больш галасоў, чым Аляксандар Лукашэнка. На вучастку №51, што разьмяшчаўся ў інтэрнаце Дзяржаўнага тэхналягiчнага ўнівэрсытэту, адзінаму кандыдату аддалі свае галасы 46,5% выбаршчыкаў, а Аляксандру Лукашэнку – 35,7%. Ганчарык перамог Лукашэнку і на вучастку №63 у інтэрнаце берасьцейскага заводу “Цветотрон”: тут за яго прагаласавала больш за 45% выбаршчыкаў. За Лукашэнку – каля 42%. 
На інаўгурацыю як на рапродаж 11:13, 19/09/2001

Для ўдзелу ў цырымоніі інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі 20 верасьня ў Менск плянуе прыехаць глава РАО "ГАЗПРОМ" Аляксей Міллер, кіраўнікі кампаніяў “Лукойл” Вагіт Алекпераў, “Сургутнафтагаз” Уладзімер Багданаў, “Славнефть” Міхаіл Гуцэрыеў, “Ітэра” Ігар Макараў. Гэта яшчэ раз падцьвярджае, што буйнымі беларускімі прадпрыемствамі, флагманамі айчыннай індустрыі, верагоднее за ўсё, завалодаюць расейскія бізнэс-структуры. Напярэдадні выбараў зьявілася інфармацыя пра тое, што згода Масквы захоўваць нейтралітэт адносна Лукашэнкі або падтрымаць яго неафіцыйна набываецца за кошт буйных беларускіх прадпрыемстваў-экспартэраў. Вядома таксама, што і мэр масквы Юры Лужкоў плянуе на наступны дзень адпачыць у Белавежскай пушчы, дзе 21 верасьня будзе адзначаць сваё 65-годзьдзе. Летась у пушчы ён сьвяткаваў дзень народзінаў сваёй жонкі. 
За галадоўку пратэсту жыхарак Бабруйску будуць судзіць 11:12, 19/09/2001

Чатыры жыхаркі Бабруйску, якія аб’явілі галадоўку ў жніўні гэтага году, атрымалі позвы ў суд на 28 верасьня. Падставаю для выкліка ў суд стала іх шматдзённая галадоўка, шляхам якой жанчыны спрабавалі рэалізаваць сваё права на жыльлё і працаўладкаваньне. Яніна Аўсянік і Ева Ўсьцімчук патрабавалі ад свайго начальства, адміністрацыі Бабруйскай філіі Менскага трактарнага заводу, прадставіць ім жыльлё па чарзе. Старэйшыя бухгальтары гэтага прадпрыемства Любоў Санковіч і Ева Ўсьцімчук такім чынам выказвалі пратэст супраць звальненьня з працы. Галадала і Галіна Гусева, якая лічыць, што яе шматдзетную сям’ю незаконна пазбаўляюць жыльля. Міліцыя кваліфікавала іхныя дзеньні як несанкцыянаваны пікет і накіравала іхнюю справу ў суд. 
У Крычаве ўзноўлена крымінальная справа супраць трох незалежных журналістаў 11:11, 19/09/2001

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пракуратура Крычаўскага раёну зноў пачала допыты супрацоўнікаў крычаўскай газэты “Волны горад” Сяргея Няроўнага, Вадзіма Стэфаненка і Мікалая Маторанка. На Няроўнага, Стэфаненка і Маторанку ўзнавілі крымінальную справу, абвінаваціўшы ў незаконным затрыманьні супрацоўнікаў міліцыі. Гэтае бязглуздае абвінавачваньне было вылучана некалькі месяцаў таму, калі міліцыянты захапілі крычаўскі офіс выбарчага штабу Сямёна Домаша і канфіскавалі ўсю аргтэхніку газэты “Вольны горад”. 
Лукашэнка аддзячыў самых адданых слугаў рэжыму 11:10, 19/09/2001

Аляксандар Лукашэнка прысвоіў чарговыя вайсковыя і спэцыяльныя званьні самым верным і адданым падначаленым. Варта зазначыць, што большасьць з аддзячаных “сілавікоў” падазраецца ў зьдзяйсьненьні такіх страшных злачынствах як выкраданьні і забойствы палітычных апанентаў Лукашэнкі. Размова йдзе аб прысваеньні званьня генэрал-лейтынанта старшыні КДБ Леаніду Ерыну і дзяржаўнаму сакратару Савету бясьпекі Генадзю Нявыгласу; званьні генэрал-лейтынанта ўнутранай службы начальніку сьледчага камітэту пры МУС Леаніду Глухоўскаму, узнагароджаньні ордэнам “за службу Радзіме” ІІІ ступені міністра ўнутраных справаў генэрал-маёра міліцыі Ўладзімера Навумава. Асаблівую ўдзячнасьць Лукашэнка аб’явіў першаму намесьніку главы Адміністрацыі прэзыдэнта генэрал-маёру Станіславу Князеву, званьне генэрал-палкоўніка прысвоена міністру абароны Леаніду Мальцаву. 
Пагрозьлівая будучыня: Беларусь на мяжы інфляцыйнага выбуху 11:09, 19/09/2001, «Беларускі час»

Калі верыць ураду, то сярэдні заробак у краіне, як таго і патрабаваў Лукашэнка, да верасьня дасягнуў абацяных 100 даляраў ЗША. Як ня верыць? Кожны можа перавесьцi атрыманыя грошы ў даляры. Зайдзі ў бліжэйшы абменны пункт, паглядзі курс валютаў і палічы. Але вось што дзіўна: не відаць усеагульнай радасьцi на тварах, таму што краіна ўзяла запаветную вышыню і абяцае ў бліжэйшыя гады падняцца яшчэ вышэй – да 250 даляраў у месяц. Не чуваць масавага захапленьня і адносна таго, што Беларусь займае 53 месца ў сьвеце па індэксу чалавечага разьвіцьця. Асабіста вы бачылі каго-небудзь у розуме і цьвярозай памяці, хто па прыезьдзе, напрыклад, з Польшчы ці Літвы, гэтых бліжніх краінаў далёкага замежжа, з гонарам распавядаў пра тое, як блага ім там, і якія шчасьлівыя мы тут? 
Уводзяцца спэцыяльныя пошліны на імпарт цыгырэтаў 11:08, 19/09/2001

Урад Беларусі часова тэрмінам на тры месяцы, уводзіць спэцыяльную пошліну на імпарт тытунёвых вырабаў у памеры 30% ад іхнага кошту з мэтаю абароны ўласных вытворцаў, паведамляе Reuters. Пастанова ўраду аб увядзеньні часовых пошлінаў апублікавана сёньня ў газэце “Рэспубліка” і ўвойдзе ў сілу праз месяц. У пастанове не гаворыцца аб памеры мытных пошлін на гэты момант, але гэта адзіная стаўка для краінаў “Мытнай пяцёркі”. Спэцыялісты сцьвярджаюць, што новыя мытныя пошліны прывядуць да рэзкага скарачэньня імпарту цыгарэтаў. Пастанова не распаўсюджваецца на тытунёвыя вырабы, “происходящие из Российской Федерации”.
Расейскія бізнэс-структуры пачалі дзяліць беларускую ўласнасьць 11:07, 19/09/2001, РосБизнесКонсалтинг

Самым нецярплівым аказаўся вядомы алігарх Алег Дэрыпаска. Ён прыехаў у сталіцу Беларусі ўжо 11 верасьня. Галоўны ягоны інтарэс – Менскі аўтамабільны завод. Але, маючы справу з такім надзейным партнёрам, як сёньняшняе кіраўніцтва Беларусі можна застацца не з МАЗам , а з носам. Тое, што дамоўленнасьці захоўваюцца дзіўным чынам, Дэрыпаска меў магчымасьць зразумець яшчэ ў жніўні. У прэсе зьявіўся фрагмэнт стэнаграмы перамоваў адносна лёсу МАЗу, дзе алігарх выказвае незадаволенасьць паводзінамі беларускага боку. 
МЗС выступіў з новымі абвінавачваньнямі ў адрас Вашынгтону 11:06, 19/09/2001

МЗС Беларусі выступіў з пратэстам у сувязі з учорашняй заяваю прэс-сакратара Белага дому Ары Флэйшара, у якой Флэйшар абвінаваціў Аляксандра Лукашэнку ў “крадзяжы” прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, а прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што беларускія выбары не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. “Аляксандар Лукашэнка, апошні дыктатар Эўропы, ня толькі скраў выбары ў беларускага народа, на сёньня ён таксама скраў у яго магчымасьць вярнуцца на шлях дэмакратыі і свабоднай рынкавай эканомікі”, - заявіў Флэйшар. МЗС у адказ заявіў, што “намер Вашынгтону абвергнуць вынікі выбараў і навязаць эўрапейскай супольнасьці лінію на адмову ад супрацоўніцтва зь беларускім урадам лішкавы раз падцьвярджае імкненьне ЗША любымі шляхамі зьмяніць дзяржаўны лад у Рэспубліцы Беларусь”.
Выніковае заключэньне міжнародных назіральнікаў будзе падрыхтавана праз месяц 11:05, 19/09/2001

Выніковая справаздача міжнародных назіральнікаў, якія працавалі ў Менску падчас прэзыдэнцкіх выбараў пад эгідаю АБСЭ, будзе падрыхтавана на працягу месяца. Пра гэта паведаміў супрацоўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека Бранімар Радзееў. Падчас канферэнцыі ў Варшаве дзейны старшыня АБСЭ Мірча Джэоана выкарыстоўваў дадзеныя папярэдняй справаздачы. І хоць звычайна выніковая справаздача рыхтуецца каля двух месяцаў, Бранімір Радзееў паведаміў, што, паколькі папярэдняе заключэньне назіральнікаў выклікала вялікі інтарэс, назіральнікі вырашылі падрыхтаваць выніковы варыянт дакумэнту як мага хутчэй. АБСЭ можа канстатаваць узровень дэмакратычнасьці мінулых выбараў. Пасьля падрыхтоўкі выніковага заключэньня і можа зьявіцца пытаньне аб прызнаньні ці непрызнаньні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і ўвядзеньні пэўных санкцыяў з боку краінаў-удзельніц АБСЭ. 
Пракуратура ігнаруе факты парушэньня заканадаўства 11:04, 19/09/2001

Больш за 100 заяваў аб парушэньнях выбарчага заканадаўства накіравалі ў ворганы пракуратуры назіральнікі дэмакратычных арганізацыяў Гомельскага рэгіёну. Рэгістраваць парушэньні назіральнікі пачалі яшчэ падчас датэрміновага галасаваньня. Яны тычыліся выпадкаў, калі выбаршчыкам дазваляюць галасаваць за іншых, калі ў арганізацыю выбараў пачынала ўмешвацца адміністрацыя прадпрыемстваў, калі хавалася інфармацыя пра датэрміновае галасаваньне. Аднак пракуроры не рэагуюць на парушэньні. 
Зноў падоўжаны тэрмін утрыманьня пад вартай Аляксандра Чыгіра 11:03, 19/09/2001

Пракуратура на месяц падоўжыла тэрмін утрыманьня пад вартай Аляксандра Чыгіра. Малодшаму сыну экс-прам’ера рэспублікі інкрымінуецца тайны крадзеж маёмасьці ў асабліва буйным памеры. Сын экс-прам’ера быў затрыманы яшчэ ў лютым. У ліпені справа Чыгіра была перададзеная ў суд, аднак на разгляд справа ня трапіла – яе вярнулі на дадатковае рассьледаваньне. Сёньня скончыўся чарговы, ужо трэці па ліку двухмесячны тэрмін утрыманьня Аляксандра Чыгіра пад вартаю. Беларуская апазыцыя лічыць, што перасьлед Чыгіра-малодшага выкліканы палітычнай дзейнасьцю былога прэм’ера Міхаіла Чыгіра. 
Судзяць за акцыі трохгадовай даўніны 11:02, 19/09/2001

Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў штрафам у 1 мільён 125 тысячаў рублёў (760 даляраў ЗША) актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімера Раманоўскага. Праз паўгады яго прызналі вiноўным у актыўным удзеле ў несанкцыянаванай акцыі на Дзень Незалежнасьці 25 сакавіка. 
Заробкі вырасьлі на 200% і склалі ... 40 тысячаў рублёў 11:01, 19/09/2001, www.praca.by

За апошні год заробак работнікаў Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Ільічэўская фабрыка першаснай апрацоўкі воўны” (Гомельскай вобласьці) павялічылася на 200%. Статыстыка ўражвае, а на справе заробак вырас з 20 тысячаў да 40. Што да абяцанага прэзыдэнтам заробку, эквівалентнага 100 далярам ЗША, то пра гэта нават марыць не даводзіцца. Астатнія паказчыкі дзейнасьці гэтага прадпрыемства яшчэ горшыя. 
|  |
|