Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Гародні зьнялі з пасады старшыню гарвыканкаму 11:02, 20/09/2001
Былы старшыня гарадзенскага гарвыканкаму Анатоль Пашкевіч з учорашняга дня займае іншую пасаду. Ён узначальвае аб’яднаньне “Гародняхлебпрам”. Як паведамляе Радыё Свабода, пацярпеў гарадзенскі глава за нядобрыя вынікі галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах. Па дадзеных незалежнага назіраньня, за Ўладзімера Ганчарыка ў Гародні прагаласаваў кожны трэці. Вось чаму, калі ў старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанкі разглядаліся вынікі выбараў, абласны начальнік застаўся незадаволены тым, як галасавалі жыхары Гародні. Анатоль Пашкевіч на раглядзе адсутнічаў. У гарвыканкаме патлумачылі, што ён нібыта ўзяў адпачынак, але насамрэч яму давялося напісаць заяву аб звальненьні. Зараз старшыні гарвыканкаму прыйдзецца забясьпечваць гарадзенцаў хлебам.
Анатоль Пашкевіч 5 гадоў кіраваў горадам. Папярэдняга старшыню гарвыканкаму Аляксандар Лукашэнка звольніў асабістым указам у верасьні 1996 года. На гэтай пасадзе патрэбны быў свой чалавек, і Анатоль Пашкевіч ім стаў. Служыў як і трэба. Агітаваць за Лукашэнку пачаў яшчэ за 4 месяцы да пачатку выбараў. Для ягонай перамогі Пашкевіч усё рабіў і падчас ягонай выбарчай кампаніі.
Што ж магло так не спадабавацца абласному начальству? Вынікі галасаваньня засакрэчаныя самімі ўладамі. На тым самым разглядзе вынікаў галасаваньня ў Гарадзенскiм аблвыканкаме абласная выбарчая камісія абнародавала толькі агульныя зьвесткі аб галасаваньні ў вобласьці і некаторыя рэкордныя лічбы галасоў за Лукашэнку ў асобных раёнах. Задаваць пытаньні не дазволілі і папрасілі пакінуць памяшканьне.