Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Пагроза закрыцьця “Пагоні” як ніколі рэальная 11:08, 20/09/2001
На 27 верасьня прызначана паседжаньне Вышэйшага Гаспадарчага суда, на якім будзе разглядацца зыск абласной пракуратуры аб спыненьні дзейнасьці выданьня й ліквідацыі яе як юрыдычнай асобы. “Пагоня” выходзіць у Гародні ўжо каля 10 гадоў, і апошнія гады ўзаемаадносіны з уладаю былі далёка няпростыя. Гарадзенская пракуратура зьвярнулася ў Вышэйшы Гаспадарчы суд з зыскам “у інтарэсах дзяржавы ў асобе Дзяржкамдруку”.
На думку пракуратуры, падставаю для закрыцьця газэты могуць служыць шматлікія парушэньні закону аб друку. Цікава, што, як распавёў карэспандэнту “БДГ” галоўны рэдактар “Пагоні” Мікалай Маркевіч, у 2001 годзе газэта не атрымала ніводнага афіцыйнага папярэджаньня ні ад пракуратуры, ні ад Дзяржаўнага камітэту па друку.
Праўда, у дакумэнтах, пададзеных у ВГС, згадваецца артыкул “Інтэграсты ў Гародню не прыедуць”, апублікаваны газэтаю яшчэ ў траўні. Прэтэнзыі пракуратуры выкліканыя тым, што ў гэтым матэр’яле прыводзіцца фрагмэнт заявы незарэгістраванай Мінюстам арганізацыі “Беларуская нацыянальная самаахова”. Аднак, як падкрэсьліў Мікалай Маркевіч, афіцыйнага папярэджаньня за гэты артыкул газэта не атрымоўвала. На думку Мікалая Маркевіча, “хтосьці ўжо вырашыў лёс газэты”.
Супраць рэдактара ўзбуджана крымінальная справа за абразу прэзыдэнта, сарваны выхад двух нумароў “Пагоні”. У №36 пракуратура ўгледзіла паклёп у адрэсу главы дзяржавы. У абодвух матэр’ялах, якія выклікалі прэтэнзыі пракуратура, размова йшла пра так званыя “эскадроны сьмерці” і гаварылася, што чалавек, падазроны ў датычнасьці да іх, ня мае права балятавацца на пост прэзыдэнта. Пасьля таго, як з дапамогаю сяброў калектыў газэты адшукаў новыя кампутары, зьявіліся новыя праблемы. “Пагоні” не дазволілі выкарыстоўваць ні фінансавыя сродкі, ні паперу, якія засталіся ад недадрукаванага папярэдняга нумару. Рэдакцыя вырашыла і гэтую праблему, аднак чарговы нумар газэты так і не пабычыў сьвет. У №37 увагу праваахоўчых ворганаў прыцягнуў верш "Абяшчал! Абяшчаю! Буду абяшчаць!". У ім, па сцьверджаньні галоўнага рэдактара, ні разу не згадваецца імя прэзыдэнта. Аднак прадстаўнікі пракуратуры спаслаліся на ўзбуджаную раней крымінальную справу па факту паклёпу ў адрас прэзыдэнта і канфіскавалі ўвесь наклад газэты.