Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Учора Лукашэнка ўступаў на пасаду прэзыдэнта. Сем гадоў таму ён ўжо праходзіў такую працэдуру. Але тады гэта быў усяго толькі нядаўні страшыня саўгасу, рукі якога дрыжалі ад хваляваньня і дух заміраў ад раптоўнай удачы. Зараз гэта – упэўнены глава дзяржавы, які “выкаваў перамогу” ў прамым сэнсе слова сваімі рукамі. Вось толькі няма ўжо таго адчуваньня эйфарыі ад перамогі. Таму што прэзыдэнт Беларусі сам ня ведае, менавіта колькі чалавек за яго прагаласавала.
Грамадзянская ініцыятыва “Незалежнае назіраньне” падвяла вынікі назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Згодна падведзеным вынікам, каля 30% галасоў, якія нібы аддалі за Лукашэнку былі сфальсыфікаваныя. Прадстаўнікі “Незалежнага назіраньня” на працягу двух тыдняў зьбіралі, прыводзілі ў парадак і аналізавалі інфармацыю ад каардынатараў і назіральнікаў рэгіёнаў. І хоць гэтая праца яшчэ цалкам ня скончаная, кіраўнікі “Незалежнага назіраньня” лічаць, што і апрацаваная частка інфармацыі (з 70% выбарчых участкаў) дае рэальную карціну маштабаў фальсыфікацыяў, зьдзейсьненых уладамі.
Лётчыкі беларускай авіякампаніі “Трансавіяэкспарт” ляцяць у Анголу. За кастрычнік месяц два беларускіх экіпажы транспартных самалётаў Іл-76 ад імя расейскай кампаніі “Ростанг” павінны адляцець у Луанду. Аднак гэтае рашэньне супярэчыць міжнароднаму Лусакскаму пагадненьню, якое кваліфікуе тэхнічную дапамогу гэтай краіне як ваенную. Нагадаем, што ў Анголе амаль 30 гадоў працягваецца ўзброеннае супрацьстаяньне паміж урадавымі войскамі і падразьдзяленьнямі паўстанцаў УНІТА. У “Трансавіяэкспарце” жадаючых выехаць на зароботкі ў Анголу называюць сьмяротнікамі. За 30-гадовы канфлікт паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі УНІТА, у небе гэтай краіны штогод зьнічтажаецца 10-12 грузавых самалётаў.
Урады шасьці краінаў СНД вырашылі разьвіваць кааперацыю і спэцыялізацыю прадпрыемстваў у распрацоўцы і вытворчасьці ўзбраеньняў і ваеннай тэхнікі. Пра гэта “Інтэрфаксу” паведаміў Уладзімер Белукоў, член расейскай часткі Міждзяржаўнай камісіі па ваенна-эканамічным супрацоўніцтве дзяржаваў-удзельніц СНД (МКВЭС), склад якой зацьвердзіў урад РФ.
Расейская кампанія "Лукойл" намагаецца ўсталяваць кантроль над беларускай нафтахіміяй. У Гародні, Магілёве і Наваполацку чакаюць буйнамаштабнай экспансіі расейскага капіталу. Паводле словаў менскага прадстаўніка "Лукойлу" Ўладзімера Кабанава, на ўчорашняй інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі прысутнічаў расейскі алігарх Вагіт Алекпераў. І гэта невыпадкова. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі кіраўнік "Лукойлу" ўхваліў эканамічную палітыку Лукашэнкі і паабяцаў прыцягнуць у краіну 1 мільярд даляраў інвэстыцыяў. За гэта "Лукойлу" паабяцалі выгаднае разьмяшчэньне ягоных капіталаў.
На разьвіцьцё аграпрамысловага комплексу рэспублікі за восем месяцаў гэтага году з усіх крыніцаў выдаткавана 229 мільярдаў рублёў, што ў супаставімых коштах на 12 адсоткаў больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Мінсельгаспродзе, удзельная вага інвестыцыяў, накіраваных непасрэдна на фінансаваньне АПК, у агульным іх аб’ёме па рэспубліцы склала 26 адсоткаў. Гэта на 1,2 адсоткі болей, чым за такі ж пэрыяд мінулага году.
Жахлівыя тэрарыстычныя акты, якія ўзрушылі Злучаныя Штаты на мінулым тыдні, ня толькі вымушаюць нас перагледзіць канцэпцыю барацьбы з глябальнай эпідэміяй тэрору, але таксама зьяўляюцца свайго роду момантам ісьціны для міжнароднага тэрарызму, дапамагаючы нам выкрыць сутнасьць маргінальных краінаў, якія стаяць за гэтай зьяваю. Пакуль Злучаныя Штаты спрабавалі справіцца з жахлівымі эмацыйнымі наступствамі дзікіх злачынстваў, якія пазбавілі жыцьця 6 тысячаў нявінных людзей, большасьць краінаў цывілізаванага сьвету пасьпяшылі выказаць свае спачуваньні грамадзянам Амэрыкі. У той самы час некаторыя дзяржавы без ахвоты зрабілі тое самае, каб не выдзяляцца сярод астатніх. Аляксандар Лукашэнка, беларускі кіраўнік, які толькі-толькі выйграў сфальсыфікаваныя выбары, быў сярод гэтых апошніх.
“Нас больш не задавальняе нават ня тое, што выбары ў Беларусі не былі нi свабоднымі, ні справядлівымі. Хоць гэта, вядома, таксама непрымальна. Нас не задавальняе, што за гэтыя гады Беларусь зусім не прасунулася ў накірунку выбарчых стандартаў цывілізаванага сьвету. Беларусь хутчэй зрабіла крок у зваротным накірунку. Беларусь практычна цалкам ізалявала сябе ад іншых эўрапейскіх краінаў, нягледзячы на тое, што геаграфічна яна частка эўрапейскага кантыненту”, -заявіў у інтэрвію Радыё Свабода пасол Джозэф Прэсэл, кіраўнік дэлегацыі ЗША на штогадовай канферэнцыі АБСЭ “Чалавечае вымярэньне”, якая сёлета праходзіць у Варшаве.
Кіраўнік Кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Ханс-Георг Вік апублікаваў у швэйцарскім выданьні Neue Zuercher Zeitung асноўныя тэзы дакладу, зь якім мае намер выступіць 25 верасьня ў Вене. Абвінавачаны ў стварэньні агентурнай шпіёнскай сеткі ў Беларусі, былы шэф BND Ханс-Георг Вік тлумачыць словы беларускага лідэра тым, што ўлады Беларусі ў чарговы раз хацелi настроіць насельніцтва супроць місіі АБСЭ. Па словах Віка, супраць такой нелюбімай Лукашэнкам арганізацыі выкарыстоўвалі такі аргумент: АБСЭ сваю місію ў Беларусі выканала і ейны мандат скончыўся, але гэта, па словах Віка, цалкам не адпавядае тэксту мандата. Як выказаўся на старонках “NZZ” кіраўнік місііі АБСЭ і далей будзе працаваць у Беларусі і, згодна таму самаму мандату, мае права супрацоўнічаць ня толькі з урадам, але і з апазыцыяй і няўрадавымі арганізацыямі.
Каардынатары “Незалежнага назіраньня” па Магілёўскай вобласьці падвялі першыя вынікі парушэньняў выбарчага заканадаўства. Каля 400 назіральнікаў з розных раёнаў Магілёўскай вобласьці падчас датэрміновага галасаваньня і пасьля 9 верасьня накіравалі лісты ў мясцовую пракуратуру, Цэнтрвыбаркам, абласную і раённыя выбарчыя камісіі. Але пракуратура адмовілася падцьвердзіць гэтыя факты.
На сайце руху супраціву ЗУБР разьмешчана фотакроніка падзеяў, што адбыліся ў Беларусі 9 і 10 верасьня. Тамсама можна прачытаць краналёгію таго, што адбывалася ў нашай краіне ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў і ў ноч з 9 на 10 верасьня, калі на Кастрычніцкай плошчы Менску стаялі людзі, а актывісты руху супраціву ЗУБР штурмавалі і захапілі будынак Палацу прафсаюзаў.