Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
“Лукойл” рыхтуецца ўсталяваць кантроль над беларускай нафтахіміяй 11:07, 21/09/2001
Расейская кампанія "Лукойл" намагаецца ўсталяваць кантроль над беларускай нафтахіміяй. У Гародні, Магілёве і Наваполацку чакаюць буйнамаштабнай экспансіі расейскага капіталу. Паводле словаў менскага прадстаўніка "Лукойлу" Ўладзімера Кабанава, на ўчорашняй інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі прысутнічаў расейскі алігарх Вагіт Алекпераў. І гэта невыпадкова. Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі кіраўнік "Лукойлу" ўхваліў эканамічную палітыку Лукашэнкі і паабяцаў прыцягнуць у краіну 1 мільярд даляраў інвэстыцыяў. За гэта "Лукойлу" паабяцалі выгаднае разьмяшчэньне ягоных капіталаў.
Як паведаміў сёньня Радыё Свабода маскоўскі прадстаўнік "Лукойлу" Дзьмітры Далгоў, пасьля беларускіх выбараў бакі актывізавалі перамоўны працэс. Як вынікае з тлумачэньняў расейскага боку, "Лукойл" выказвае вялікі інтарэс да супрацоўніцтва зь вядучымі прадпрыемствамі беларускай нафтахіміі. У прыватнасьці, гарадзенскім "Азотам", магілёўскім "Хімвалакном", наваполацкімі "Нафтанам" і "Палімірам".
Цяперашнія ініцыятывы расейцаў намесьнік генэральнага дырэктара "Нафтану" Віктар Канобры пракамэнтаваў наступным чынам: "Ідуць рабочыя кансультацыі. Група, якую стварылі "Белнафтахім" і "Лукойл", працавала і працягвае працаваць у нас. Пытаньне, такім чынам, нявызначанае. Усё будзе вызначацца ўмовамі, якія будзе прапаноўваць "Лукойл". "Лукойл" зацікаўлены ў стварэньні структураў, у якіх ён бы браў удзел. Мы ж дзяржаўнае прадпрыемства і самі не прымаем рашэньняў. Прапановы будуць накіраваныя ва ўрад і прэзыдэнту. І яны вырашаць: ці прымальныя ўмовы, на якіх "Лукойл" хацеў бы працаваць на рынку Беларусі".
На думку экспэртаў, "Лукойл" свой мільярд інвэстыцыяў не адважыцца ўкладаць у дзяржаўныя прадпрыемствы. А таму расейская кампанія будзе патрабаваць ад Аляксандра Лукашэнкі іхнага разьдзяржаўленьня. Інакш кажучы, найлепшыя прадпрыемствы Беларусі будуць прыватызаваць.