 | ПАЛIТЫКА |  |

Людзі змагаюцца за Курапаты 11:16, 24/09/2001

У Курапатах перад указальнікам паставілі два вялікіх крыжы. На ўсіх дрэвах побач з дарогай людзі замацавалі абразкі і таблічкі са словамі: “Тут было расстраляна больш за 200 тысячаў чалавек”.
Лукашенко провел «чистку» правительства 11:15, 24/09/2001

Александр Лукашенко в понедельник утвердил новую структуру белорусского правительства и президиума совета министров. В результате с восьми до четырех сократилось число вице-премьеров, ликвидированы все госкомитеты, наполовину сокращены министерства, а также создаются некоторые государственные комитеты при совете министров. 
Павераных асобаў Ганчарыка будуць судзіць за сустрэчы з выбаршчыкамі 11:14, 24/09/2001

У Гарадзенскі раённы аддзел міліцыі сёньня выклікалі былога намесьніка кіраўніка гарадзенскага раённага штабу Ўладзімера Ганчарыка Тадэвуша Гавіна. Яго, а таксама паверанную асобу Ганчарыка Мечыслава Гіруця, абвінавачваюць у арганізацыі несанкцыянаванага сходу 7 верасьня ў мястэчку Сапоцкін Гарадзенскага раёну. У той дзень прадстаўнікі штабу адзінага дэмакратычнага кандыдата правялі ў мясцовай школе з дазволу адміністрацыі сустрэчу з выбаршчыкамі. 
Стомлены ад ілжы Азаронак адпачывае 11:13, 24/09/2001

На днях у Першамайскім судзе Менску павінен быў адбыцца разгляд справы па зыску лідэра АГП Анатоля Лябедзькі да Белтэлерадыёкампаніі і нязьменнага аўтара перадачы БТ “Тайныя спружыны палітыкі” Юры Азаронка. У сваёй ілжывай перадачы, якая распальвае ксэнафобію, Азаронак сцьвярджаў, што пасьля адной з паездак у Польшчу дабрабыт Лябедзькі павялічыўся на 8,500 даляраў. Пры гэтым аўтар не прывёў ніводнага доказу, ад чаго адпаведна і быў выкліканы ў суд. Аднак у судзе прадстаўнікі БТ заявілі, што Юры Азаронак бліжэйшы месяц правядзе ў адпачынку за межамі Беларусі. 
Вэб-сайт аб “эскадронах сьмерці” 11:12, 24/09/2001

Новы інтэрнэт-рэсурс www.uberalles.org, зьявіўся нядаўна, 30 жніўня, у сетцы. Сайт прысьвечаны тэме зьнікненьня ў Беларусі людзей. Зьвяртае на сябе ўвагу, перш за ўсё, тытульная старонка: на чорным фоне зьяўляюцца белыя літары: Дзе? Пасьля яны трансфармуюцца ў імёны Ганчар, Захаранка, Майсеня, Карпенка, Красоўскі. Колер літараў ператвараецца ў чырвоны, пасьля яны зьнікаюць. Зьяўляецца надпіс: хто наступны? Апошні тэкст на старонцы uberalles.оrg датаваны 11 верасьнем. Агалоўлены ён аўтарам так: “Сайт будзе служыць як мінімум яшчэ пяць гадоў”. І далей: “Спачатку плянавалася, што пасьля перамогі на выбарах кандыдата ад дэмакратычных сілаў расьсьледаваньне ўсіх “гучных справаў” будзе даведзена да лягічнага сканчэньня, і віноўныя і іхныя памочнікі сядуць... разам са сваім кіраўніком, а сайт вычарпае сябе. Аднак здарылася тое, што здарылася... Пяць гадоў не так і шмат для гісторыі... Мы з вамі вытрымаем. Таму што мы хочам ведаць праўду”. На сайце разьмешчаныя ўсе дакумэнты справы № 414100 – справы “эскадронай сьмерці”. 
У Беларусі назіраецца павелічэньне тэмпаў інфляцыі 11:11, 24/09/2001

Па дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, за першыя два тыдні верасьня рост спажывецкіх коштаў у краіне склаў 0,8 адсоткі (па 0,4 адсоткі за кожны тыдзень). Між тым за першыя два тыдні кошты павялічыліся на 0,5 адсоткі, а па выніках месяца – на 0,8 адсоткаў. З пачатку году спажывецкія кошты ў Беларусі вырасьлі на 26,4 адсоткі (за гэты ж пэрыяд 2000 году – на 73,6 адсоткі, у тым ліку за першыя два тыдні верасьня – на 4 адсоткі). 
Судовыя слуханьні па “справе Завадзкага” пачнуцца 24 кастрычніка 11:10, 24/09/2001

Менскі вабласны суд прызначыў пачатак слуханьняў па справе аб зьнікненьні аператара ГРТ Зьміцера Завадзкага. Як паведаміў “Інтэрфаксу” старшыня суда Георгій Хоміч, першае судовае паседжаньне па гэтай справе адбудзецца 24 кастрычніка. Па ягоных словах, судовы працэс будзе зачыненым. Хоміч таксама адзначыў, што судовыя паседжаньні будуць праходзіць у адной з заляў Вярхоўнага суда рэспублікі. Гэта, па ягоных словах, абумоўлена тым, што ў будынку Менскага вабласнога суда няма вялікіх залаў для судовых паседжаньняў. 
У Шклове зьбіты незалежны журналіст 11:09, 24/09/2001

Рэдактара незалежнай газэты “Шклоўскія навіны” Аляксандра Шчарбака вечарам 22 верасьня зьбілі двое невядомых мужчынаў. Двое вялікіх хлопцаў у цёмных скураных куртках зьбілі рэдактара і сыйшлі, нічога не сказаўшы і не захапіўшы. Былі так жорстка, што ў нейкі момант Аляксандар Шчарбак нават траціў прытомнасьць. Трэба адзначыць, што рэдактар “Шклоўскіх навінаў” зьяўляецца фігурантам па ўзбуджанай напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў крымінальнай справе. Разам зь ім у антыдзяржаўных дзеяньнях абвінавачваюцца актывісты руху супраціву ЗУБР. Ня так даўно ў кватэры Шчарбака мясцовая міліцыя правяла вобыск і канфіскавала ўсё абсталяваньне рэдакцыі. Пры відавочнай прадузятасьці ўладаў у перасьледзе журналіста й газэты, Шчарбак ня мае вялікіх надзеяў на дапамогу праваахоўчых ворганаў. Ён зьвярнуўся за дапамогай у міліцыю, але супрацоўнікі Шклоўскага РАУС, як паведамляе газэта “Наша Свабода”, здолелі вярнуць рэдактару газэты толькі разьбітыя акуляры... 
Прыватныя друкарні страхуюцца 11:08, 24/09/2001

Кіраўнікі прыватных друкарняў Беларусі працягваюць браць на сябе функцыі цэнзараў, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Так, праз прыватную менскую друкарню “Плутас-Маркет” ня быў надрукаваны ў тэрмін чарговы нумар недзяржаўнай газэты “Згода”. 
Камітэт па абароне журналістаў асуджае перасьлед незалежных СМІ падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 11:07, 24/09/2001

Камітэт па абароне журналістаў асуджае атакі ўладаў Беларусі на незалежныя СМІ падчас выбараў прэзыдэнта 9 верасьня. У першую чаргу гэта тычыцца блякіроўкі беларускімі ўладамі доступу да незалежных інтэрнэт-сайтаў, якія ў рэжыме он-лайн перадавалі паведамленьні пра ход выбарчай кампаніі і парушэньнi на выбарчых ўчастках. “Свабодныя і дэмакратычныя выбары патрабуюць неабмежаванага распаўсюду ідэяў і абмену інфармацыяй”, - заявіла выканаўчы дырэктар Камітэту па абароне журналістаў Энн Купер. “Выкарыстаньне цэнзуры і ўціску на незалежныя і апазыцыйныя мас-медыя падчас гэтых выбараў яшчэ раз прадэманстравала пагарду Аляксандра Лукашэнкі да дэмакратыі”.
Дэлегацыя Вярхоўнага Савету будзе выступаць на паседжаньні ПАСЭ 11:06, 24/09/2001

Дэлегацыя Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня адпраўляецца ў Стразбург на паседжаньне распачалай сёньня Парлямэнцкай Асамблеі Савету Эўропы. Дэлегацыя будзе складацца з трох чалавек. Дэпутаты Вярхоўнага Савету плянуюць прыняць удзел у працы палітычных групаў, сустрэцца з адказнымі асобамі. “Вельмі важна, каб сёньня голас і Вярхоўнага Савету, і палітычнай апазыцыі гучаў у Стразбургу. Таму што другая дэлегацыя ідзе з іншымі намерамі, з іншымі мэтамі. Мы таксама плянуем выехаць на паседжаньне Сталага Камітэту ПА АБСЭ, мы ўжо атрымалі запрашэньне. Там ужо ў трэці раз будзе разглядацца беларускае пытаньне. Дэ-факта для Беларусі дзейнічае прынцып “пустога месца”, дэ-юрэ - захоўваюцца паўнамоцтвы Вярхоўнага Савету. Мандатная камісія зноў зоймецца разглядам гэтага пытаньня, у выніку чаго вызначыцца канчатковы статус для Беларусі”, - паведаміў віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька. 
Уладзімер Ганчарык спрабуе аспрэчыць вынікі выбараў у Вярхоўным судзе 11:05, 24/09/2001

24 верасьня старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларускай і адзіны кандыдат у прэзыдэнты Ўладзімер Ганчарык накіруе поўны варыянт скаргі аб парушэньнях выбарчага заканадаўства падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Вярхоўны суд Беларусі. Вярхоўны суд у адпаведнасьці з правіламі разгляду выбарчых спрэчак павінен прыняць рашэньне ў 10-дзённы тэрмін. Як вынікае са скаргі Ганчарыка, “аб’яўленыя вынікі галасаваньня ня маюць нічога агульнага з рэальным волевыяўленьнем народа. Назіральнікі зафіксавалі тысячы парушэньняў. Пачынаючы з недапушчэння ў склад выбарчых камісіяў прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, выкарыстаньня дзяржаўных газэтаў, радыё і тэлевізыі для агітацыі на карысьць аднаго кандыдата і для ачарненьня іншых, і сканчваючы масавай падменай бюлятэняў для галасаваньня”.
Абнародаваныя факты перасьледу незалежных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах 11:04, 24/09/2001

Шматлікія факты перасьледу назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі абнародаваў каардынатар грамадзкай ініцыятывы “Незалежнае назіраньне” Алесь Бяляцкі. Выступаючы 21 верасьня ў Менску на прэс-канферэнцыі па выніках назіраньня, ён заявіў: “Памылкі ў выбарчым заканадаўстве і ў арганізацыі выбараў дазволілі ўладам правесьці іх маштабную фальсыфікацыю па ўсёй краіне”.
Працягваюцца перасьледы актывістаў ініцыятыўнай групы Ганчарыка 11:03, 24/09/2001

У Магілёўскай вобласьці працягваюць перасьледаваць актывістаў ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка. Супроць жыхароў Магілёву Віктара Ясюкевіча і Тамары Леўскай ўзбудзілі крымінальныя справы – абвінавачваюць ў супраціўленьні міліцыі. Пад пагрозаю звальненьня з працы апынуліся многія незалежныя назіральнікі. 
“Белпошта” зноў ударыла па кішэні незалежных СМІ 11:02, 24/09/2001

Беларуская асацыяцыя журналістаў выказала пратэст чарговаму павышэньню - у паўтары разы – тарыфаў на паслугі рэспубліканскага дзяржаўнага аб’яднаньня “Белпошта”. Як паведамляе прэс-служба БАЖ, на днях рэдакцыі недзяржаўных газэтаў атрымалі ад “Белпошты” ліст аб фармаваньні падпіснога каталёгу на першае паўгодзьдзе 2002 году. У лісьце паведамляецца, што тарыфы на паслугі сувязі, якія будуць прымяняцца “Белпоштай”, вырасьлі ў 1,47 разы. 
У Менску адбудзецца сустрэча кіраўнікоў сілавых ведамстваў краінаў СНД 11:01, 24/09/2001

Сустрэча кіраўнікоў сілавых ведамстваў краінаў Садружнасьці адбудзецца 31 кастрычніка ў штаб-кватэры СНД у Менску. Як паведаміла “Інтэрфаксу” ў пятніцу прэс-сакратар старшыні Выканкаму СНД Таццяна Ягорава, у праэкт павесткі дня сумеснага паседжаньня ўвайшлі “актуальныя для Садружнасьці пытаньні”. У прыватнасьці, “аб узаемадзеяньні міждзяржаўных ворганаў Садружнасьці ў рэалізацыі Міждзяржаўнай праграмы сумесных мераў барацьбы са злачыннасьцю на пэрыяд з 2000 да 2003 году і Праграмы дзяржаваў-удзельніц СНД па барацьбе з міжнародным тэрарызмам і іншымі праявамі экстрэмізму на пэрыяд да 2003 году”.
|  |
|