Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Абнародаваныя факты перасьледу незалежных назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах 11:04, 24/09/2001
Шматлікія факты перасьледу назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі абнародаваў каардынатар грамадзкай ініцыятывы “Незалежнае назіраньне” Алесь Бяляцкі. Выступаючы 21 верасьня ў Менску на прэс-канферэнцыі па выніках назіраньня, ён заявіў: “Памылкі ў выбарчым заканадаўстве і ў арганізацыі выбараў дазволілі ўладам правесьці іх маштабную фальсыфікацыю па ўсёй краіне”.
Сярод парушэньняў заканадаўства Алесь Бяляцкі, у прыватнасьці, адзначыў адмову старшыняў выбарчых камісіяў прадстаўляць назіральнікам сьпісы выбаршчыкаў і сакрыцьцё вынікаў папярэдняга галасаваньня. Па ягоных словах, неадпаведнасьць вынікаў папярэдняга галасаваньня і галасаваньня ў асноўны дзень выбараў “сьведчыць пра масавую фальсыікацыю вынікаў”. Напрыклад, паведаміў Бяляцкі, на выбарчым вучастку №4 Першамайскага раёну Менску ў адзін з дзён папярэдняга галсаваньня Ўладзімера Ганчарыка падтрымалі 4 адсоткі, а 9 верасьня - 48 адсоткаў выбаршчыкаў, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі адпаведна 89,62 і 37,97 адсоткі выбаршчыкаў. У той самы час, сказаў Бяляцкі, як паказвае міжнародная практыка, суадносіны галасоў, пададзеных за таго ці іншага кандыдата падчас папярэдняга галасаваньня і ў асноўны дзень выбараў, прыкладна аднолькавае. Каардынатар “Незалежнага назіраньня” таксама адзначыў сотні фактаў маніпуляцыяў падчас падліку галасоў. “Працэдура сакрытага падліку галасоў, калі члены камісіяў не назвалі лічбы прагаласаваўшых за таго ці іншага кандыдата, а пісалі іх на паперках, кажа пра тое, што механізм падліку галасоў быў вызначаны “зьверху”, - лічыць Бяляцкі.
Ён выказаў надзею, што з часам факты фальсыфікацыі выбараў будуць падцьверджаныя членамі выбарчых камісіяў. Разам з тым, падкрэсьліў Бяляцкі, улады вельмі хітра перавярнулі факты і сталі абвінавачваць незалежных назіральнікаў у фальсыфікацыях і перашкодзе выбарам. Так, напрыклад, працягваецца судовы перасьлед каардынатараў “Незалежнага назіраньня” па Савецкім раёне Менску Алеся Галіча і па Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласьці Пятра Мігурскага. Крымінальная справа адносна апошняга заведзеная “за злоўжываньне службовых паўнамоцтваў”, хоць назіральнік выконваў грамадзкія абавязкі. За ўдзел у назіраньні зволеныя з працы каардынатар па Крупскім раёне Менскай вобласьці, настаўнік Андрэй Аляхновіч і выкладчык Сьмілавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікуму ў Чэрвенскім раёне Менскй вобласьці Аляксандар Нікіцін. Ягоны сын, які таксама працуе выкладчыкам гэтага тэхнікуму, атрымаў ад дырэктара навучальнай установы папярэджаньне “за антыдзяржаўную дзейнасьць”. Каардынатар па горадзе Бялынічы Магілёўскай вобласьці Алег Мяцеліца адседзіў 15 сутак за правядзеньне сэмінараў з назіральнікамі на сваёй кватэры. Па словах Алеся Бяляцкага, існуе пагроза ўзбуджэньня крымінальных справаў супроць каардынатараў назіраньня па Гарадзенскай вобласьці Сяргея Мальчыка і Ўладзімера Хільмановіча, а таксама па Гарадзенскім раёне Ўладзімера Кісялевіча.