Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Кіраўнікі прыватных друкарняў Беларусі працягваюць браць на сябе функцыі цэнзараў, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Так, праз прыватную менскую друкарню “Плутас-Маркет” ня быў надрукаваны ў тэрмін чарговы нумар недзяржаўнай газэты “Згода”.
Раніцай 20 верасьня галоўнаму рэдактару Аляксею Каралю замест надрукаванага накладу вярнулі плёнкі з арыгінал-макетам газэты. Прычынаю для такіх дзеяньняў друкарні паслужыла вострая палітычная сатыра, разьмешчаная на першай паласе “Згоды”. У размове з Каралём адзін з кіраўнікоў “Плутас-Маркета” прызнаўся, што не жадае з-за газэты цярпець ад уладаў, у тым ліку – праверку фінансавай дзейнасьці.
Гэта ўжо ня першы выпадак умяшальніцтва кіраўніцтва друкарняў у дзейнасьць незалежнай прэсы. Нагадаем, у канцы жніўня з-за незаконных дзеяньняў кіраўніцтва прыватнай менскай друкарні “Мэджык” быў сарваны выпуск газэты “Рабочы”; зь “белымі плямамі” выйшлі два спэцвыпускі “Предпринимательской газеты”. А напачатку верасьня “белыя плямы” можна было пабачыць на першай паласе газэты “Народная воля”.
Беларуская асацыяцыя журналістаў падкрэсьлівае, што, згодна з артыкулам 4 Закону аб друку, патрабаваньні папярэдне ўзгадняць матэр’ялы ці здымаць іх з друку лічыцца цэнзурай. Цэнзура ж у Беларусі забаронена Законам аб друку і артыкулам 33 Канстытуцыі.