Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Судовыя слуханьні па “справе Завадзкага” пачнуцца 24 кастрычніка 11:10, 24/09/2001
Менскі вабласны суд прызначыў пачатак слуханьняў па справе аб зьнікненьні аператара ГРТ Зьміцера Завадзкага. Як паведаміў “Інтэрфаксу” старшыня суда Георгій Хоміч, першае судовае паседжаньне па гэтай справе адбудзецца 24 кастрычніка. Па ягоных словах, судовы працэс будзе зачыненым. Хоміч таксама адзначыў, што судовыя паседжаньні будуць праходзіць у адной з заляў Вярхоўнага суда рэспублікі. Гэта, па ягоных словах, абумоўлена тым, што ў будынку Менскага вабласнога суда няма вялікіх залаў для судовых паседжаньняў.
Аператар ГРТ Зьміцер Завадзкі зьнік 7 ліпеня 2000 году. Прадстаўнікі сьледзтва лічаць, што яго выкрала банда злачынцаў на чале з былым супрацоўнікам спэцпадразьдзяленьня “Алмаз” МУС Беларусі Валеры Ігнатовічам. Сьледзтвам устаноўлена, што гэтая злачынная група, у якую таксама ўваходзіў і дзейны супрацоўнік “Алмазу”, зьдзейсьніла на тэрыторыі Беларусі сэрыю цяжкіх злачынстваў. У тым ліку і выкраданьне аператара ГРТ.
Падрабязнасьці злачыннай дзейнасьці гэтай групы выкладзеныя ў 38 тамах справы, якая ў агуле скаладае 25 эпізодаў. У рамках справы было праведзена 170 экспэртызаў і апытана каля 1000 сьведкаў, у тым ліку 500 – па факту зьнікненьня Завадзкага.
Прадстаўнікі сьледзтва лічаць, што матывам зьдзяйсьненьня злачынства зьяўляецца “помста” з боку Ігнатовіча за тое, што Завадзкі ў інтэрвію “БДГ” фактычна падцьвердзіў факт удзелу Ігнатовіча ў ваенных дзеяньнях у Чачні на баку баевікоў.
Па матэр’ялах крымінальнае справы, выкраданьне Зьміцера Завадзкага ажыцьцяўлялася “па дарозе зь Менску ў аэрапорт”, куды ён ехаў сустракаць карэспандэнта ГРТ Паўла Шарамета. На дадзены момант экспертыза пастанавіла, што на рыдлёўцы, канфіскаванай у аўтамашыне Валеры Ігнатовіча, ёсьць “біялагічныя вылучэньні”, якія належаць Завадзкаму. Злачыннай групе прад’яўлена абвінавачваньне “ў выкраданьні і незаконным пазбаўленьні волі” Зьміцера Завадзкага. Затрымана чатыры члены злачыннай групоўкі.
Між тым, прадстаўнікі праваахоўчых ворганаў да гэтага часу не даюць адназначнага адказу на пытыньні, ці жывы Зьміцер Завадзкі і дзе ён знаходзіцца, а калі загінуў, то дзе схаванае ягонае цела.
Раней былыя супрацоўнікі беларускай пракуратуры Зьміцер Петрушкевіч і Алег Случак, якія працавалі ў сьледчай групе па справе Завадзкага, заявілі пра тое, што аператар ГРТ забіты, і ягоны труп зарыты ў раёне Паўночных могілак на ўскрайку Менску. У датычнасьці да выкраданьня і забойства вядомага журналіста яны абвінавацілі створаны ўладамі для ліквідацыі палітычных апанентаў “эскадрон сьмерці”.