Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Кругласуткавае дзяжурства на месцы будаўніцтва кружной дарогі ва ўрочышчы Курапаты з 24 верасьня наладзілі сябры Маладога фронту. Сёньня ранкам да іх далучыліся лідэры шэрагу іншых грамадзкіх арганізацыяў Беларусі. Такім чынам, новы канфлікт на месцы масавых пахаваньняў ахвяраў сталінскага генацыду пагражае перарасьці ў зацятае супрацьстаяньне, калі ўлады тэрмінова ня спыняць разбурэньне магілаў.
Вэб-сайт, прысьвечаны лёсу зьніклага больш за год таму ў Беларусі аператара ГРТ Зьміцера Завадзкага, зьявіўся нядаўна на адрэсе www.geocities.com/free_belarus/Zavadsky. На сайце разьмешчаная ўся інфармацыя, датычная зьнікненьня Зьміцера: з таго дня, як журналіст прыехаў у аэрапорт “Менск-2” сустрэць свайго калегу і зьнік бяз зьвестак, і сканчваючы доказамі датычнасьць да выкраданьня Завадзкага чыноўнікаў вышэйшага рангу, уключна з самім Аляксандрам Лукашэнкам. Інтэрнэт-рэсурс прысьвячаецца таксама сям’і Зьміцера Завадзкага – ягонай жонцы Сьвятлане і 10-гадоваму сыну Юры, які вось ужо другі год жывуць у пакутлівым чаканьні вяртаньня Дзімы, што так раптоўна зьнік 7 верасьня 2000 году. На сайце можна пабачыць мноства фотаздымкаў, як Дзімы, так і ягонай сям’і. Сайт створаны на ангельскай мове.
Рэдакцыя незалежнай газэты “Брестский курьер” учора атрымала па пошце афіцыйнае папярэджаньне ад Дзяржаўнага камітэту па справах друку. Дзржкамдрук даў выданьню папярэджаньне за тое, што рэдакцыя нібы парушыла артыкул 5 Закону аб друку, апублікаваўшы зварот пад назовам “Спыніце перасьлед дэмакратычных кандыдатаў у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь!”
У судзе Ленінскага раёну Берасьці пачаўся разгляд справы назіральніка ад праваабарончага цэнтру “Вясна” Рыгора Варвашэвіча, якога абвінавачваюць у спробе сарваць прэзыдэнцкія выбары на адным з участкаў гораду. Варвашэвіча супрацоўнікі міліцыі затрымалі вечарам 9 верасьня, калі ён спрабаваў патрапіць на выбарчы ўчастак №11, дзе ў гэты час праходзіў падлік галасоў.
З 25 верасьня канцэрн “Белнафтахім” усталяваў новыя аптовыя кошты на нафтапрадукты. З сёньня аптовы кошт тоны аўтабензіну А-76 каштуе 256 тысячаў 416 рублёў, аўтабензіну-92 - 441.864, дызельнага паліва - 227.664 і мазуту - 126.072 рублёў. Павышэньне коштаў адбылося ў адпаведнасьці з чарговай пастановай Міністэрства эканомікі. У апошні раз аптовыя кошты на нафтапрукты павышаліся 22 чэрвеня.
Бюро па дэмакратычных інстытутах і правох чалавека АБСЭ заклікала беларускія і ўкраінскія ўлады правесьці незалежнае расьсьледаваньне забойства ўкраінскага журналіста Георгія Гангадзэ і зьнікненьняў некалькіх чалавек, уключна зь вядомымі апазыцыйнымі палітыкамі ў Беларусі. “Я заклікаю ўрад Беларусі і Ўкраіны дазволіць правесьці незалежнае расьсьледаваньне гэтых нерасьледаванных справаў”, - заявіў глава БДІПЧ АБСЭ Герар Студманн пасьля сустрэчы зь Міраславай Гангадзэ, удавой Георгія Гангадзэ, і жонкамі зьніклых беларускіх палітыкаў у рамках штогадовай канферэнцыі па правох чалавека, якая праходзіць у Варшаве. “Непрымальна тое, што мы да гэтага часу нічога ня ведаем ні пра тое, хто стаяў за забойствам Гангадзэ, ні што здарылася з тымі, хто зьнік у Беларусі”.
Учора на сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі Савету Эўропы ў Стразбургу заслухваўся даклад аб выніках назіраньня за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Сваю ацэнку прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі выказаў член бэльгійскага парлямэнту Стэфан Горыс, які ўзначальваў дэлегацыю назіральнікаў Парлямэнцкай Асамблеі Савету Эўропы на гэтых выбарах. На думку Горыса, выбары ў Беларусі не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Яны не адпавядалі стандартам Савету Эўропы, аднак ён выступіў супраць палітыкі ізаляцыі Беларусі. Выказаў сваю ацэнку прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і старшыня ПАСЭ лорд Рассэл-Джонстан: “Няма ніякага сумневу, што вынікі выбараў былі сфальсыфікаваныя. Вельмі благімі былі адносіны да СМІ, і вельмі благімі былі адносіны да апазыцыі. Я думаю, што нам варта перагледзіць эфектоўнасьць таго, што мы робім адносна Беларусі. Я ведаю, што ёсьць намер правесьці пераацэнку ў Палітычным камітэце і прыняць рашэньне: ці працягваць тое, што мы рабілі і надалей, ці якімсьці чынам зьмяніць. Не хачу прадказваць. Лічу, што будзе правільна, калі адразу ж пасьля выбараў Палітычны Савет перагледзіць свае пляны”, - заявіў ён у інтэрвію Радыё Свабода.
Працягваецца сьледзтва па крымінальнай справе, узбуджанай супраць незалежнай гарадзенскай газэты “Пагоня”. На выходных газэта атрымала папярэджаньне ад абласной пракуратуры. Папярэджаньне было вынесена ў сувязі з публікацыяй двух артыкулаў у 36-м нумары газэты, у тым самым нумары, які быў канфіскаваны ў друкарні. Па факце публікацыі гэтых артыкулаў і ўзбудзілі крымінальную справу аб паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Галоўны рэдактар газэты “Пагоня” Мікалай Маркевіч лічыць, што дадзенае папярэджаньне – гэта ня толькі спроба аб закрыцьці выданьня. Ініцыятар закрыцьця – тая ж абласная пракуратура.
Беларускі Гэльсынскі камітэт, а таксама выбаршчыкі Гары Паганяйла і Алег Гулак накіравалі ў Вярхоўны суд Беларусі скаргу на пастанову Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэферэндумаў аб выніках выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 верасьня 2001 году. Скарга (bhc.unibel.by) ў аб’ёме складае больш за 1000 старонак і ўключае аналіз заканадаўчай базы выбараў, парушэньня заканадаўства пры фармаваньні выбарчых камісіяў, прызрыстасьці выбараў, парушэньні пры вылучэньні і рэгістрацыі кандыдатаў, агітацыйнай кампаніі, выкарыстаньня адміністратыўнага рэсурсу, перасьледу ўдзельнікаў выбараў, галасаваньня датэрміновага і ў дзень выбараў, яго таемнасьці і падліку вынікаў.
Лепшыя беларускія форварды Аляксандар Хацкевіч і Вялянцін Бялькевіч адмовіліся ад прапановы Эдуарда Малафеева сыграць за зборную Беларусі ў апошнім вырашальным матчы адборачнага цыклу чэмпіянату сьвету 2002 году ва Ўэльсе. 1 верасьня на сустрэчы паміж камандамі Беларусі і Ўкраіны адбыўся канфлікт паміж галоўным трэнерам зборнай і галоўнымі ігракамі. У выніку Хацкевіч і Бялькевіч былі выведзены са складу каманды і ў наступным матчы з Польшчай удзелу ўжо не прымалі. Чатыры дні таму Эдуард Малафееў уключыў гэтых ігракоў у сьпіс кандыдатаў на матч з Уэльсам. Аднак футбалісты адмовілі і патлумачылі, што зараз яны ня могуць выступіць за зборную, паколькі адчуваюць незаслужаную крыўду, спустошаныя маральна і цалкам сябе счарпалі.
Калі б не Аляксандар Лукашэнка, у Менску так бы ніхто і не даведаўся, што тэндэр на другую ліцэнзію аператара мабільнай сувязі стандарту GSM у краіне выiграла расейскае АТ “Мабільныя Тэлесыстэмы” (МТС). Міністэрства сувязі Беларусі захоўвала працэс правядзеньня тэндэру ў такой тайне, што многія пачалі сумнявацца ў ягоным сканчэньні. Праўда, Мінсувязі нядаўна паабяцала, што пераможца стане вядомым адразу пасьля інаўгурацыі Лукашэнкі, якая адбылася 20 верасьня. Як менавіта зьвязаны тэндар з інаўгурацыяй, паштовае ведамства не патлумачыла, калі не прымаць сур’ёзна ягоную заяву аб тым, што “падразьядзленьні і кіраўніцтва Мінсувязі будзе забясьпечваць рознымі, у тым ліку і спэцыяльнымі відамі тэлекамуніцыйнага сэрвісу і сувязьзю правядзеньнне інаўгурацыі”.