Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
У Салігорску ўдзельнікі руху ЗУБР і арганізацыі “Моладзь АГП” правялі акцыю пратэсту супраць замарожваньня будаўніцтва комплексу сярэдняй школы №13. Акцыя праводзілася ў тры этапы. На працягу мінулага тыдня члены руху ЗУБР і філіі “Моладзь АГП” пад зваротам да Аляксандра Лукашэнкі і старшыні гарвыканкаму Ганне Лаврукевіч сабралі каля тысячы подпісаў салігорскіх школьнікаў, якія патрабавалі ўзнавіць будаўніцтва комплексу сярэдняй школы. Другім этапам стала ўручэньне 20 юнакамі й дзяўчатамі згаданага звароту кіраўнікам гарвыканкаму, што ўчора ў другой палове дня і зрабілі актывісты ЗУБРа і “Моладзі АГП”.
Як вынікае са звароту, будаўніцтва комплексу сярэдняй школы №13 пачалося яшчэ ў першай палове 90-х гг. Але справа далей за некалькі мэтраў бетоннай кладкі так і не пайшла. У дакумэнце згадваецца, што гарвыканкам знаходзіць грошы на будаўніцтва праваслаўнага храма, дзеля гэтага нават уведзены адпаведны пададатак для прадпрыемстваў на ўсялякія агульнагарадзкія сьвяты, кірмашы, запрашэньні ў Салігорск маскоўскіх артыстаў. А вось да будаўніцтва школы рукі не даходзяць.
Адзінае, падчас выбараў у “палату прадстаўнікоў” і падчас прэзыдэнцкіх выбараў чыноўнікі, даверанныя асобы абяцалі салігорцам ажыцьцявіць будаўніцтва школы.
Аднак учора маладыя хадакі ад першага намесьніка старшыні гарвыканкаму абяцаньняў не пачулі. “Ёсьць аб’екты, якія былі распачатыя значна раней, чым школы, яны яшчэ ня скончаныя. Спачатку будуць прафінансаваныя гэтыя аб’екты, а пасьля школа”, - заявіў чыноўнік ў інтэрвію Радыё Свабода.
Пасьля такога адказу каля 20 членаў руху ЗУБР пачалі трэці этап акцыі. Юнакі й дзяўчаты падзяліліся на групы і на вуліцах у розных частках гораду пачалі раздачу ўлётак, праз якую папрасілі бацькоўскую грамадзкасьць гораду патрабаваць ад гарвыканкаму пабудаваць, нарэшце, сярэднюю школу і выканаць тым самым прадвыбарчыя абяцаньні ўладаў.
Ад сёньняшняй акцыі моладзі старшыня аддзяленьня АГП Ларыса Насановіч і Беларускага Гэльсынскага камітэту Леанід Мархотка сказалі, што ўладам павінна быць сорамна, што салігорскія дзеці праз такія акцыі змагаюцца за сваё права на адукацыю ў цывілізованых умовах.