|
|
||||||||||||||||||||
![]()
УСЕ ПРАЕКТЫ
|
Зьміцер Бандарэнка: “Маё сумленьне чыстае” 11:01, 12/11/2001, “Белорусская газета” У мінулую суботу Зьміцер Бандарэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі прэсы абверг заявы Фядуты аб прысваеньні апазыцыяй 24 млн. даляраў, выдзеленых заходнімі фондамі на падтрымку беларускіх дэмакратычных структур. Напярэдадні Бандарэнка пагадзіўся адказаць на пытаньні кар.”БГ”, што неяк нас зьдзівіла: раней адносіны з “Хартыяй’97” і ейным каардынатарам неяк ня складваліся. Так што сустрэча пачалася з даўно насьпелага высьвятленьня адносінаў. --Калі памятаеце, я тэлефанавала вам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў з просьбаю пракамэнтаваць іх вынікі. Вы катэгарычна адмовіліся і спаслаліся на тое, што нашаму выданьню камэнтараў даваць ня будзеце. Гэта чаму? --Я сказаў, што ня маю жаданьня даваць камэнтары вам асабіста. Мне падаецца, што вы як журналіст працавалі на рэжым. А “Белорусская газета” ... Я зь недаверам стаўлюся да вашага выданьня, лінія газэты мне не зусім зразумелая. -- Тады чаму пагадзіліся на размову з прыхільнікам рэжыму, які прадстаўляе газэту без канкрэтнай, на ваш погляд, пазыцыі? -- У “Белорусской газете” зараз актыўна абмяркоўваецца тэма грошай апазыцыі. У сваіх апошніх артыкулах вы спрабуеце аб’ектыўна разабрацца ў сытуацыі. Акрамя таго, нядаўна ў інтэрвію “Інтэрфаксу” Аляксандар Фядута абвінаваціў каардынатараў “Хартыі’97” ва “узурпацыі і фінансавых махінацыях”. Паколькі я зьяўляюся каардынатарам “Хартыі’97”, то хацеў бы выказацца ў газэце, якая ўжо абмяркоўвае гэтую тэму. Так вось пра Федуту. Ягоныя абвінавачваньні – хлусьня ад першага да апошняга слова. Але справа ў іншым. У сталым закрананьні тэмы грошай апазыцыі я бачу стварэньне пэўнага інфармацыйнага фону, які рыхтуе грамадзкую думку да таго, што з гэтымі злодзеямі-апазыцыянэрамі можа штосьці здарыцца. Як зараз улады камэнтуюць зьнікненьне Захаранкі? Менавіта як камэрсанта. Таму калі з намі ці з нашымі блізкімі што-небудзь здарыцца, адказнасьць за гэта панясе Фядута. Гэты чалавек дзейнічае вельмі нахабна. Ён разумее, што судзіцца з ім у лукашэнкаўскім судзе мы ня будзем. Мне падаецца, што ён выконвае чыйсьці загад, спрабуе вярнуцца ў структуры ўлады. Па сутнасьці, гэты чалавек заўсёды быў нягоднікам. Пры гэтым такую характарыстыку, з якой я цалкам згодны, даў яму Генадзь Карпенка. Фядута – ілжэапазыцыянэр. Такі самы, як Навасяд, Загуменаў, Абрамава, Новікаў, Гайдукевіч. Гэтыя людзі імітуюць апазыцыйнасьць, а па сутнасьці дапамагаюць дыктатуры. --Навошта вашую арганізацыю спрабуюць уцягнуць у фінансавы скандал? --Я думаю, што згадка нашай арганізацыі ў сувязі з грашыма апазыцыі – гэта прызнаньне нашых заслугаў. Зараз спэцслужбы праводзяць зачыстку тэрыторыі, прадпрымаюць спробы ліквідаваць найбольш актыўныя цэнтры апазыцыі і для выкананьня гэтай задачы ня грэбуюць ніякімі сродкамі. Вы памятаеце 97-ы год, калі сядзеў у турме Шарамет, калі журналістаў вывозілі ў лес супрацоўнікі службы бясьпекі, калі зачыняліся газэты? Тады незалежныя журналісты падтрымалі ідэю стварэньня “Хартыі’97” у спробе адстаяць незалежную прэсу і аб’яднаць апазыцыю. Аргкамітэт “Хартыі’97” шмат зрабіў для зьяўленьня Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў і правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Мы заўсёды працавалі на аб’яднаньне апазыцыі. Але самае галоўнае для нас было – дапамагаць людзям. Мы сутыкнуліся з тым, што сотні маладых людзей траплялі ў турмы за ўдзел у апазыцыйнай дзейнасьці, выключаліся з універсытэтаў, яны ня мелі магчымасьці атрымаць юрыдычную і матэрыяльную дапамогу. “Хартыя” зрабіла шмат для сямей палітвязьняў, для аказаньня дапамогі рэпрэсаваным. Нашу ідэю падхапілі іншыя праваабарончыя арганізацыі, і сёньня можна казаць пра тое, што людзi не застаюцца адзін на адзін са сваімі праблемамі – ці то штрафы, ці страта працы, ці іншыя праявы рэпрэсіяў. У гэтым—самая вялікая заслуга “Хартыі’97”. У 1999 г., калі памёр Карпенка, калі зьніклі Захаранка, Ганчар, Красоўскі, мы атрымалі інфармацыю, што рыхтуецца фізычная ліквідацыя міжнароднага каардынатара “Хартыі’97” Андрэя Саньнікава. На нас быў учынены напад “баркашоўцаў”, і я магу дакладна сказаць: Саньнікава ня білі – яго забівалі. Зараз яны вырашылі выкарыстоўваць іншыя мэтады. -- Ці маеце вы інфармацыю аб аб’ёмах рэальнага фінансаваньня апазыцыі падчас выбарчай кампаніі? -- У нашай краіне ёсьць багатыя людзі, і яны аказваюць дапамогу падчас гэтай кампаніі. Вядома, былі і іншыя крыніцы фінансаваньня. Аднак я ня буду казаць ні пра іншыя структуры, якія атрымоўвалі грошы, ні адносна сумаў. Ня буду палягчаць працу Савету Бясьпекі. У апоші час у краіне мусіруюцца чуткі пра нейкія 24 млн. даляраў, нібы выдзеленых ЗША апазыцыі на правядзеньне “югаслаўскага варыянту”. Але гэта чарговае “передергивание” фактаў. Рэальныя аб’ёмы дапамогі Беларусі сапраўды супаставімыя з гэтымі лічбамі і складаюць каля 22 млн.даляраў. Гэтая інфармацыя не сакрэт. Аднак 12 млн.гэтай сумы – гуманітарныя дапамога, медычныя праграмы, дапамога пацярпелым ад Чарнобылю рэгіёнам, увоз лекаў і абсталяваньня. 6 млн.дал. – дапамога СМІ: радыёстанцыям і газэтам. Калі журналістам цікава – яны могуць пацікавіцца ў галоўных рэдактараў “БДГ”, “Народнай волі”, “Нашай свабоды”, “Свободных новостей” і іншых газэтаў, ці так гэта. На ўсе беларускія недзяржаўныя арганізацыі прыпадае каля 1 млн. даляраў. І размова йдзе, заўважце, ідзе пра сотні арганізацыяў рознага накірунку. Уся гэтая дапамога аказваецца ў адпаведнасьці з дамоваю паміж урадамі ЗША й Беларусі. --Калі дазволіце, яшчэ некалькі пытаньняў аб вашай арганізацыі. “Хартыя’97” пачыналася як грамадзянская ініцыятыва, з тэкста дэклярацыі аб неабходнасьці разьвіцьця дэмакратыі ў краіне. Колькі чалавек яе падпісала? -- Больш за 113 тыс. Але гэта ня члены “Хартыі’97”, гэтыя людзі падпісалі дакумэнт, у якім былі выкладзеныя пэўныя прынцыпы. Хтосьці абмежаваўся подпісам дакумэнту. Хтосьці стаў актывістам “Хартыі’97”. --Хто выбіраў кіраўніцтва арганізацыі? --Ніхто не выбіраў. Размова йдзе пра самаабвяшчэньне, пра асабістую ініцыятыву, аб праяўленьні грамадзянскай пазыцыі. Асноўныя крытэрыі – актыўнасць і працаздольнасьць. Мы ня любім доўгіх размоваў і аддаем перавагу канкрэтным справам. Сярод тых, хто стаяў ля вытокаў “Хартыі”, хтосьці застаўся працаваць, хтосьці выйшаў з палітыкі, а хто і працягвае эфектоўна працаваць у іншых арганізацыях. --Ёсьць якая-небудзь справаздачнасьць у вашай дзейнасьці? -- У нашай дзейнасьці можна вылучыць два асноўныя накірункі – праваабарончаы і інфармацыйны. Пра праваабарончы я ўжо казаў. Інфармацыйны уключае ў сябе ў першую чаргу працу вэб-сайту, а таксама распаўсюд альтэрнатыўнай інфармацыі любым чынам. Безумоўна, для гэтай працы патрэбныя сродкі, і мы адказваем за іхняе выкарыстаньне перад тымі, хто іх дае. Хачу паўтарыць: адказваем за выкарыстаньне канкрэтных сродкаў на канкрэтны праэкт. Калі казаць, што мы справаздачныя яшчэ каму-небудзь ці павінны даваць справаздачу нейкім камісіям, то мы кажам катэгарычна – не. Часта мы атрымоўваем дапамогу ад людзей, якія ставяць за ўмову неразгалошваньне такой інфармацыі. Але калі-небудзь іхнія імёны стануць вядомыя народу. Гэта сапраўдныя патрыёты Беларусі. -- З вашага пункту погляду, ці можна скрасьці грант? --Напэўна, можна. Бо ня так проста Федута стаў “экспертам па крадзяжу грантаў”. Ён працаваў ў шматлікіх NGO. Ня ведаю, магчыма, там была атмасфэра разцягваньня грошай. І гэта стала падставаю для ягоных высноваў. --Вы прымаеце ўдзел у палітычным жыцьці, і многім палітыкам, на мой погляд, гэта не падабаецца. -- Напэўна, многім не падабаецца наша актыўнасьць. Для нас важныя канкрэтныя справы. “Хартыя’97” зьяўляецца суб’ектам Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў. Мы займаліся арганізацыяй і правядзеньнем многіх пасьпяховых акцыяў, такіх як “Маршы свабоды”. Мы актыўна падтрымалі байкот выбараў у “палатку”, сумленна адпрацавалі на адзінага кандыдата. -- Ёсьць меркаваньне, што беларуская апазыцыя перашапачаткова не хацела выігрываць прэзыдэнцкія выбары, і была задаволеная тым, што яна мае сёньня. -- Ніхто ня хоча праігрываць. Можна разважаць аб тым, ці ўсё было зроблена для перамогі. Але той факт, што ў ёй былі ўсе зацікаўленыя, у мяне сумневаў не выклікае. -- Незарэгістраваная маладзёвая арганізацыя ЗУБР таксама мае да вас нейкія адносіны? --Мы заўсёды падтрымоўваем “жывыя” ініцыятывы. Мы аказалі пэўную дапамогу маладым людзям, якія стварылі ЗУБР. Але, безумоўна, асноўную працу зрабілі самі хлопцы. -- Яны расчараваныя пасьля выбараў? -- Думаю, так. Калі хто і верыў у перамогу, так гэта ЗУБР. Я ўпэўнены, што за гэтым рухам – будучыня. --Занадта шмат надзеяў у пачатку прадвыбарчай кампаніі ўскладалася на “старых” палітыкаў. Калі стала відавочна, што з пушак сыплецца труха, моладзь паспрабавала выратаваць сытуацыю, але безвынікова. Чаму так здарылася? --Бяда ў тым, што апазыцыя так і ня здолела аб’яднацца. Рэжым адхіліў людзей, якія маглі скласьці яму рэальную канкурэнцыю. Карпенка, Захаранка і Ганчар лёгка перамаглі б Лукашэнку. Уся сёлетняя прадвыбарчая кампанія – гэта шлях кампрамісаў. Мы баяліся, што Ганчарык не апраўдае ўскладзеных на яго надзеі, але выбар адзінага кандыдата быў важным, і мы яго падтрымалі. Было пакладзена шмат часу на выбары адзінага кандыдата, на рашэньне аргпытаньняў. Я магу сказаць, што наша сумленьне чыстае. Мы зрабілі ўсё, што маглі. Хоць адказнасьць за паразу ляжыць і на нас. Параза для нас стала шокам. --Вось гэта ўжо штосьці новенькае. Раней мне даводзілася чуць: а ты што, сумнявалася ў перамозе Лукашэнкі? --Насамрэч, па дадзеных сур’ёзных сацыялягічных служб, за Лукашэнку прагаласавала 47% выбаршчыкаў, за Ганчарыка – 40%. Павінен быў адбыцца другі тур. Але за гэта трэба было змагацца. Мы лічылі, што вялікую ролю павінна была адыграць “вуліца”. У адрозьненьні ад “статусных” палітыкаў, якія лічылі за галоўнае дамовіцца з намэнклятурай і забясьпечыць сыстэму назіраньня. Ніхто з нас і ў страшным сьне ня мог уявіць, што ўжо а дзесятай гадзіне вечара 9 верасьня прадстаўнікі штабу адзінага кандыдата будуць заклікаць людзей разыйсьціся. Гэта было неверагодна. Тады гэта ўспрымалася як здрада. Хоць, напэўна, намэнклятурныя апазыцыянэры проста ня ведалі, што рабіць з “вуліцай”. Яны баяліся яе. -- Што будзеце рабіць зараз? -- Займацца падрабязным аналізам прадвыбарчай кампаніі. Бо не Лукашэнка выйграў, а апазыцыя прайграла. Але шанец на посьпех у нас ёсьць. Дыктатар ведае, што вынікі выбараў падтасаваныя, “вертыкаль” ведае, што іхны “правадыр” не набраў і 50%, а народ бачыць, што ягонае жыцьцё не становіцца лепей. Такая сытуацыя ня можа працягвацца доўга. Усё трэба пачынаць спачатку. 22 кастрычнiка 2001 г. “Белорусская газета”
1998-2007 © Хартыя'97. E-mail: charter@charter97.org Паважаныя кaлегi, нагадваем вам, што пад час выкарыстаньня матэрыялаў сайта спасылка на прэсавы цэнтар Хартыi'97 абавязковая Рэкляма на сайце. Тэхнічная падтрымка webmaster@charter97.org. Экспарт навiнаў
|