Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Вышэйшы гаспадарчы суд закрыў газэту “Пагоня” 11:10, 13/11/2001, Радыё Свабода
Вышэйшы гаспадарчы суд пастанавіў закрыць незалежны гарадзенскі тыднёвік "Пагоня". Судзьдзя Жандараў задаволіў пазоў Гарадзенскай абласной пракуратуры, якая некалькі месяцаў таму ініцыявала ліквідацыю выданьня "ў інтарэсах дзяржавы". "Гэтага ня можа быць!" — усклікнуў галоўны рэдактар "Пагоні" Мікола Маркевіч, калі судзьдзя Вышэйшага гаспадарчага суду Жандараў зачытаў пастанову: спыніць дзейнасьць юрыдычнай асобы і сродкаў масавай інфармацыі.
Гісторыя з закрыцьцём выданьня распачалася яшчэ 17 лістапада мінулага году, калі "Пагоні" было вынесенае папярэджаньне за распаўсюджаньне заявы незарэгістраванага аб`яднаньня "Грамадзянскія ініцыятывы". Амаль праз год, 5 верасьня, увесь наклад выданьня быў арыштаваны ў друкарні. "Пагоню" абвінавацілі ў публікацыі паклёпніцкіх матэрыялаў на Аляксандра Лукашэнку. На газэту была заведзеная крымінальная справа, а таксама ёй вынесьлі чарговае папярэджаньне. Паводле беларускага заканадаўства, якраз пасьля двух папярэджаньняў выданьне можа быць закрытае, аб чым і быў накіраваны спазыск у Вярхоўны гаспадарчы суд.
Падчас выступу бакоў спадар Маркевіч падкрэсьліваў, што задавальненьне пазову Гарадзенскай абласной пракуратуры стане ганьбай для беларускай юрыспрудэнцыі і агідным фактам у гісторыі беларускай журналістыкі. Аднак спадар Жандараў да гэтых заклікаў не прыслухаўся.
Мікола Маркевіч у сваім камэнтары выказаў меркаваньне, што суд зноў выканаў палітычны заказ. Фактычна, на прыкладзе "Пагоні" адпрацоўваюцца варыянты, як эфэктыўна і эфэктна закрываць газэты, як зрабіць так, каб іншадумцы задумаліся, ці варта ім працягваць сваю дзейнасьць.
Абарона кажа, што Вышэйшы гаспадарчы суд сваім рашэньнем парушыў закон, калі задаволіў пазоў пракуратуры. Каб ліквідаваць выданьне, патрэбна тры папярэджаньні. Адвакаты газэты перакананыя, што папярэджаньне толькі адно. А два астатнія, альбо незаконныя альбо яшчэ не ўступілі ў сілу.
Цяпер абарона мае абскардзіць рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду. Гэта павінна адбыцца бліжэйшым часам. А пакуль Мікола Маркевіч будзе выдаваць газэту "Пагоня" ў iнтэрнэце.