Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
БАЖ пратэстуе супраць закрыцьця газэты “Пагоня” 11:21, 13/11/2001
Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла сёньня з пратэстам супраць закрыцьця газэты “Пагоня” - аднаго з першых незалежных беларускіх выданьняў. Як паведамляе прэс-служба БАЖ, Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвязвае закрыцьцё газэты “Пагоня” і ліквідацыю ейнай рэдакцыі з абяцаньнем Аляксандра Лукашэнкі “разобраться” з незалежнай прэсай пасьля выбараў. У тым самым шэрагу знаходзяцца расьсьледаваньне крымінальнае справы, узбуджанай па факце публікацыі прадвыбарчых матэрыялаў у газэце “Рабочы”, і адмаўленьне гаспадарчага суда ад разгляду зыска рэдакцыі газэты “Брестский курьер” да Міністэрства інфармацыі аб прызнаньні папярэджаньня несапраўдным.
БАЖ заяўляе, што нягледзячы на тое, што падставамі для закрыцьця газэты й ліквідацыі рэдакцыі пракуратура назвала неаднаразовыя парушэньні газэтай заканадаўства аб друку, насамрэч, на момант звароту пракуратуры ў суд (“у інтарэсах дзяржавы ў асобу Дзяржкамітэту па друку”) у адрас рэдакцыі было вынесена толькі адно афіцыйнае папярэджаньне (напрацягу года) за публікацыю звароту незарэгістраванай у ворганах юстыцыі арганізацыі “Гарадзенскiя ініцыятывы”.
Калі ў судовым працэсе высьветлілася, што гэтага недастакова для закрыцьця газэты, пракуратура Гарадзенскай вобласьці вынесла газэце другое папярэджаньне (ад 21 верасьня 2001г.) за публікацыю тых самых матэрыялаў, якія паслужылі падставаю для ўзбуджэньня крымінальнае справы. Паводле інфармацыі БАЖ, пракуратуру не зьбянтэжыў той факт, што расьсьледаваньне па дадзенай справе ня скончана і адсутнічае судовае рашэньне, якое падцьвярджае факт парушэньня газэтай заканадаўства. Не спыніла яе і тое, што ўвесь наклад нумара газэты, у якой бы ўтрымліваліся ўказаныя публікацыі, быў канфіскаваны з друкарні, у выніку чаго газэта так і не дайшла да чытачоў.
Рэдакцыя газэты “Пагоня” абскардзіла папярэджаньне, вынесенае пракуратурай, у гаспадарчы суд Гарадзенскай вобласьці, аднак Вышэйшы гаспадарчы суд прыняў скаргу да разгляду і аб’яднаў з зыскам пракуратуры аб закрыцьці газэты. У судовым разьбіральніцтве судзьдзя В.Жандараў прызнаў гэтае папярэджаньне законным і абгрунтаваным, нягледзячы на тое, што факт паклёпу адносна прэзыдэнта ня быў даказаны ў вызначаным парадку. Вынясеньне гэтага рашэньня Вышэйшым гаспадарчым судом зрабіла магчымым абскарджаньне яго ў касацыйным парадку. Яшчэ да суда Міністэрства інфармацыі (раней – Дзяржкамітэт па друку), у інтарэсах якога быў прад’яўлены зыск аб закрыцьці газэты й ліквідацыі рэдакцыі, ад зыску адмовілася. Падчас судовага разьбіральніцтва гэтая пазыцыя міністэрства засталася нязьменнай.
Тым ня менш, заяўляе БАЖ, Вышэйшы гаспадарчы суд не прыняў на ўвагу аргумэнты прадстаўнікоў рэдакцыі газэты “Пагоня” і Міністэрства інфармацыі і адначасова з прызнаньнем папярэджаньня пракуратуры абгрунтаваным, вынес рашэньне аб закрыцьці газэты й ліквідацыі рэдакцыі.
Пасьля закрыцьця ў лістападзе 1997 году газэты “Свабода”, якое пацягнула за сабой грамадзкі рэзананс, беларускія ўлады пазьбягалі закрыцьця газэт такім чынам.
Такія дзеяньні беларускіх уладаў, як заяўляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, ставяць пад сумнеў дэкляраванае імі імкненьне да грамадзкага дыялёгу й лібералізацыі ўсіх бакоў дзяржаўнага жыцьця.