Вы находитесь на старой версии сайта "Хартия'97 - НовостиБеларуси". Замените, пожалуйста, адрес сайта Хартии в закладках. Для перехода на новый сайт нажмите здесь.
Будаўнікі пагражаюць забастоўкамі 11:03, 14/11/2001, Радыё Рацыя
У адным з упраўленьняў будтрэсту №12 Магілёву пачаліся хваляваньні людзей з-за нявыплаты заробку за верасень. Згодна паведамленьню старшыні арганізацыі Свабоднага прафсаюзу 12-га магілёўскага будтрэсту Аляксея Паўлоўскага, у будаўнічым упраўленьні №56 на 12 лістапада быў заплянаваны пачатак усеагульнай забастоўкі. Брыгадзіры спрабавалі высьвятліць у сваіх начальнікаў, калі будаўнікі і інжынэры атрымаюць заробленыя грошы. Людзям выплацілі толькі па 35 тысячаў рублёў – так званы мінімальны спажывецкі “кошык”.
Забастоўка – здарэньне для любых начальнікаў надзвычайнае, “вертыкаль” за ягонае дапушчэньне карае строга, а таму незадаволенасьць рабочых у любой установе і арганізацыі старанна хаваецца. Так і ў гэтым выпадку – кіраўніцтва будаўнікоў настойвае, што адбылася толькі размова з брыгадзірамі наконт нявыплаты заробленых грошай. Хоць супрацоўнікі ўпраўленьня ў панядзелак пацьвярджалі, што адна будаўнічая брыгада дакладна бастуе, і, верагодна, да яе далучацца іншыя падразьдзяленьні.
Кіраўніцтва будаўнічага трэсту паабяцала, што заробак у хуткім часе выплацяць. Маўляў, рабочым трэба пратрымацца літаральна некалькі дзён. Затрымкі з выплатай заробкаў зьвязаныя з тым, што заказчыкі будаўнікоў не выплочваюць грошай за выкананную працу.
Яшчэ адно непрыемнае для начальства здарэньне адбылося ў магілёўскім будаўнічым трэсьце №12. Трэцяя партыя будаўнікоў, якая павінна была ехаць у Расею, у адну з ваенных частак Падмаскоўя, адмовілася выязджаць да таго часу, пакуль іхным калегам, якія перш там працавалі, ня будуць плаціць заробак.
Які працяг будзе ў гэтай гісторыі – зараз залежыць ад далейшых дзеяньняў беларускіх уладаў і актыўнасьці саміх будаўнікоў.